Ён зазірнуў праз Басіна плячо ў люстраную роўнядзь. Там мітусіліся нейкія цені, іскрыліся, упрыгожваючы аблічча дзяўчынкі ды абяцаючы ёй немаведама якія цуды. Аднак толькі Міхал хацеў прыгледзецца лепей, як паверхня быццам бы згасла. Цяпер каламутнае люстра адбівала толькі іхнія твары, дый тое цьмяна і трохі скажона.
Бася здрыганулася ад нечаканай змены і пасунулася да вітрыны бліжэй, ледзь не торкнуўшыся носам у шыбу. Яна сапраўды фыркнула, як ён і чакаў, а потым павярнулася да юнака.
– Ты дзе быў? – з такой знаёмай інтанацыяй патрабавальна спытала дзяўчынка, насупіўшы бровы.
На імгненне яму падалося, што зараз яна пазнае яго. Падскочыць, як зазвычай брыкнуўшы ў шчыкалатку, альбо тузане ў плячо. Аднак потым ён зразумеў, што гэтага не адбудзецца, прынамсі, не сёння, і ласкава ўсміхнуўшыся, прамовіў:
– Я ішоў да цябе праз люстра.
Яна запыхкала, намагаючыся не зарагатаць, аднак урэшце не вытрымала і рассмяялася. Міхал запанікаваў, вырашыўшы, што зараз дзяўчынка патупае прэч, але ж Бася нікуды не сышла. Яна стаяла і азірала яго з галавы да ног, адзначаючы пра сябе, што выгляд у дзівакаватага, як ёй падалося, юнака трохі сумніўны. Хаця чамусьці менавіта гэта ў ім ёй і падабалася.
– Ведаеш, – усё ж сабраўся ён з духам, – хопіць тут стаяць. Хадзем!
Бася прыўзняла брыво, крытычна зірнуўшы на працягнутую руку.
– А чаму я мушу кудысьці ісці з табой? – фанабэрыста спытала яна. – Хто ты такі?
– Я Міхал, – проста патлумачыў ён. – Бася, ты мяне зусім не памятаеш?
Дзяўчынка з разгубленай усмешкай утаропілася ў яго. Яна схіліла галаву набок і ўважліва зірнула яму ў вочы.
– Адкуль ты ведаеш, што я Бася? Мяне так толькі дома клічуць. Ну, яшчэ сябры, бывае.
На гэты раз ужо дакладна не знайшоўшы слоў, Міхал толькі пацепнуў плячыма і ўзяў яе далонь, пацягнуўшы са Сціклю. Прэч ад антыкварнай крамы і пана Альбрыхта, прэч ад вітрыны, прэч ад люстра.