Читаем 1813 полностью

Ля паскубанага гарматамі кляшторнага будынка я пабачыў натоўп. Манахі-трынітарыі, якія заставаліся ў мястэчку на працягу ўсёй вайны, зладзілі там раздачу гарачай поліўкі. Нешматлікія выжылыя местачкоўцы ціснуліся бліжэй да цеплыні вогнішчаў. Гэта быў адзіны светлы прамень сярод цемры расчараванняў. Я рашыў выказаць падзяку манахам за іх самаадданасць ад свайго імя і ад імя імператарскай улады, якую я, па вялікім рахунку, тут прадстаўляў. Зрэшты, у той момант турбаваць манахаў я не захацеў і пастанавіў здзейсніць сваё рашэнне ў больш афіцыйнай абстаноўцы.

Я вярнуўся ў замак засмучаны. Шыдлоўскі дапамог мне выбрацца з сядла і завесці Бакаса ў стойла. Я сказаў кашталяну, што не буду абедаць, і яшчэ папрасіў не турбаваць мяне некалькі гадзін. Потым падняўся ў свой пакой і доўга праляжаў на ложку без сну сам-насам са сваімі пачуццямі. Спусціўся ў гасцёўню я толькі пад вечар, тады, калі там ужо рыхтавалі стол да вячэры. За ежай я падзяліўся сваімі ўражаннямі з дзядзькам і нарэшце змог падрабязна распытаць яго пра жыццё падчас вайны…»

Міхал у задуменні паглядзеў у акно. Хвіліну ўзіраўся ў далягляды, а затым абмакнуў пяро і прыпісаў яшчэ колькі словаў на аркуш. Потым акуратна склаў аркушыкі ў каперту. Разагрэў над полымем свечкі кавалак сургучу і запячатаў ліст, пакінуўшы пярсцёнкам адбітак. Пакуль сургуч застываў, Агінскі зноў пракруціў у галаве падзеі ўчорашняга дня. Была адна рэч, пра якую Міхал вырашыў пакуль не казаць жонцы ў лісце, каб не засмучаць яе яшчэ больш.

Учора пасля вячэры Міхал разам з дзядзькам прайшлі ў бібліятэку. Вялікае памяшканне было застаўлена шафамі з кнігамі. Ля супрацьлеглай да ўваходу сцяны было абсталявана месца для чытання і прыватных размоваў. Два глыбокія фатэлі і столік месціліся побач з галандскаю печкай, аздобленай кафляй. У каміне ўжо разгараліся паленцы, а на століку быў пакінуты падсвечнік з запаленымі вогнікамі. Дзядзька жэстам паказаў Міхалу на стары пашарпаны фатэль, які ў цьмяным святле свечак выглядаў яшчэ больш-менш прыстойна. Міхал пазнаў гэты гарнітур — за масіўным столікам з граніту яны з дзядзькам калісьці адгулялі не адну партыю ў шахматы.

— Міхале, я бачу, што ты ўжо трохі ачуняў ад пабачанага, — пачаў дзядзька. — Сапраўды, наш край зведаў шмат гора.

— Так, гэта было жахлівае відовішча.

— Але гэта далёка не ўсе разбурэнні, што… — дзядзька на імгненне задумаўся. — Ведаеш, Міхале, не хацелася б сёння яшчэ больш вярэдзіць табе душу, але скажу як ёсць: наша сядзіба ў Залессі згарэла.

— Як? — у Міхала заняло дых ад такой навіны. Сядзібы, дзе граф пражыў з сям’ёй амаль дзесяць гадоў, дзе нарадзіліся ягоныя тры дачкі і дзе ён напісаў свае найлепшыя музычныя творы, больш не існуе?

— У пачатку зімы. Падпал, ці праз чыюсьці нядбайнасць, я не ведаю. У Залессі ад моманту, як вы з’ехалі ў Пецярбург, стаялі французскія войскі. Магчыма, пры адступленні хтосьці дадумаўся спаліць сядзібу.

Ці гэта была гульня ценяў у паўзмроку, ці напраўду так было, але Міхалу падалося, што на словах пра сталіцу Расійскай імперыі твар дзядзькі сказіўся ў грэблівай грымасе.

— Але чаму вы не паведамілі мне раней! — пасля наведання дзядзькі ў Маладэчне Міхал планаваў заехаць і ў Залессе, але цяпер яму трэба было перагледзець свой маршрут.

— Я сам пабываў там толькі месяц таму і пабачыў усё на ўласныя вочы. Цэлы застаўся хіба мураваны млын.

— Калі б я ведаў пра гэта, я б папрасіў кампенсацыі з дзяржаўнай скарбніцы на аднаўленне сенатарскай маёмасці. Я б прыехаў сюды з калежскім рэгістратарам царскай канцылярыі, і мы б разам падлічылі суму стратаў... — Міхал, які ўжо жвава прыкідваў у галаве план дзеля аднаўлення сядзібы, раптам запнуўся, пабачыўшы выраз твару дзядзькі.

— Не, Міхале, мне ад твайго цара дапамогі не трэба, — стары граф падняўся з фатэля і рушыў да выхаду. — Позна ўжо, пайду спаць, — кінуў ён праз плячо не азіраючыся.

Міхал застыў агаломшаны. З аднаго боку, яму было сорамна за тое, што ён прапанаваў старому інсургенту дапамогу ад тых, з кім дзядзька ў свой час змагаўся. З другога боку, ён сам свядома абраў гэты шлях супрацоўніцтва з імперскімі ўладамі, бо лічыў, што так ён будзе мець значна больш магчымасцяў для дапамогі Радзіме.

Міхал узяў са століка падсвечнік і ў змрочных пачуццях накіраваўся ў свой пакой.


***

Раніцой, нягледзячы на засмучанасць і заняпад сіл, выкліканы ўчорашнімі падзеямі, Міхал задумаў зладзіць яшчэ адну конную выправу. Гэтым разам у бок лесу. Сонечнае надвор’е якраз спрыяла такому баўленню часу, і граф адчуваў сябе бадзёра і ўзнёсла. Дарогай праз двор да стайні Міхал пабачыў, як кашталян распякае хлопца, які панура стаяў са стрэльбай у руках. Агінскі на хаду падміргнуў хлопцу і ўсміхнуўся. Конюх Ерамей зноў падрыхтаваў каня да выезду верхам. Міхал без старонняе дапамогі забраўся ў сядло і выехаў з замка.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Ханна
Ханна

Книга современного французского писателя Поля-Лу Сулитцера повествует о судьбе удивительной женщины. Героиня этого романа сумела вырваться из нищеты, окружавшей ее с детства, и стать признанной «королевой» знаменитой французской косметики, одной из повелительниц мирового рынка высокой моды,Но прежде чем взойти на вершину жизненного успеха, молодой честолюбивой женщине пришлось преодолеть тяжелые испытания. Множество лишений и невзгод ждало Ханну на пути в далекую Австралию, куда она отправилась за своей мечтой. Жажда жизни, неуемная страсть к новым приключениям, стремление развить свой успех влекут ее в столицу мирового бизнеса — Нью-Йорк. В стремительную орбиту ее жизни вовлечено множество блистательных мужчин, но Ханна с детских лет верна своей первой, единственной и безнадежной любви…

Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер

Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы