Читаем Зорны камень полностью

— Здымкі! — патрабаваў Волгін. I калі аўтаматы падалі яму здымкі кража і таго, што людзі лічылі горадам, прапанаваў:

— Параўнайце.

I горы на здымку, здалося, загаварылі. Андрэя ўразіла, што невядомы творца горада нібы паўтараў прыроду і ў той жа час уводзіў у малюнак нешта сваё. Горад быў копіяй кража, толькі больш фантастычнай, загадкавай і ў нечым нават грознай.

— Навошта? Не разумею, — Андрэй збянтэжана развёў рукамі.

— Паўтарэнне прыроды. — Генадзь засмяяўся нечаму свайму. — Гэта ж цікава. Праўда, Артур?

Круміньш не адказаў. Ён пільна ўглядаўся ў фатаграфію горада.

— Яны ідуць ад свайго разумення, — усхвалявана сказаў Волгін. — I ўрэшце не гэта важна. Я цяпер паверыў канчаткова, што мы напаткалі цывілізацыю.

— Дадай: маўклівую, — скептычна заўважыў Круміньш.

— Ат, — махнуў рукой Волгін на рэпліку астрафізіка: маўляў, ведаем твае вечныя сумненні, — вяртаемся да ракі.

Андрэй адчуў, як стукае яго сэрца: так бывае заўсёды пры сустрэчы з незнаёмым.

Цямнела хутка. Калі касманаўты вярнуліся на месца сваёй ранейшай стаянкі, ноч запаліла ўжо над горадам вялікія, яркія зоркі. Іх святла, аднак, было малавата, каб уберагчы абрысы горада. Яны размываліся, пакуль не зніклі зусім.

— Пара, — нецярпліва сказаў Юрзінаў.

— Раніцай, — зразумеўшы яго жаданне, сказаў капітан.

Усе прынялі гэта як загад, не пярэчачы, аднак і не ўтойваючы расчаравання. Яны разумелі капітана, які рабіў так толькі з-за асцярожнасці. А сэрца Андрэя не хацела згаджацца. Гэта ж зусім побач, напэўна, знаходзіцца горад. Дзеля гэтай сустрэчы яны пераадолелі прастору ў некалькі парсекаў, а цяпер, амаль дасягнуўшы мэты, вымушаны яшчэ чакаць. I тое, што гадзіны, якія засталіся да раніцы, нікчэмна малыя ў параўнанні з гадамі, што спатрэбіліся, каб даляцець сюды, неяк забывалася. Бо гэтыя апошнія гадзіны здаліся раптам самымі доўгімі.

Горад быццам спаў. Ніводзін агеньчык не засвяціўся між фантастычных гмахаў. I гэта таксама здзіўляла, хвалявала.

Не толькі Андрэй не мог заснуць. Думкі ўсіх былі там — на незнаёмых вуліцах. Людзям Зямлі ўяўляліся таямнічыя жыхары горада, і ўзнікаў непакой ад блізкай сустрэчы.

— Дарэмна трацім час, — пачуў Андрэй голас Юрзінава.

Яму не адказалі. Толькі зарыпелі паходныя ложкі. I было ў гэтай людской маўклівасці нешта такое самотнае, што Андрэй узрадаваўся, калі Волгін горача загаварыў:

— Мы не Калумбы, якія адкрывалі новыя землі. Яны ж былі амаль дома. А мы на іншай планеце. Дык ці павінны мы спяшацца?

I капітану не адказалі. Розум — розумам, але ёсць яшчэ і сэрца…

Пабудзіў Андрэя праменьчык. Нясмелы, цеплаваты, ён прабіўся скрозь пластыкавае акенца — зусім такі, які бываў ясным ранкам на Зямлі.



У Андрэя зашчымела ў грудзях. Ён любіў космас, любіў шукаць новае, жыць у напружанні. Гэта прыносіла яму найвялікшае задавальненне. Але яно не магло замяніць любві да сваёй Зямлі — яе людзей, яе гор і палёў, непаўторнага сіняга неба.

Пазіраючы на дрыготкі праменьчык, Андрэй чамусьці ўспомніў, як праводзілі іх на касмадроме, калі адлятаў сюды. Туга падступіла да горла. Каб не паддацца ёй, Андрэй хуценька падхапіўся, апрануўся і выйшаў з палаткі.

Ад учарашняй змрочнасці не засталося і следу. Усё навокал было заліта яркім святлом, у промнях якога нават грозныя вартавыя робаты здаваліся бяскрыўднымі і мірнымі. Андрэй адышоў убок і зірнуў на горад. I горад выглядаў зусім інакш. Вастраверхія будынкі былі як пазалочаныя і не такія ўжо чужыя ў сваёй канструкцыі, а больш зразумелыя і блізкія.

Туга, што была ахапіла Андрэя, непрыкметна адышла. Ён ужо радаваўся гэтай цудоўнай планеце, будучым знаходкам і адкрыццям. I раптам Андрэй здзіўлена азірнуўся. Воддаль стаяў Генадзь. Перабіраючы пальцамі кволыя лісцікі на раскідзістым дрэве, ён задуменна пазіраў на ранішні горад. Андрэй не адразу ўцяміў, што ўсхвалявала яго, і раптам, сам не чуючы свайго голасу, шалёна закрычаў:

— Шлем! Шлем!

Генадзь, хутчэй, здагадаўся, чым пачуў, што патрабуе Андрэй, бо шлем, у які былі ўманціраваны невялікія навушнікі, вісеў на спіне. Ён бесклапотна засмяяўся, адмахнуўся:

— Водар які!

— Шлем! — грозна патрабаваў Андрэй і для пераканаўчасці паказаў на палатку, дзе знаходзіўся капітан.

Генадзь вельмі неахвотна падпарадкаваўся. Потым загаварыў:

— Як ты не разумееш! Мне абрыдла глядзець на ўсё гэта праз акуляры скафандра. Быццам сядзіш у кіно ці ў вагоне цягніка. А так хочацца памацаць сваімі рукамі і вось гэтае дрэўца, — ён паварушыў сіняваты парастак, які, прымяты палаткай, упарта цягнуўся ўгару, — і вось гэты пясочак.

Андрэй слухаў моўчкі і, акрамя асуджэння, адчуваў яшчэ і журбу. Ён разумеў Юрзінава, большая частка жыцця якога прайшла ў касмічных падарожжах, далёка ад роднай Зямлі.

— Дзівак, паветра тут зусім чыстае. Азон. А якія аксамітныя лісцікі… Кволенькія. Далікатненькія, — Генадзь гаварыў і гаварыў стараючыся супакоіць Андрэя. А той толькі асуджальна ківаў галавой.

— Аб чым гаворка? — запытаў Круміньш, вылазячы з палаткі і размінаючыся на хаду.

— Аб кіно, — усміхнуўся Генадзь.

Андрэй адвярнуўся.

Перейти на страницу:

Похожие книги