Прыгадаўшы, што некаторы час яе бяспека будзе гарантавана і наўрад ці ўнучка Эль-Анабі наважыцца аслухацца дзедавых распараджэнняў, дзяўчынка з дурной цікавасці, што знянацку яе апанавала, замест адказу запыталася:
– Жульет, што здарылася з тваёй мамай?
– Што? – францужанка ад нечаканасці нават павярнула да Басі пахмурны твар.
– Твой бацька нешта зрабіў з ёй?
У наступны ж момант на чарговым святлафоры Жульет спынілася і, спрытна перавесіўшыся ў невялічкай машыне па дыяганалі назад, адвесіла дзяўчынцы някепскі кухталь.
– Во гадзіна, – ціхенька адбрахнулася Бася, каб крыўдзіцелька не пачула яе слоў.
Мяркуючы па ўсім, даставіць яе жывой не азначала прывезці не пабітай. Дзяўчынка пацёрла выцятае месца – ну затое галава, здаецца, нарэшце прайшла. Мо зірнуць, ці няма ў сакваяжы чаго-небудзь, чым можна было б агрэць францужанку? Хаця ў сваім цяперашнім стане Бася не здолела б зрабіць гэта незаўважна. Дый наўрад ці Жульет дазволіла б ёй шукаць у торбе таблеткі, каб там можна было знайсці штосьці цікавейшае. Сама яна тым часам зноў сядзела як мае быць і вытрымана націскала на педалі.
– Нават не хачу ведаць, адкуль ты пра што дазналася, – скрозь зубы сказала яна. – Але мой бацька добры і сумленны чалавек. Маці проста хварэла, ёй нельга было дапамагчы, ён у гэтым не вінаваты. І не смей больш нават заікацца аб гэтым.
«Нішто сабе!» – толькі і адзначыла Бася. Па цьмяных намёках з дзённіка Эль-Анабі ёй здавалася, што ўсё мусіла быць нашмат больш складана і драматычна, а Жульет Буфон павінна падзяляць меркаванне дзядулі наконт бацькі. Цікава, як бы яна адрэагавала, каб даведалася, хто з’яўляецца крыніцай непатрэбных плётак ды пра тое, што дзед увогуле не бярэ яе ва ўлік? Цяпер Бася зусім не разумела, штó прымушала гэтую небяспечную дзяўчыну трымацца з ім.
– Твой сябрук са старым ужо чакаюць у краме, – нібы між іншым азвалася праз нейкі час францужанка.
– Я ўжо зразумела, – змрочна адказала Бася. – А вы, нябось, зноў сазвалі цэлую каманду малойчыкаў?
– Не, – пакруціла галавой Жульет. – Усё сумленна: тры на тры, без лішніх сведкаў.
– Стоп, а бабуля?! – раптам спахапілася дзяўчынка і падалася наперад, цалкам нацягнуўшы рэмень.
– Якая бабуля? – разгубілася тая. – У вас ёсць яшчэ нехта чацвёрты?
– Ды не, мая бабуля! – усклікнула Бася. – Што вы з ёй зрабілі?
– Пры чым тут яна ўвогуле? – у чарговы раз пачала злавацца Жульет Буфон.
– Яны з Міхалам мусілі разам прыехаць да мяне сёння ў шпіталь. Адкуль вы яго забралі?
– Здаецца, з вакзала.
– І бабулі з ім не было?
– Ды адчапіся са сваёй бабуляй! – гыркнула Жульет. – Ён адзін быў.
– Добра, – з палёгкай выдыхнула Бася. – Дык тры на тры – гэта я, Міхал і гер Альбрыхт, а хто будзе акрамя цябе з дзедам? Нехта з вашых целаахоўнікаў? А мо Абэн Умайя?
Дзяўчынка знянацку разрагаталася ўласнаму жарту.
– Чаго? – Жульет скасавурылася на яе.
– Гэта я так! – булькатнула Бася, развесяліўшыся яшчэ больш ад таго, што яе захопніца, напэўна, увогуле нічога не ведае аб прыгодах Эль-Анабі.
Сапраўды, навошта ўводзіць унучку ў курс сваіх спраў, калі яна да іх няздатная? Аднак прыступ зласлівай радасці скончыўся гэтак жа раптоўна, як і распачаўся. Заўважыўшы, што яны ўжо заехалі ў Стары горад, дзяўчынка зноўку нахмурылася, у жываце чамусьці схаладнела, хаця яна паспела за гэты час трошкі сагрэцца і нават расхінула куртку.
У поўным маўчанні яны даехалі да Сціклю. Басі зусім не хацелася вылазіць з машыны на халадэчу, а яшчэ больш – ісці ў краму да пана Альбрыхта. Але нічога іншага, як паслухацца Жульет, не заставалася. Прыдумляць штосьці на хаду, нават не ўбачыўшы Міхала, было нельга, ды ўжо і часу не хапала. Сакваяжык Жульет з сабой не брала. «Значыцца, усё неабходнае пры ёй», – занепакоена заўважыла Бася і рушыла за ёй унутр. На першым паверсе нікога не было, Жульет замкнула дзверы на ключ і павесіла адпаведную таблічку, каб хтосьці, выправіўшыся у выходны дзень на шпацыр па суседніх вуліцах, раптам не наведаўся да іх. Яна павяла Басю ў кабінет.
Там разгарнулася ўжо знаёмае відовішча. Два старыя сядзелі з абодвух бакоў стала, на якім грувасціліся некалькі разнамасных футаралаў, каля дзвярэй стаяў адзін з тых бялявых хлопцаўнаймітаў, што паспеў вывесці Эль-Анабі з крамы падчас нядаўняй перастрэлкі, а Міхал уладкаваўся на падаконніку.
– Баська! – выгукнуў ён, як толькі адчыніліся дзверы, і хацеў быў падбегчы да дзяўчынкі, але целаахоўнік араба зрабіў рух у яго бок, перапыніўшы дарогу.
– Нічога, няхай павітаюцца, – дазволіў Эль-Анабі. – Хаця спачатку было б някепска аддаць пашану старэйшым. Відаць, бацькі вас дрэнна выхоўвалі, мілая.
– У адрозненне ад мяне, – правуркатала Жульет Буфон і нахілілася, каб пацалаваць дзядулю.
Той жэстам спыніў яе і павярнуўся ў фатэлі, назіраючы за тым, як Міхал схапіў Басю за плечы і аглядаў яе з галавы да ног.
– Ты як? – паўшэптам спытаў юнак, намагаючыся выявіць у дзяўчынцы прыкметы нездароўя.
– Доўга стаяць цяжкавата, – ціхенька паскардзілася яна.
– Хопіць бубнець! – капрызна прамовіў Эль-Анабі. – Прапаноўваю нарэшце перайсці да справы.