— Многа ківі жыве тут? — Волгін паказаў на горы, якія акружалі даліну.
— Паданні гавораць, што выратавалася па адным ківі з кожнай вежы.
— Што за вежы? — не зразумеў Андрэй.
— У вежах жылі ківі. Вежы былі ў паселішчах.
— А тут вас многа? — паўтарыў пытанне Волгін.
Рашат падумаў і няўпэўнена адказаў:
— Ківі жывуць па ўсім Кальцы, а Кальцо вялікае.
— А машыны ў вас засталіся? — спытаў Волгін.
— Машыны загінулі. — Рашат павярнуўся да сцяны, зняў нешта падобнае на сякеру і малаток адначасова. — Ад іх застаўся матэрыял, і мы робім сабе, што трэба.
— Хто кіруе вамі?
— Кіруе? — Рашат яўна не зразумеў пытання.
— Ну, як вы прымаеце рашэнне, агульнае? Напрыклад, каму спускацца ў раўніны? — растлумачыў Андрэй.
— Кожнае паселішча прысылае самага старога і разумнага. Яны і вырашаюць.
— А калі хто не паслухае? — не адставаў Андрэй.
Рашат здзіўлена зірнуў і нічога не адказаў.
— Дзе іншыя ківі, Рашат, з твайго паселішча? — спытаў Волгін.
— Там, — Рашат выглянуў з пячоры і паказаў рукой на горы, парослыя густым хваёвым лесам, — там жывуць ківі. Я тут адзін. Успамінаю паданні, думаю пра наша жыццё. Потым раскажу, што ведаю, маладзейшаму. А ён некалі перадасць іншаму. Ківі будуць ведаць пра сваё жыццё.
Рашат нахіліўся, нібы даючы зразумець, што ён сказаў усё. Або не ведаў, або не хацеў сказаць: ён жа быў хавальнікам сакрэтаў цэлага народа з такім трагічным лёсам.
Касманаўты развіталіся і вярнуліся да гравіплана. А поўныя нявыказанай тугі вочы Рашата, здавалася, засталіся разам з імі. Ад гэтага позірку было неяк няёмка, быццам у нечым яны падманулі надзеі чалавека Мегі, усіх астатніх ківі. І абодва ведалі, што гэтага позірку ім ужо ніколі не забыць.
— Дык што ж усё-такі здарылася, як сталася, што істоты высокай цывілізацыі ў нашым разуменні гэтага слова за тысячу гадоў вярнуліся ледзь не да першабытнага ладу? — не мог супакоіцца Андрэй.
— Пачакай, дай мне апрытомнець, — папрасіўся Волгін. — Ты толькі падумай, што адбылося. Мы сустрэлі чалавека з іншай планеты! Не, не трэба спяшацца. Я павінен абдумаць.
Касманаўты сядзелі ўжо ва ўтульнай каюце. Скрозь шырокія ілюмінатары лілося цемнаватае святло ранняга вечара. За ілюмінатарамі шумеў лес, чарнелі на барвовым небе высокія скалістыя горы. Усё было амаль як на роднай Зямлі, і ад гэтага трагедыя Мегі ўспрымалася неяк асабліва блізка, як свая.
— Думаю, што самае страшнае для іх мінула, хоць яны і жывуць усе гэтыя гады пад вялікай пагрозай. — Волгін сядзеў узрушаны і нязвыкла неспакойны. — Цывілізацыя адродзіцца. Самастойна. Нават калі мы і не ўмяшаемся і не дапаможам ім. Тым, што выжылі, захавалі арганізаванасць у такім гаротным становішчы, ківі даказалі гэта. А на тваё пытанне, што здарылася, мы павінны самі знайсці адказ. I вось, на маю думку, чаму. Тых, хто ведаў сапраўдную ісціну, даўно ўжо няма. Ісціна перажыла іх не на многа. Яна хутка абрасла дадатковымі дэталямі і ператварылася ў легенды, адну з якіх мы сёння пачулі.
— Але ж ва ўсякай легендзе ёсць рацыянальнае зерне, — заўважыў Андрэй.
— Безумоўна. — Волгін устаў, узяў з паліцы чорную скрыначку, пакратаў кнопкі, якія былі на яе вечку, і зноў сеў у крэсла.
Па каюце, раптоўна парушыўшы ўстаялую цішыню, паплылі магутныя гукі. Волгін заплюшчыў вочы, увесь аддаючыся музыцы. Гэта быў самы любімы яго твор — сімфонія «Гімн Чалавеку». Ён заўсёды слухаў яе ў хвіліны глыбокага роздуму. Сімфонія была напісана амаль два стагоддзі назад і з таго часу ўладарыла на Зямлі. Але асабліва яе любілі астралётчыкі. Яна стала для іх як талісман, які яны заўсёды бралі з сабой, адпраўляючыся ў прастору. Сімфонія нібы ўваскрашала ўсю цяжкую і складаную гісторыю чалавецтва, пошукі і перамогі, няўдачы і надзеі, якія не маглі не прывесці і ўрэшце прывялі да ўзвышэння чалавека і над прыродай, і над самім сабой.
Прагучаў фінал. Волгін нехаця расплюшчыў вочы, выпрастаўся, нібы сеў за камандны пульт, і загаварыў: