На стале засвяціўся маленькі экран. Потым на ім узніклі контуры вежы, у якой яны знаходзіліся. Яшчэ праз імгненне з’явіліся невыразныя, дрыготкія абрысы постаці, падобнай на чалавечую. Хвіліну-другую было ціха, і раптам пачуўся перарывісты шолах. Ён мацнеў, і вось ужо загучаў, аддаючыся магутным рэхам у высокіх скляпеннях.
— Стоп! — скамандаваў Волгін.
Круміньш выключыў біяімітатар. Экран патух, недзе ў вышыні заціхлі адгалоскі рэха.
— Няўжо мова? — у Андрэя радасна заблішчалі вочы.
— Падобна на тое, — сказаў Волгін. — Давайце зноў паслухаем.
Яны абпраменьвалі стол некалькі разоў, і кожны раз чулі адны і тыя ж гукі, падобныя па тоне і тэмбры, і ледзь прыкметныя паміж імі паўзы рознай працягласці. Гэтага было недастаткова, каб малетронны мозг зоркалёта здолеў расшыфраваць сэнс гукаў. Але заўсёды, калі на экране з’яўляўся адбітак фігуры, чулася адно і тое: «Туа». Гэта была ўжо зачэпка.
— Вернемся на базу, — прапанаваў Волгін.
— Дазволь, я застануся, — папрасіў Андрэй. — Гэта ж адна, толькі першая знаходка.
— Не, Андрэй, — сказаў капітан. — Нешта не падабаецца мне тут. Можа, калі даведаемся што-небудзь больш пэўнае, тады прадоўжым пошукі ў гэтым горадзе.
Зноў касманаўты неахвотна падпарадкаваліся рашэнню капітана. Іх цікавілі рэшткі чужога жыцця, а ўсё астатняе здавалася неістотным. Бо што магло пагражаць ім, усясільным зямлянам, узброеным самай дасканалай тэхнікай? А Волгіным кіравала толькі асцярожнасць.
Магутны малетронны мозг зоркалёта працаваў дваццаць шэсць гадзін, перабраўшы трыльёны камбінацый. На планеце надышла ўжо другая ноч, калі нарэшце расшыфроўка гукаў была закончана і знясіленыя чаканнем людзі пачулі:
«Туа… Наступным. Цемень нясе Мегу буну. Вежы не ратуюць. Ківі спяшаюцца… поўначы Мегі Нябесныя горы. Туа застаўся…»
Дынамік змоўк.
— Небагата, — расчаравана прамовіў Круміньш.
— Але ж у гэтым адчуваецца пэўны сэнс, — ад хвалявання Андрэй не мог уседзець на месцы, — яго трэба толькі зразумець.
— Малавата тэксту, — паківаў галавой Юрзінаў, далучаючыся да Круміньша. — Як думаеш, капітан?
— А дзе ўзяць больш? — усміхнуўся Волгін. — Мы павінны абысціся тым, што маем.
— Вядома, — горача загаварыў Андрэй. — Адно можна сказаць ужо з пэўнай падставай: жыхара планеты, які пакінуў нам свой голас і астанкі якога мы знайшлі, звалі Туа.
— I не толькі гэта. Упэўнены, што планета ў іх называлася Мега, — падказаў Волгін.
— А ён, Туа, папярэджваў кагосьці, — зрабіў вывад Андрэй.
— Але каго і аб чым? — не здаваўся Круміньш.
— Вось аб гэтым мы павінны здагадацца, — твар Волгіна пасуровеў. — Туа, мне здаецца, не толькі папярэджваў. Пра небяспеку, відаць, ведалі і без яго. Магчыма, ён запісваў падзеі і мімаволі стаў для нас летапісцам.
Волгін павярнуў лімб тэлеўстаноўкі. На экране ўзнік горад, якім яны яго бачылі — прыгожы і мёртвы, поўны невыказнага суму.
— Летапісцам нейкіх трывожных, бадай, трагічных падзей, — ціха сказаў Волгін. — Звярніце ўвагу на фразу: «Цемень нясе Мегу буну». Мега — планета, а што такое «буну»?
— Неабавязкова, — загаварыў раптам Юрзінаў. — Дзіўна, каб, напрыклад, мы сказалі: «Цемень нясе на Зямлю небяспеку» або яшчэ лепш — «На поўначы Зямлі Ледавіты акіян».
— Урэшце, Мега ці не, не гэта галоўнае. З таго, што мы ўбачылі, можна зрабіць такі вывад: планету спасцігла няшчасце, катастрофа, пасля якой жыхары пакінулі свае паселішчы. Ці пайшлі яны на поўнач і засталіся там, ці загінулі — мы пакуль не ведаем. Але абавязаны даведацца. Будзем рыхтавацца ў дарогу. Пойдзем мы з Андрэем. — Волгін гаварыў сурова, быццам яму ўжо былі да канца вядомы і прычына і вынікі катастрофы. — Генадзь, пакажы нам фотакартку поўначы планеты. Дзе тыя Нябесныя горы? I прашу, не, нават загадваю быць вельмі асцярожнымі. Што гэта такое «буну»?.. Андрэй, абследуй усіх, і з гэтага дня назначаю абавязковую праверку. Буну… буну…
— У такім харастве? — Генадзю стала смешна ад перасцярог капітана. — Мы ж маем даныя прыбораў.
Волгін уважліва паглядзеў на яго і прамаўчаў. А Андрэй папракнуў:
— Не блазнуй. — Яму не падабалася Генадзева ўзбуджанасць, якая межавала з ліхаманкавасцю. I той учынак недаравальны для навічка, а тым больш для вопытнага астралётчыка. Што гэта: стома, нервы? А можа… — Андрэй так усхваляваўся, што ледзь дачакаўся, пакуль застаўся з капітанам удваіх.
— Кепска, — сказаў Волгін, выслухаўшы яго. — Прыборы былі і ў жыхароў планеты, — успомніў ён спасылку Юрзінава і паўтарыў: — Кепска. Трэба неяк ізаляваць Генадзя на некалькі дзён.
— Але ж ён і так…
— Бачу, — перабіў яго Волгін, — і не магу здагадацца, чаму. У палёце, здаецца, усё было нармальна.
— Планета вельмі падобная на Зямлю, — уздыхнуў Андрэй. — А мы так даўно не былі дома…
Волгін падышоў да таварыша, пагладзіў яго па плячы, сказаў ласкава:
— Такі ўжо наш лёс…
Ад таго, што ён сказаў так проста, без узнёсласці і нібы сам сумуючы, Андрэю стала лягчэй. Каб выказаць сваю ўдзячнасць капітану за гэта, ён паабяцаў:
— Я знайду спосаб. Генадзь не пакрыўдзіцца.
— Вось і цудоўна. Дабранач…