– Як сказаць, – хмыкнуў пан Альбрыхт. – Я трымаюся іншага меркавання. Але ж, перш чым мы прыступім да наступнага этапа рытуалу, мне хацелася б даведацца, навошта Ключ спатрэбіўся вам, чалавеку, які, здаецца, мае ўсё. Няўжо вам не шкада таго, чаго вы дамагліся за сваё жыццё? Няўжо не шкада ўнучку, такую прыгожую і верную? Раз у вас ёсць яна, значыцца, вы спазналі і радасць кахання, і радасць нараджэння ды гадавання дзяцей. Што рухае вамі, дружа мой? Я чытаў дзённік і ведаю, што вы страцілі дачку. Вельмі спачуваю вам. Аднак, так ці інакш, у вас засталася ўнучка. Гэтая дзяўчына знікне адразу, як толькі вы скарыстаецеся Ключом, – стары павёў далонню ў бок Жульет, ад чаго тая нахмурылася.
Назіраючы за яе рэакцыяй, ён трохі памарудзіў, а потым зноўку звярнуўся да Эль-Анабі:
– Ды вы і самі пра тое ведаеце, бо распачалі барацьбу за магчымасць пражыць яшчэ адно жыццё даўным-даўно, яшчэ калі была жывая ваша дачка. Дык навошта вам гэта?
Араб аблізаў зубы і спадылба зірнуў на саперніка:
– Гэтак жа, як і вы, я нарабіў шмат памылак, якія мне карціць выправіць. Мне ўсяго толькі хочацца пражыць яшчэ адно жыццё. І заўжды хацелася. А калі пашанцуе і ў наступны раз, то пражыву яшчэ адно.
– Пустая задума, – роўна вымавіў пан Альбрыхт. – Жыццёвыя памылкі – не прычына за кожным разам страчваць любых, дзяцей, унукаў. Не цяжка?
– Не, – пакруціў галавой Эль-Анабі. – Усіх, каго я калісьці любіў, ужо няма, таму я магу толькі спадзявацца на сустрэчу з імі там, у новым жыцці. Мая дачка здрадзіла мне і маёй справе, а што ж да Гуллі, то я заўжды ненавідзеў яе бацьку. Гэта праз яго я страціў дачку, а аблічча ўнучкі нязменна нагадвае мне пра яго. Брудная кроў сапсавала дзяўчынку. Яна цалкам безнадзейная.
Жульет, пачуўшы сваё імя, падышла да дзеда і з ласкавай усмешкай паўабняла яго збоку. Пан Альбрыхт з цікаўнасцю затрымаў на ёй позірк, а Эль-Анабі пачаў асядаць, ляпаючы сябе па грудзях.
– Ты, напэўна, забыўся, што я вывучала медыцыну, дзядуля, і паспела добра засвоіць латынь, пакуль ты думаў, што я ні на што не згаджуся, – схілілася яна над ім, быццам дапамагаючы ямчэй сесці ў фатэлі. – Я магла б дараваць сваю абразу, аднак твае словы пра бацьку – ніколі. Няхай ты і ўзяўся выхоўваць мяне, але ўсё роўна заўжды ставіўся да нас абаіх, як да бруду, і ў гэтым была твая галоўная памылка.
Яна зрабіла кароткі рух, быццам павярнула ключ у замку, і Эль Анабі заціх. На імгненне ўсе застылі. Першым ачомаўся бялявы найміт. Ён толькі зараз зразумеў, што нарабіла ўнучка яго гаспадара, і кінуўся да яе, запознена спрабуючы абясшкодзіць дзяўчыну.
– Дурань! – зарагатала яна, перайшоўшы на нямецкую. – Цяпер я – ягоная спадчынніца, усе яго грошы мае і гэта я плачу табе. Пазбаўляемся ад іх і сыходзім.
Бася адчула спінай, як напружыўся ў гэтае імгненне Міхал. Пан Альбрыхт, скарыстаўшыся замешкай, пацягнуўся да Ключа, аднак Буфон заўважыла яго рух – і ў яе руцэ бліснула яшчэ адно лязо. Стары няёмка заваліўся назад і замёр насупраць свайго былога ворага.
– Страляй! Страляй хутчэй! – заверашчала ўнучка Эль-Анабі, спрабуючы адабраць у найміта кабуру.
Ён перахапіў яе запясце, але Жульет ужо злаўчылася выняць зброю і паспела націснуць на курок. Бася рэзка ўскочыла, стаўшы перад юнаком, і раптам пачала асядаць на падлогу.
Раздзел 19
Міхал нерухома стаяў і пазіраў на Басю. Шлях да дзяўчынкі яму загароджвала крэсла, спінку якога ён сціскаў так моцна, што рукам ажно да самых плячэй сталася балюча.
Юнак бездапаможна перавёў позірк на Жульет і бялявага найміта. Той усё ж здолеў выбіць у дзяўчыны з рук пісталет і ўжо цягнуў яе за каршэнь да дзвярэй. Юнак не паспеў ні кінуцца да іх сам, ні шпурнуць хаця б тым жа крэслам. Усё адбылося так хутка і нечакана, што ён і нянавісць адчуць да гэтых дваіх як след не паспеў.
Унізе ляпнулі ўваходныя дзверы. Гэты гук здаўся такім аглушальным, што закалола ў вушах. Альбо гэта так стукала кроў?
Ён некалькі разоў шумна хапануў паветра, а потым, заціснуўшы сабе рот, споўз на падлогу. У пакоі зрабілася неяк цёмна, ён нічога не бачыў, акрамя каляровых плямак Басінай піжамы, што, расплываючыся, гайдаліся ў яго перад вачыма.
Міхал на каленях падпоўз да дзяўчынкі. Бася ціхенька ляжала, адвярнуўшы ад яго твар, і не дыхала. Ён асцярожна прытуліўся вухам да яе сэрца, але нічога не пачуў. Тады юнак узняў дзяўчынку, абхапіўшы худзенькую постаць у чужой цяжкой куртцы, што абвісала на яе плячах, і прыціснуўся шчыльней, запэцкаўшы сабе шчаку крывёй.
– Ды паглядзі ж на мяне, – папрасіў юнак, глытаючы слёзы, але яна бы наўмысна ніяк не хацела зірнуць яму ў вочы.
Раптам Міхал успомніў пра мабільны. Юнак паклаў дзяўчынку назад на падлогу, выхапіў яго з кішэні і ўжо хацеў набраць нумар хуткай дапамогі, але дысплей быў патухлы: здаецца, учора Міхал забыўся паставіць тэлефон на падзарадку. Ён з усёй сілы ляпнуў апаратам аб падлогу, ад чаго той разваліўся на дзве часткі.
Які ж ён дурань! Навошта стаў за Басяй, адрэзаўшы сабе магчымасць дзейнічаць? Каб ён толькі здагадаўся застацца недзе збоку і своечасова закрыць яе сабой! Каб толькі паспеў зрабіць штосьці!