18 снежня 2007 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Пятнаццаць гадоў. Цэлых пятнаццаць гадоў я не браўся за гэтыя запісы. Сапраўды, пра што я мог напісаць, калі мне было так нясцерпна балюча? Як я мог быць такім сляпым?
Я думаў, што пошукамі не толькі выпраўлю ўласныя памылкі, але і ўратую сваю дзяўчынку ад ганебнага саюзу, таго няслушнага шляху, які яна абрала. Я думаў, што ўсё будзе інакш, так, як яно і мусіла быць, калі б не з’явіўся ён. Я марыў зрабіць жыццё больш шчаслівым, аднак не заўважаў, што, пакуль я шукаю, яна чэзне. Чаму яна не сказала мне? Чаму не папярэдзіла? Каб толькі я ведаў…
Я кінуў пошукі. Мне падалося, што Яно мне больш не патрэбна, паколькі ўсё сапсаваў уласнымі рукамі, і я мушу правесці мае астатнія гады з Гулляй, каб хаця б такім чынам загладзіць віну перад дачкой, няхай яе ўжо нічым не вернеш, а гэтая дзяўчынка і на чвэрць не можа раўняцца з маці. Да таго ж апошнія спробы перахапіць найважнейшую частку ледзь не загубілі мяне самога. Я спужаўся і адступіў.
І вось сёння адбылося нешта асаблівае. За адзін дзень я дасягнуў значна больш, чым за ўсе папярэднія гады. Разгадка, як выявілася, увесь час была ў мяне пад носам. Як толькі я адразу не зразумеў?!
Мой даўнішні «сябар», гэты хлус, які лічыўся ледзьве не самым наймудрэйшым з людзей, якога узвялічвалі як немаведама каго, аказаўся звычайным ашуканцам. І яго падвяло ўласнае выхваленне.
З таго года, калі я спыніў распачатае, з рабі мы некалькі разоў сустракаліся ў горадзе, але абмяжоўваліся толькі кароткімі вітаннямі. Да мінулых размоў ні я, ні ён не звярталіся. Магчыма, ён і здзівіўся, што ўсё так рэзка спынілася, але ніяк гэтага не паказваў. Ды мяне і не цікавіла, як ён паставіўся да такога раптоўнага абрыву кантактаў.
А сёння раніцай ён сам прыйшоў да мяне. Без папярэджвання. Проста з’явіўся ў маім доме, чаго раней сабе ніколі не дазваляў, і распачаў забытую гутарку, паведаміўшы, што змаркоціўся па нашай даўнішняй традыцыі абменьвацца знаходкамі датычна Яго. Спачатку я не зразумеў, чаму ён раптам аднавіў свой інтарэс і цікавіцца маімі поспехамі. Але хутка здагадаўся.
Гэтага я не выдаў і звёў усё да звычайнай прыяцельскай размовы пра няздзейсненыя па-за бегам гадоў планы, што калісьці падаваліся такімі пры- цягальнымі. Я ўбачыў, як ён расчараваўся. Аднак у яго вачах была і лёгкая пагарда, быццам бы ён у нечым апярэдзіў мяне. Дарма, дружа мой, дарма. Мне гэтага было дастаткова, каб нарэшце зрабіць слушныя высновы.
Некалькі гадзін таму я стаўся аднаасобным спадчыннікам фанабэрыстага рабі. У навінах да раніцы, вядома, нічога не з’явіцца, аднак ніхто і не даведаецца, як усё адбылося насамрэч. Я запазычыў у Гуллі некаторыя «рэчывы», як яна іх сціпла называе, і накіраваўся да месца нашых былых сустрэч. Які ж ён быў наіўны, няўжо не чакаў, што я прыйду? Альбо хацеў яшчэ раз пасмяяцца з мяне? Прынізіць? Рабі дазволіў сабе празмерную раскошу пагрэбаваць сапернікам. Хаця гэта хітра і нават дзёрзка – пасылаць мяне на гібель, увесь час трымаючы мэту маіх пошукаў пры сабе. А як ён старанна строіў з сябе няўдалага шукальніка, што так і не дамогся свайго, хаця меў для гэтага ўсе падставы! Чаму я толькі адразу не здагадаўся пра такі подлы падман? Але ён справядліва пакараны за сваё нахабства. Цяпер яго каштоўнасцямі валодаю я.
Шкада, што ад рабі мне дасталіся ўсяго толькі дзве часткі. Па праўдзе кажучы, я марыў, што ён трымае ўсё, акрамя маёй пласціны. Аднак у адным я магу падзякаваць былому знаёмаму: ён патурбаваўся, каб вызначыць, дзе знаходзіцца астатняе, і не здолеў адмовіць мне падзяліцца сваімі ведамі. Рэймс, Прага і Вільнюс. Усяго толькі тры чалавекі – і мая мэта ажыццявіцца. Не так шмат высілкаў, як я думаў, няхай адно пытанне пакуль і не вырашана. Але я думаю, што хутка ўсё высветліцца.
Пятнаццаць гадоў – гэта вялікае выпрабаванне, аднак я вытрымаў яго. Усё было не дарэмна.