— Кінсцінцін! — гукнуў, увайшоўшы ў камеру, наглядчык Пікулік.— Да цябе прыйшлі! Жыва!
Кастусь борздзенька ўсхапіўся, згроб свае паперы ў кішэню і кінуўся ўслед за Пікулікам.
У пакоі, дзе ён нядаўна сустракаўся з Наталляй Скарабагатай, стаяла некалькі наглядчыкаў. А вунь сядзіць, ссутуліўшыся, нейкая кабета, твару не відаць. Знаёмая ваўняная хустка ў клетку!
— Мама! — радасна закалацілася сэрца.
— Кастусёк, даражэнькі! — абняла Ганна сына.— Як ты тут, галубок?
Пяшчотныя ласкавыя матчыны словы балюча расчулілі Кастуся, і ён нічога не мог сказаць, бо баяўся, што заплача.
— Нічога, сынку, не гаруй! — сказала маці.— Усяляк бывае ў жыцці...
Разважлівыя матчыны словы неяк адразу супакоілі Кастуся, і ён сказаў:
— Вы не крыўдуйце, мама, што так выйшла...
— А што тут крыўдаваць? Ганьбы на табе няма... Не абабраў ты каго, не забіваў, а толькі праўды шукаў. А хто цябе за гэта асудзіць, няхай таго гром лясне на гладкай дарозе...
— Як там дома? Як дзядзька Антось, Уладзік, дзеці?
— Уладзік са мною прыехаў... Ля варот чакае. Дзядзька Антось паклон перадаваў... А пра нас не турбуйся. Бульба ўрадзіла добрая, атаву за пагодай скасілі. За арэнду без малога расплаціліся ўжо... Чырвонец вось і табе прывезлі...
— Не, не, мама! — закруціў галавой Кастусь.— Грошай я не вазьму. Мне знаёмыя настаўнікі нядаўна прыслалі.
— Ну, як сабе хочаш! Толькі гавары праўду. У нас грошы будуць. Вось цялушку прадамо, пару авечак зарэжам на продаж... Калі ўсё будзе добра, то яшчэ адну рату ўвесну ўнясем за зямлю ў Смольні.
Ганна расказвала пра вясковыя справы, а Кастусь пазіраў на маці, якая гэтак проста, па-хатняму склаўшы рукі на грудзях, сядзела тут, у турэмнай пачакальні, слухаў вясковыя навіны, і неяк лёгка і спакойна рабілася ў яго на душы.
Калі прыйшла пара расставацца, Ганна перажагнала сына і тройчы пацалавала ў лоб:
— Бывай, сынок! Калі што якое, пішы, не таіся... Мы паможам...
...Праз некалькі дзён прыйшло ад Кастуся пісьмо.
— Чытай, Уладзя, уголас, і я паслухаю,— папрасіла Петрусёва Альбіна, якая была якраз у іхняй хаце.
Кастусь дзякаваў маці за спакойныя і бадзёрыя словы пры сустрэчы, пісаў пра сваё турэмнае жыццё-быццё.
— «Пасля сустрэчы з мамай,— чытаў Уладзік,— я атрымаў добрую зарадку на ўсе тры гады. Мне цяпер нічога не страшна! Я не ведаў, што мама можа так паводзіць сябе, што і слязінкі не бачна было...»
— Няўжо ж ты, мая любка, і праўда не заплакала? — са здзіўленнем запытала Альбіна.— Не веру!..
— Не заплакала...— цяжка ўздыхнула Ганна.— Прыйшла да турэмных варот, сэрца скамянела, і я кажу Уладзіку: «Чакай мяне тут», а сама рушыла ў брамку... Калі ж вярнулася, пытае мяне Уладзік, як там Кастусь, а я слова не магу вымавіць, толькі плачу, аж сэрца разрываецца...
ПЕРШАЯ ВЯСНА
Ішла вясна. Першая вясна, якую Кастусь сустракаў за турэмнымі кратамі.
За сценамі астрога ласкава прыгравала вясновае сонца, весела булькалі ручаіны, радасна выспеўвалі жаваранкі, а тут, у камеры, вясна яшчэ зусім не адчувалася, яе повідам не было відаць. Мужчыны з ранку да вечара таўкліся ля акна, але што ты там выгледзіш, калі вочы мазоліць аблезлы мур, а пад ім учарнелы снег, які і не думае раставаць.
Тры дні таму назад на вячэрнюю паверку ў дванаццатую камеру, куды к гэтаму часу перавялі Міцкевіча, зайшоў сам начальнік астрога Пётр Славінскі са старшым наглядчыкам Дожджыкам. Пікулік таксама быў з імі, ён застаўся ў дзвярах і высока падняў ліхтар: у камеры было ўжо цемнавата. Усе арыштанты шуснулі на нары: было дамоўлена сустрэць турэмную адміністрацыю лежачы.
Начальнік астрога ступіў некалькі крокаў і пачаў, не спяшаючыся, здымаць пальчатку з левай рукі, потым сярдзіта сіплым голасам крыкнуў:
— Устаць!
Ніхто на нарах не паварушыўся. У гэты момант у камеру ўвайшоў стараста Кролік і спакваля на вачах у начальства выцягнуўся на сенніку.
— Уста-а-аць! — зароў Дожджык.
Мірман, які ляжаў побач з Косцікам, са страху аж падскочыў, але сусед паклаў яму руку на грудзі — ляжы! Пасля падняўся Кролік і, не злазячы з сенніка, абхапіў рукамі калені і спакойна пачаў:
— Мы пратэстуем супраць таго, што нам перасталі даваць газу і зменшылі норму дроў. Мы, хоць і арыштанты, але людзі... I патрабуем да сябе людскіх адносін!
— Пасвяці! Пасвяці! — крыкнуў Славінскі Пікуліку.— Паглядзім, што там за мудрэц аб’явіўся.
Кролік выйшаў наперад:
— Стараста камеры.
— Тыдзень карцару,— павярнуўся да дзвярэй начальнік турмы.
— Пратэстуем! — загудзела камера.
— На столькі ж дзён пад замок астатніх,— кінуў Славінскі ўжо за парогам.
Першы дзень Дожджык адчыняў «вочка» ў дзвярах і пацвельваўся:
— Якое сёння сонца слаўнае! Любата!
Паспрабаваў ён дражніцца і назаўтра, але маскоўскі студэнт Дурмашкін не вытрымаў здзеку, схапіў дзяркач, якім падмяталі камеру, і шпурнуў у «вочка». Дожджыка як вадой змыла, больш ён не паказваўся.
Кролік сядзеў у смярдзючым каменным мяшку, а жыхары дванаццатай сноўдаліся па камеры. Сонца і вясну бачыў толькі той, хто выносіў парашу...