Так, пытанне патрабавала неадкладнага адказу. I гэта было для Волгіна самым цяжкім. Што б там ні вырашалі астатнія, ён старэйшы, больш вопытны. Яго словы не аспрэчваюцца. Можна забараніць Андрэю, бо пяцьдзясят гадоў — час немалы нават на Зямлі. I ніхто за гэта не асудзіць. Але ці можна забараніць тое, чаго патрабуе ад Андрэя яго годнасць чалавека касмічнай эры? За лёсам жа аднаго Андрэя стаіць лёс цэлага народа.
— Бадай, ты правільна робіш, Андрэй, — нарэшце сказаў Волгін.
— Дзякуй, Сяргей, дзякуй! — усхапіўся Андрэй.
— Пачакай, — спыніў яго Волгін. — Гэта я кажу табе, як твой сябар, як проста Волгін. А як капітан скажу табе адно: да гэтай размовы мы вернемся. На зоркалёце…