Читаем Зорны камень полностью

Робаты хутка прыстасавалі ўсюдыход для пераправы цераз шырокую мнагаводную раку. Імклівая плынь аднесла касманаўтаў крыху ўлева ад намечанага пункта, і яны высадзіліся на ўзгорак. Горад перад імі быў як на далоні — поўны святла і прасторы, лёгкіх канструкцый. Такое было першае ўражанне. Але чым даўжэй глядзелі на яго людзі, тым больш ён мяняўся ў іх вачах.

Дваццаць-трыццаць будынкаў, здавалася, вырасталі з адзінай асновы — каменнай пліты, што тоўстым карычневым, як падпечаным, блінам ляжала на шэрым пяску. На вуліцах, якія, хутчэй, угадваліся, чым былі на самой справе, не раслі ні дрэвы, ні хмызнякі. Кожны будынак стаяў сам па сабе — высокі, імклівы ў сваёй накіраванасці да неба. А разам — сумная карціна нерухомасці і запусцення, якое адчувалася ў курганках пылу паміж будынкамі, у траве, што сям-там кусцілася, прабіўшы тоўсты каменны фундамент.

Людзі паслалі на разведку робата. Ён прайшоў паміж будынкаў, перадаючы свае назіранні па відэасувязі, і, не заўважыўшы нічога небяспечнага, вярнуўся назад.

Тады яго шляхам накіраваліся касманаўты.

Яны хадзілі па горадзе, паміж стромкіх вежаў — гладкіх, бліскучых, цвёрдых — і не маглі зразумець, ці сапраўды гэта пабудовы, ці, можа, тыя ж горы, якія яны бачылі здалёк. Ні ў адной вежы не было не толькі ўвахода, але нават і акна.

— Прарэжам? — спытаў Генадзь, дастаючы плазменны нож.

— Не, — не дазволіў Волгін, — трэба шукаць іншае рашэнне.

— Але ж нашы прыборы не здольны зазірнуць праз гэтыя сцены, — не здаваўся Генадзь. — Іншага ж спосабу няма.

— Будзем шукаць, — паўтарыў капітан.

Яны пайшлі далей, уважліва аглядаючы кожную пабудову. I ўсюды бачылі адно і тое: будынкі, як знарок, былі надзейна захаваныя ад пранікнення чужога вока.

— Колькі ж яны вось так прастаялі? — сказаў Круміньш. — Год, стагоддзе, два?..

— I дзе тыя, хто збудаваў іх? — дадаў Генадзь.

Неўзабаве яны натрапілі на будынак, сцяну якога з верху да нізу разразала шчыліна. Андрэй падбег да яе, прасунуў руку і, учапіўшыся ў сцяну, патрос.

— Сцеражыся! — пачуў ён голас Круміньша.

Кавалак сцяны адваліўся і рассыпаўся. Абвал адкрыў уваход унутр. Там была пустата — празрыстая, гулкая, і вецер ужо гаспадарыў у ёй.

— Андрэй, можаш увайсці. Астатнія застаюцца тут, — распарадзіўся Волгін.

Андрэй з радасцю нырнуў у пралом, агледзеўся. Ён здаўся сабе маленькім і нікчэмным у гэтым памяшканні, светлым, нібы не было ў ім сцен, высокім-высокім, што аж кружылася галава, калі ён задзіраў яе ўгару.

Андрэй зрабіў крок-другі, асцярожна ставячы ногі на чорную бліскучую падлогу. Ціхі шолах пачуўся ў паветры і, узнімаючыся да грознага гулу, знік недзе пад шпілем вежы.

Нейкі час Андрэй з цікавасцю азіраўся і раптам, не зважаючы на рэха крокаў, узняў кінакамеру і пабег у дальні кут.

— Што? — чамусьці шэптам спытаў Волгін.

— Чалавек?! — няўпэўнена і таксама шэптам адказаў Андрэй.

— Іду да цябе, — сказаў капітан.

У зацемненым кутку, так, што і не адразу заўважыш, ля выступа, падобнага на каменны стол, сядзеў… шкілет.

Касманаўты застылі, як скамянелыя, уражаныя гібеллю гэтай чужой і чымсьці блізкай ім істоты. Андрэй усхвалявана прамовіў:

— Што ён рабіў, калі быў яшчэ жывы?

— Та-ак… — апамятаўся Волгін і паклікаў Круміньша: — Давай, мазгуй, фізік. А ты, Андрэй, паглядзі, ці не пакінула смерць якіх-небудзь слядоў.

Знешні агляд нічога не даў, а дакрануцца да астанкаў істоты Андрэй не адважваўся — раптам рассыплецца.

— Здаецца, цэлы, не траўміраваны.

Гэта быў адзіны вывад, які мог зрабіць Андрэй.

— Паспрабуем уявіць сабе, што ўсё-такі здарылася, — сказаў Волгін. — Яго не забілі. Гэта, бадай, дакладна. Думаю, ён памёр, не пакідаючы свайго месца за сталом.

— Але дзеля чаго? — спытаў Андрэй.

— Вось гэта для нас загадка. — Волгін адышоў крыху ад шкілета, агледзеў яго збоку, раздумліва сказаў: — Хутчэй за ўсё, ён застаўся тут, як на варце, калі ўжо нікога іншага не было. Яму трэба было нешта такое зрабіць. Можа, нават ён спяшаўся і не закрыў уваход. Іменна таму, магчыма, утварылася шчыліна, што дазволіла нам трапіць сюды. I ён не паспеў ажыццявіць задуманае. Смерць апярэдзіла. — Памаўчаўшы, папрасіў: — На цябе, Артур, надзея. Шукай…

На выступе, які яны назвалі сталом, не захавалася ніякіх рэчаў. Паверхня яго была гладкая, чыстая, пакрытая зляжалым слоем пылу — вернага сведкі часу і разбурэння. Такі ж пыл быў наўкола: і на падлозе, і на сценах.

Круміньш спрабаваў абпраменьваць іх. Але без выніку. Прамяні розных спектраў вязлі ў сценах, не вяртаючыся. Тады ён узяўся за выступ, за якім сядзела істота, паклаў на гладкую паверхню рукі так, як гэта некалі, напэўна, рабіў мярцвяк, і паварушыў пальцамі, нібы хацеў намацаць уяўныя клавішы. Тоўстыя ахоўныя пальчаткі заміналі, і ён папрасіў:

— Дазволь зняць, капітан!

Волгін падумаў і ажывіўся:

— Імітуй біятокі, накіруй на паверхню. — Ідэя яго так захапіла, што ён подбегам сам прынёс Круміньшу прыбор.

Перейти на страницу:

Похожие книги