На нейкі момант Міхалу падалося, што ён яшчэ можа выратаваць яе, вынесшы дзяўчынку адсюль і папрасіўшы дапамогі на вуліцы. Ён зноў схапіў дзяўчынку на рукі, але тут жа адчуў: усё дарэмна. Што б ён ні спрабаваў зрабіць зараз, вярнуць Басю ўжо было нельга. Сціснуўшы пальцамі яе плечы, Міхал прыхінуў дзяўчынку да сябе і зарыўся тварам у светлыя валасы.
Юнак міргнуў, стросшы вейкамі слёзы і, павярнуўшы галаву, паглядзеў на двух старых, якія замёрлі паабапал стала. Цяпер яны ўжо дакладна дамагліся вечнасці, да якой кожны з іх так імкнуўся.
Усё ж трэ было выклікаць хуткую дапамогу або паліцыю, ці каго там яшчэ звычайна выклікаюць. Гарадскі тэлефон на першым паверсе не працаваў: Міхал сам бачыў, як найміт Эль-Анабі на ўсялякі выпадак перарэзаў правады, чым выклікаў шматслоўныя папрокі з боку пана Альбрыхта. Трэба было выйсці на двор, але пакідаць Басю адну юнаку вельмі не хацелася.
Ён адняў дзяўчынку ад сябе, зірнуўшы на збялелыя шчокі і вусны, і асцярожна апусціў на падлогу. Адкінуўшы тыльным бокам далоні валасы з яе лба, ён хацеў дакрануцца да Басінага твару, але, толькі зараз заўважыўшы, што цалкам запэцкаўся ў крыві, адхапіў руку. Ён нахіліўся, каб пацалаваць дзяўчынку, і ўзняўся.
Напэўна, тэлефон мусіў застацца ў пана Альбрыхта. Прынамсі, Міхал не памятаў, каб таго хтосьці пазбаўляў слухаўкі. Абышоўшы вакол стала, юнак наблізіўся да старога, з грудзей якога тырчала лязо, і працягнуў руку да яго пінжака. Ён наспех абмацаў кішэні, намагаючыся не глядзець на перакрыўлены твар з разяўленым ротам, але нічога не знайшоў. Міхал адвярнуўся ад пана Альбрыхта і раптам схамянуўся.
Вядома, гэта было глупствам, ён нават не верыў, што гэта можа спрацаваць, але амаль сабраны Ключ стаяў наўпрост перад ім. Старыя не паспелі толькі ўставіць у цэнтральны элемент адмыслова падрыхтаваную свечку.
Міхал некалькі імгненняў пакруціў васковую палачку ў пальцах, а потым схапіў механізм і пацягнуў яго ў круглы пакой з люстрамі. Паставіўшы яго пасярэдзіне, юнак зразумеў, што не мае чым запаліць свечку, і хутка вярнуўся ў кабінет. Забраўшы залатую запальнічку, што ляжала каля зморшчанай далоні Эль-Анабі, ён у апошні раз зірнуў на Басю, што мірна ляжала на тым месцы, дзе ён яе пакінуў, і заспяшаўся назад. Яшчэ некалькі імгненняў у кабінеце – і яго рашучасць знікла б канчаткова.
Міхал уключыў у круглым пакоі святло і сеў перад Ключом на кукішкі. Адчыніўшы вечка запальнічкі, ён паднёс яе да кнота свечкі.
Кола святла імгненна замкнулася, як прадвяшчалася ў тэксце, што захаваў бацька пана Альбрыхта. Прасякнуты чырванню промень распаўся ў розных кірунках ад барвовага каменя, што стаўся апошнім элементам у ланцугу. Святло ў пакоі афарбавалася ў ружовы колер. Міхал нават здзівіўся, што слабое полымя свечкі можа раптам так узмацніцца. Ён узняў галаву і не паверыў сваім вачам.
Па люстрах пачалі бегчы імклівыя цені, што фармаваліся ў суцэльныя вобразы. Кожнае з іх паказвала юнаку розныя моманты з яго жыцця. Ці сапраўды гэтыя люстры маглі правесці яго ў тыя часы? Калі ён быў яшчэ зусім дзіцём і з ім гулялася мама. Ці калі бацька мусіў прыехаць да яго ў Кракаў, каб разам прабавіць вялікія святы? Было і такое люстра, што паказвала смешную босую Басю, якая тапталася ў адной сарочцы пасярод яго пакоя і, дзёрзка задраўшы галаву, пазірала на юнака. І адно, дзе яны ўпершыню сустрэліся ў яе часе пасля доўгага безнадзейнага расстання…
Гэтых люстраў было шмат. Яны ўсе клікалі Міхала і абяцалі паўтарыць найшчаслівейшыя моманты яго жыцця. Юнак круціўся ў роспачы вакол сябе і зазіраў то ў адно, то ў другое. Аднак раптам ён заўважыў раму, што вісела збоку: унутры яе выяўляўся такі ж пакой, як і той, у якім юнак знаходзіўся зараз. Ён падышоў да гэтага люстра і прыгледзеўся.
Міхал не здагадваўся, што яго там чакала. Нават меркаваць не мог. Яно не абяцала ніякай пэўнасці, яно выглядала, як і мусіць зазвычай выглядаць люстра, якое толькі што адчыніла праход у іншае вымярэнне. Але Міхала не адпускала адчуванне, што абраць ён мусіць менавіта яго.
Міхал яшчэ раз абвёў позіркам круглы пакой і прыгадаў, як ужо меў спробу вяртання ў мінулае. Юнак не здолеў штосьці змяніць у ім. Усё адбылося наноў, як бы ён ні намагаўся выправіць прыкрую несправядлівасць. Такая перспектыва не задавальняла яго і цяпер. Са скрухай уздыхнуўшы, Міхал зрабіў крок у невядомасць…
Дзіўна, але зараз юнак не адчуў непрыемнага холаду. Ён проста апынуўся з адваротнага боку. Пакой, як зазвычай, быў завешаны парцьерай, аднак зпад нізу прабівалася сонечнае святло. Міхал адшмаргнуў яе і ўбачыў пана Альбрыхта, які сядзеў за сталом і разбіраў паперы, нешта напяваючы сабе пад нос.
– Вы хто такі? – падскочыў у фатэлі стары, заўважыўшы перапэцканага кроўю, кудлатага Міхала.
– Пан Альбрыхт, не бойцеся мяне, – выставіў наперад рукі юнак. – Які гэта год?
– Што? Адкуль вы ведаеце маё імя? Адкуль вы тут з’явіліся? – пан Альбрыхт спужана глядзеў на хлопца.
– Проста скажыце, які зараз год! – зноў папрасіў Міхал.
– Дзве тысячы восьмы, – непрыемным голасам выразна прамовіў стары. – Цяпер вы патлумачыце прычыну свайго з’яўлення?