Бася шумна выдыхнула. Усё было не дарэмна? А дачка? А ўнучка? Гэта нічога не значыла ў параўнанні з Ключом, альбо недзе ў сваёй звар’яцелай галаве Эль-Анабі ўсё ж трымаў іхнія вобразы і запэўніваў сябе, што гэта ўсё дзеля родных? Дзяўчынка так і не зразумела, чым жа ён кіраваўся насамрэч. Раней яна не ўсведамляла, з якім страшным чалавекам ёй давялося сутыкнуцца. «Усяго толькі тры чалавекі». Няўжо для яго гэта сапраўды быў такі просты лік? І як толькі можа шанцаваць такім, як ён? Бася схапілася абедзвюма рукамі за лоб, уткнуўшыся локцямі ў калені. Яна ўсё ж наважылася працягнуць чытанне, няхай пра далейшыя здарэнні ёй ужо і было часткова вядома, але перад ложкам знянацку з’явілася яшчэ адна з медсясцёр, што замянялі ў нядзелю.
– Халлё! – павіталася яна.
Дзяўчынка неўразумела ўскінула галаву. Высокая брунетка весела ёй усміхалася.
– Мяне завуць Гулля, але мой бацька кліча мяне Жульет. Здаецца, так гучыць лепей, як думаеш? – сказала медсястра па-нямецку.
Бася на імгненне застыла, утаропіўшыся ў дзяўчыну, а потым рэзка саскочыла з ложка, нават не паспеўшы здзівіцца ўласнай рухавасці, і панеслася ў калідор. Яна ўжо падбягала да паста медсястры, якая чамусьці вырашыла прыдрамнуць, апусціўшы галаву на стол, але нечая рука стальной хваткай абхапіла Басін локаць. У гэты момант дзяўчынка заўважыла, што бялюткі каўнерык медсястры перапэцканы нечым чырвоным. Яна тузанулася і ледзь не павалілася, паслізнуўшыся мяккімі тэпцямі на нядаўна памытай падлозе, аднак Жульет выраўняла яе і, моцна трымаючы, пацягнула за сабой.
– Нават не спадзявайся, што можна закрычаць, – папярэдзіла яна Басю.
Раздзел 18
Бася ехала на заднім сядзенні. Жульет Буфон, якая была за стырном, час ад часу кідала на яе позірк у люстэрка. Дзяўчынка ж рабіла выгляд, быццам не заўважае сваю канваіршу.
Яшчэ пакуль яны блукалі бясконцымі бальнічнымі калідорамі, унучка Эль-Анабі прыгразіла, што калі Бася пачне ўпарціцца, то на гэты выпадак псеўдафранцужанка мае спецыяльна падрыхтаваную ін’екцыю, якая хутка ўтаймуе жаданне бунтарыць. Таму дзяўчынка вырашыла, што лепей будзе трымацца ціха. Абкалоцца невядомай дрэнню, якая саслабіць яе і так не самыя вострыя пачуцці, зусім не ўваходзіла ў планы Басі.
А вось прыняць штосьці ад галавы было б някепска. Як толькі дзяўчынка скеміла, хто за ёй прыйшоў і навошта, боль узмацніўся разы ў тры. Яна ўжо спрабавала неяк абстрагавацца ад яго, намагалася ўвогуле ні пра што не думаць, але гэта не дапамагала. Бася моўчкі сядзела, з адсутным выглядам утаропіўшыся ў акно, і хуталася ў чужую куртку, якую ёй выдала Жульет: хаця тая і ўключыла печку, дзяўчынка ўсё роўна трэслася ў сваёй фланэльцы. Асабліва стылі ногі. Са шпіталя сыходзілі хутка, і Бася засталася ў тэпцях, добра хоць, што паспела з раніцы апрануць махровыя шкарпэткі. Яна пачала шавяліць пальцамі ног. Бацькі вучылі яе, што так ногі саграваюцца хутчэй, але кожны рух нібыта наўмысна азываўся ў мазгах.
– Чаго кіслая? – здзекліва спытала Жульет.
– Галава баліць, – сцісла паведаміла дзяўчынка.
– Трэ было адразу сказаць. – Буфон прытармазіла на скрыжаванні і вывернула руку назад, засунуўшы далонь у знешняе ад дзяленне невялікага сакваяжыка, што стаяў на падлозе за сядзеннем кіроўцы.
Аднак зноўку загарэлася зялёнае святло – цокнуўшы языком, Жульет падцягнула сакваяж за рэмень бліжэй да Басі і зноўку схапілася за стырно.
– Дастань сама, у вонкавай кішэні, – кінула яна дзяўчынцы праз плячо.
– І што гэта? – з сумневам пацікавілася Бася, намацаўшы пласціну з таблеткамі.
– Лекі ад галавы, – патлумачыла Жульет. – Ды бяры, не бойся, мне няма нагоды цябе атручваць. Ты ім патрэбна жывая.
Дзяўчынка выняла адну таблетку і пацягнулася да бутэлькі з вадой, што стаяла паміж пярэднімі сядзеннямі. Нічога сабе «не бойся». Цікава, да якой пары Бася патрэбна жывая, ды каму менавіта «ім»?
Праглынуўшы лекі, дзяўчынка засунула пласціну назад і адкінулася на спінку сядзення. Было б някепска, каб у Жульет знайшлося яшчэ штосьці ад нерваванняў. Але не тая згаданая ін’екцыя, вядома, а нешта прасцейшае, чалавечае.
Буфон зноў пільна паглядзела на яе ў люстэрка.
– Ведаеш, куды мы едзем? – прамовіла яна.
– Здагадваюся, – глуха адгукнулася дзяўчынка.
– Праўда? – кпліва склала вусны францужанка. – Не рас павядзеш, што ў вас там за мітусня такая?
Бася, якая толькі прыкрыла вочы, каб у іх не біла мярзотным рассеяным святлом, хмура зірнула на Жульет. Боль пакуль не паспеў адпусціць, і дзяўчынка праз яго не надта добра разумела траскатню суразмоўцы.
– Што ты хочаш? – стомлена перапытала Бася.
– Ты ведаеш, што яны збіраюць і для чаго? – паўтарыла Жульет.
Відаць, сваімі сакрэтамі з унучкай Эль-Анабі не дзяліўся. А дзеля чаго? У яе ж там штосьці з бацькам не так. Дзядуля, пэўна, ставіўся да Гуллі не лепш за целаахоўнікаў, якім не дазвалялася большай свабоды, чым проста выконваць яго загады. Хаця не хочаш – не падпарадкоўвайся. Ці, мабыць, ён неяк прымушаў яе? Шантажыраваў уласную ўнучку? «Не, – падумалася Басі. – Гэтая яшчэ дасць дзеду фору».