3 сакавіка 1990 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Я быў паспешлівы ў сваіх высновах. Хаця прыкладна разумею, як знайсці меркаваных дзяцей, але не маю аніякага ўяўлення, дзе іх шукаць. Не магу знайсці пра іх ніякіх іншых згадак. Часам у галаву закрадаецца сумнеў, што яны вандруюць не толькі ў часе, але і па землях. Пацвердзіць гэтае меркаванне можа хаця б тое ж выгнанне марыскаў, што адбылося праз нейкія сорак гадоў пасля злашчасных Альпухараў. Яшчэ адно выгнанне, яшчэ адна параза. Здаецца, я ўсё ж памыліўся. Ап’янелы ад нечакана адкрытых сведчанняў, я не паспеў засумнявацца, што ўсе яны з’яўляюцца толькі абрыўкамі паўлегенд, паўказак.
Мабыць, яны сапраўды памерлі ў адно са сваіх з’яўленняў недзе раней – і я больш ніколі не нападу на іх след? Аднак што маецца на ўвазе пад смерцю? Заўчасная прыродная заканамернасць? Альбо хтосьці сапраўды карыстаўся надзвычайнай сілай тых дзяцей? Як і чаму тады яны з’яўляюцца зноў? Ды ці з’яўляюцца насамрэч або гэта проста трызненні здурнелай старой?
Аднак, калі прыняць на веру, што гэта праўда, хаця б часткова, ці правільна я зразумеў? Гэта ўвесь час адны і тыя ж дзеці ці кожная з тых пар – нашчадкі папярэдніх хавальнікаў, што ўзнікаюць у гадах пазнейшых? Вандраваць у часе, па сутнасці, можна ж і гэтак, няхай такі варыянт больш падыходзіць для філосафаў з усімі іхнімі непатрэбнымі ў сапраўдных справах мудрагельствамі. А калі яны перадаюць сваю таямніцу не па праве крыві, а нейкім іншым чынам? Гулля, напрыклад, не мае хаця б самых слабых здольнасцяў, а яе маці, каб быць з гэтым нягоднікам, адмовілася займацца маёй справай. Дык каго я мушу абраць у нашчадкі? Я сам стануся сваім нашчадкам, а што будзе далей – паглядзім.
Толькі для гэтага дзесьці я ўсё ж мушу перахапіць тое, што павінна належыць мне. Калі, напрыклад, меркаваць, што прабабка Абэна Умайі мела рацыю, то з моманту аб’яднання Кароны тых з’яўленняў не магло быць больш за два-тры, а значыцца, іх можна было б вылічыць і прасачыць. Аднак колькі я змарную часу на тыя разлікі?
Альбо лягчэй вярнуцца кудысьці, дзе яшчэ не было ні дзяцей, ні сумніўнага саюзу?
7 лютага 1992 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Я зноў засеў за архівы. Ужо не магу рызыкаваць, як раней, і выпраўляцца немаведама куды немаведама за чым. Кожны новы крок робіць наступствы яшчэ больш небяспечнымі, а мне хочацца мець хаця б крыху пэўнасці ў заўтрашнім дні. Трэ падрыхтавацца.
За гэтыя два гады я стаміўся як ніколі раней. Ні адна хроніка пакуль не дала мне больш за тыя сведчанні, якія ўжо маю. Ніводнай зачэпкі. Увогуле нічога.
Да таго ж у мяне з’явілася яшчэ адна праблема. Вядома, пакуль я не сабраў тое, што шукаю, і рана сур’ёзна задумвацца аб гэтым, аднак у пэўны час пытанне паўстане. Паколькі на дадзены момант у мяне не атрымліваецца знайсці дзяцей, то, магчыма, давядзецца збіраць усё паасобку. Аднак каго я скарыстаю для ахвяры? Добра было б знайсці іхні след, але што рабіць, калі я займею рукі нейкім іншым чынам? Дзе мне тады шукаць далей?
14 кастрычніка 1992 года, Мадрыд
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Часам я думаю, што для звычайнага чалавека не так ужо блага было б дажыць свае гады, задавальняючыся наваколлем і ў тым знаходзячы асалоду. Можна цешыцца, назіраючы за тым, як сталее ўнучка, напрыклад. Аднак яна мне ніколі не заменіць магчымасці прайсці свой шлях наноў…