— Мы перамаглі смерць, — першым схамянуўся Андрэй.
Мяганін падышоў да яго, дакрануўся да скафандра, памацаў гермашлем і сказаў:
— Смерць мацнейшая за вас.
Андрэй зірнуў на Волгіна. Той, зразумеўшы, згодна кіўнуў. Андрэй адкінуў гермашлем, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае і чыстае горнае паветра. Яно мела ў сабе і пах азону, і нейкі незнаёмы, прыемны водар, ад якога на імгненне закружылася галава. Але Андрэю не было калі аналізаваць уласныя адчуванні. Ён зірнуў на мяганіна і ўсміхнуўся, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што нічога небяспечнага няма.
Цень роздуму прамільгнуў па твары мяганіна. Ён пастаяў крыху, задумлівы і, здавалася, далёкі ад усяго. Потым рашуча адышоў убок, адкрываючы ўваход у пячору.
Гэта выглядала як дазвол, запрашэнне, і людзі, захапіўшы з сабой робата-перакладчыка, увайшлі.
Убранне пячоры было сціплае, нават беднае. Можна было падумаць, што яны трапілі ў жыллё першабытнага чалавека Зямлі. Шкура-посцілка, нешматлікі керамічны посуд. I толькі металічная зброя не пасавала да выгляду пячоры.
Людзі пакланіліся гаспадару, які ўвайшоў следам за імі, і назвалі сябе. Выслухаўшы пераклад, мяганін крыху падумаў і вымавіў:
— Рашат.
Робат добрасумленна паведаміў: «Апошні». Волгін сур’ёзна папрасіў мяганіна паўтарыць сваё імя і адключыў на хвіліну робата. У цішыні пячоры выразна прагучала: «Рашат».
Шырокім жэстам Рашат прапанаваў гасцям сесці на гладкі камень, які, напэўна, служыў тут лаўкай, а сам прымасціўся насупраць. Пачакаўшы, пакуль госці ўсядуцца, ён павярнуўся да робата.
— Некалі мы таксама былі магутныя, але смерць аказалася больш магутнай. Перадай гэта сваім творцам. — Выслухаўшы гукі металічнага голасу, ён дадаў: — I ў нас былі разумныя машыны, пра гэта сведчаць легенды. Але машыны нас не выратавалі.
Волгін узняў руку, запрашаючы Рашата выслухаць яго.
— Мы сустрэліся з вашай бядой. Яна ледзь не забрала нашага таварыша. Але мы адолелі яе.
На бясстрасным дагэтуль твары Рашата раптам праступіла хваляванне.
— Так, вылечылі, — пацвердзіў Андрэй.
— Не ведаю, хто вы, — пасля доўгага маўчання загаварыў Рашат. — Я хачу верыць вам і не магу. Легенды сцвярджаюць іншае: таго, хто захварэе, выратаваць нельга.
Рашат гаварыў павольна, нібы сам быў сведкам усіх тых падзей і зараз аддаваўся ўспамінам. Ён нават прыжмурыў свае вялікія вочы, каб не рассейваць увагу на дробязнае і неістотнае, што акружала яго.
Вось яго расказ, які пераклаў робат.
«Гэта здарылася тады, калі ківі жылі па-за кальцом Вялікіх гор. У іх былі прыгожыя паселішчы, разумныя машыны. Яны жылі вольна, у дастатку, без ніякіх турбот. Ніводная хмара не закрывала ім Аал. Але ківі гэтага здавалася мала. Яны хацелі немагчымага.
У той час жыў юнак па імені Катса. Прыгожы, разумны, няўрымслівы. I была ў яго сяброўка Ляйя. Таксама прыгожая, але вельмі гордая. I сказала яна аднойчы Катсу:
— Я хачу мець зорку. Вунь тую, што заўсёды пачынае свяціць на чорным небе раней за ўсіх.
Катса адказаў:
— Зоркі не належаць ківі. Ніхто яшчэ не кранаўся іх.
Ляйя пакрыўдзілася:
— Ты ж казаў, Катса, што ўсё можаш. Ты хвалько, я не веру больш табе.
Катса быў ганарысты не менш за Ляйю. Ён не сказаў ёй ні слова ў адказ на папрокі. Павярнуўся і пайшоў. А потым знік.
Дзесяць разоў абярнулася Мега вакол Аала, а яго ўсё не было. I не ведала Ляйя, дзе ён, і ніхто не ведаў. Толькі Ляйя нават не цікавілася гэтым і хутка знайшла сабе новага сябра. Але ў той дзень, калі Ляйя нарадзіла сына, нечакана з’явіўся Катса. Узмужнелы, пасталелы і яшчэ больш прыгожы.
— Ты хацела зорку, — сказаў Катса, — вазьмі яе, Ляйя, — і падаў ёй камень, іскрысты, як сама зорка.
— Цябе вельмі доўга не было, Катса, — раўнадушна адказала Ляйя.
Катса імгненне глядзеў на сваю сяброўку і раптам зрабіў тое, чаго не рабіў ніхто на Мезе. Катса ўзлаваўся. Гнеў яго быў такі моцны, што ён не вытрымаў і з усёй сілы ўдарыў каменем аб падлогу.
Усё навокал загуло, загрымела, і многа-многа, як кропелек дажджу, разляцелася іскарак-асколачкаў таго каменя. Наляцеў вецер, падхапіў іх і панёс па Мезе. А там, дзе стаялі Ляйя і Катса, засталася глыбокая яма, поўная вады.
Ківі былі вельмі разумныя, усё ведалі. Але і яны не адразу разгледзелі, якую страшную хваробу разнёс вецер разам з каменнымі іскаркамі. Ды гэта і не дзіўна. На Мезе даўно ніхто нічым не хварэў. А калі смерць пачала забіраць ківі, вучоныя спахапіліся, але зрабіць ужо нічога не змаглі.
Загінулі амаль усе. Толькі нямногім удалося схавацца за кальцом Вялікіх гор, куды нават вецер не здолеў занесці іскарак каменя…»
Рашат паглядзеў на слухачоў, быццам хацеў пераканацца, якое ўражанне зрабіў яго расказ. Убачыўшы іх засяроджаныя твары, ён працягваў:
«З таго часу і жывуць ківі тут. Кожны раз, як Мега робіць дзясяты абарот вакол Аала, самы смелы юнак адпраўляецца ўніз, у раўніны. Але ніводзін ні разу не вярнуўся. Хвароба ўсё яшчэ ўладарыць над Мегай. Вы першыя прыйшлі адтуль, адкуль да нас можа прыйсці толькі гора».
Рашат змоўк, пакорлівы перад нягодамі і цяжкім лёсам, які выпаў на долю ківі.
— Што яшчэ хочуць ведаць прышэльцы? — пасля працяглага маўчання, відаць, стомлены расказам, спытаў Рашат.