– А месяц? – не сунімаўся юнак.
– Божа мой, ды другога ліпеня сёння! – пан Альбрыхт страціў усякае цярпенне і нахіліўся трохі ўбок, не вымаючы зпад стала рук.
– Толькі не націскайце кнопку! Я вам не зраблю нічога благога, – выгукнуў Міхал і кінуўся да акна.
– Малады чалавек, вы што сабе дазваляеце? – цалкам агаломшаны, пан Альбрыхт пляснуў далонню па стальніцы.
Юнак тым часам утаропіўся ў шыбу.
– Ну, і што там? – кпліва стомленым тонам папытаўся стары. Міхал не адказаў. Ён проста глядзеў уніз і шчасліва ўсміхаўся, прыклаўшы рукі да шкла.
– Вы прыйшлі сюды, каб наставіць мне на акенцы пальцаў? – пан Альбрыхт чакаў, пакуль раптоўны госць патлумачыць, што адбываецца.
Юнак павярнуўся да яго, нарэшце адляпіўшыся ад шыбы.
– Мне здаецца, альбо ваша аблічча мне знаёмае? – прыжмурыўся пан Альбрыхт праз акуляры, а потым ускочыў. – Не, гэтага не можа быць! Цалкам выключана. Яшчэ нядаўна я быў у…
– Вам не здаецца, – перабіў яго Міхал і сеў насупраць.
Стары ў чарговы раз сумеўся ад беспардонных паводзін юнака. Ён апусціўся назад у фатэль і, адкінуўшыся, пачаў свідраваць Міхала позіркам. Той быццам не заўважаў гэтага і ніколькі не бянтэжыўся.
– Ну? – нарэшце перарваў маўчанне пан Альбрыхт. Міхал шморгнуў носам і стомлена правёў па твары рукой.
– Вы, пэўна, ведаеце, хто я? – удакладніў юнак.
– Так, я правяраў, хто гаспадар таго люстра, якое зараз выстаўлена ў вітрыне на першым паверсе. Аднак не разумею, што вы робіце тут, і, больш за тое, чаму вы з’явіліся ў цалкам неадпаведным вашаму часу строі?
– Калі сцісла, то я скарыстаўся Ключом, – проста сказаў Міхал.
– Якім Ключом? – асцярожна перапытаў стары.
– Вашым.
Перш чым Міхал паспеў апамятацца, пан Альбрыхт ужо збег у круглы пакой.
– Стойце! – юнак паспяшаўся следам за ім. – Стойце, вам нельга туды…
Люстры лопаліся і абсыпаліся ля ног старога, які ў роспачы кідаўся ад адной рамы да другой. Павярнуўшыся да Міхала, ён гнеўна звёў бровы і хацеў быў накінуцца на яго, але юнак спыніў старога:
– Гэта не я.
– А хто?! – раз’юшана захрыпеў пан Альбрыхт. – Шчанюк, што ты нарабіў?! Ты хаця б разумееш, што я збіраў гэтыя люстры ўсё сваё жыццё?!
– Яшчэ раз паўтараю: гэта не я, – узвысіў голас Міхал.
– А як ты тады патлумачыш гэта? – стары абвёў рукой горы асколкаў. – Хто мне толькі што крычаў «стойце»? Адказвай, як гэта здарылася!
Міхал прываліўся да сцяны і агледзеў пакой. Юнаку зрабілася горача, і ён зняў куртку.
– Я не ведаю дакладна, – азваўся ён. – Яны ўсе разам адчыніліся, і я абраў адно з іх. Мабыць, вашыя люстры на час зрабіліся маімі і не вытрымалі вашага ўздзеяння?
– Што за лухту ты вярзеш? Такога папросту не можа быць, – адмахнуўся ад яго стары.
– Калі мы раней працавалі з вамі, то ніводнае люстра не слухалася нас абодвух разам, – развёў рукамі юнак.
– Раней? – хмыкнуў пан Альбрыхт. – Нешта я не магу пры гадаць гэтае «раней». Я столькі гадоў паспяхова працаваў, а зараз немаведама адкуль з’яўляецца нейкі прайдзісвет, адным махам знішчае ўсё і пачынае задурваць галаву сваімі глупствамі…
Ён хацеў дадаць яшчэ нешта, але змоўчаў і прытуліўся да сцяны насупраць юнака.
– Што такое? – насцярожыўся Міхал.
– Сэрца, – амаль бязгучна вымавіў стары.
Міхал выйшаў з пакоя і накіраваўся да шапіка, дзе стары разам са спіртным трымаў лекі. Вярнуўшыся да пана Альбрыхта з цэлай пласцінай таблетак, ён хацеў выціснуць адну, каб хутчэй падаць яе старому, аднак той выхапіў лекі з яго рук.
– Я сам! – прабурчаў ён і, трымаючыся за сценку, пацягнуўся назад у кабінет.
– У вас ужо не першы раз так прыхоплівае, – сказаў юнак, прайшоўшы за ім.
Пан Альбрыхт непрыхільна зірнуў на яго і, ямчэй уладкаваўшыся ў фатэлі, змрочна засоп:
– Чамусьці я не здзіўлены.
Міхал трошкі пастаяў, а потым прамовіў:
– Напэўна, я пайду.
– Так хутка? – ад абурэння стары ледзь не задушыўся таблеткай. – Цікава, куды?
– Уніз.
– А жыць дзе будзеце?
– Вы прадалі мне кватэру, – паціснуў плячыма юнак. – У мяне нават дакументы з сабой, праз два месяцы яны пачнуць дзейнічаць.
– Вельмі займальна, – прамармытаў пан Альбрыхт. – Мабыць, усё ж патлумачыце, што адбываецца?
– Гэта зойме шмат часу, а мне трэба ісці. – Міхал свідраваў позіркам акно, што яўна не давала яму спакою. – Можа, іншым разам.
– Паслухайце, малады чалавек, вы не можаце проста ўзяць пабіць мне люстры і ціхенька сысці. Наколькі я разумею, там, адкуль вы прыйшлі, усё атрымалася? Я сабраў Ключ, так?
Юнак кіўнуў.
– Ну а чаму тады скарысталіся ім вы?
– Таму што для вас там усё скончылася, – сказаў Міхал. – Вас забілі.
– Праўда? Не вы часам? – пацікавіўся пан Альбрыхт.
– Не. Унучка вашага саперніка. Я, наадварот, хацеў знішчыць Ключ. Аднак, прызнаю, ён мне вельмі дапамог.
– На ўсялякі выпадак хачу папярэдзіць: мінулае нельга змяніць, – ветліва ўсміхнуўся пан Альбрыхт.
– Ведаю. Я ўжо неяк спрабаваў – і сапраўды нічога не атрымалася. Толькі гэта не мінулае. Гэта мая будучыня, бо тут мяне пакуль не было, – адказаў яму юнак. – Цяпер я магу ісці?
Пан Альбрыхт трошкі памаўчаў, вывучаючы аблічча Міхала.
– Думаеце, што ўсіх выратавалі? Хоча, распавяду пра такую з’яву, як баланс? – спытаў стары.
– Што за баланс? – не зразумеў юнак.