Яна патэлефанавала Эве, каб сказаць, што паслязаўтра прыедзе да яе на лецішча, а потым вырашыла праверыць люстра. Бася паставіла стул насупраць сцяны, дзе яно вісела, і ўзялася ўглядацца ў люстраную роўнядзь. Яна пільна глядзела ў шкло, яе думкі паступова сталі рассейвацца, на імгненне Басі здалося, што ў адлюстраванні клубіцца нейкі таямнічы туман, але ў хуткім часе вочы сталі зліпацца, яна пачала засынаць і раптам ледзь не павалілася са стула. Дзяўчынка страсянула галавой і, прыжмурыўшыся, зірнула на люстраную паверхню, але тая здавалася зусім звычайнай і ніяк сябе не выяўляла. Бася ўпікнула сябе за дурную наіўнасць і, махнуўшы рукою на дарэмны занятак, лягла спаць.
На другі дзень тата і матуля паехалі на канферэнцыю, даўшы дачцэ мноства наказаў і перасцярог. Дзяўчынка сабрала якія-ніякія рэчы, што хацела ўзяць з сабой у Тракай, і падумала, што было б някепска прысвяціць вечар прагляданню старых добрых фільмаў. Калі ўсё было перагледжана ды працытавана Басяй услых разам з улюбёнымі героямі, яна адправілася ў свой пакой. Дзяўчынка ўвайшла і ўжо пацягнулася да выключальніка, як убачыла, што з люстра льецца святло. Бася асцярожна падышла да яго і ўбачыла выразнае адлюстраванне пакоя Міхала. Дзяўчынка, нібы зачараваная, працягнула руку да шкла і, ледзь крануўшы яго, адчула ўжо знаёмы холад. Праз імгненне яна апынулася ў залюстравым пакоі. У ім нікога не было. Бася азірнулася: пакой быў халодны і цёмны, толькі за спінаю дзяўчынкі, выпраменьваючы мяккае святло, гарэла люстра. Яна прысела на лаву і вырашыла пачакаць Міхала.
У хуткім часе дзверы адчыніліся і ў пакой зайшоў юнак. Бася падхапілася са свайго месца.
– Ты хто? – замёр Міхал.
«Ён што, зусім ідыёт?» – падумала дзяўчынка, а ўслых сказала:
– Бася я!
– Ой, прабач, я не пазнаў цябе, – сказаў юнак. – Тут так цёмна, пачакай хвіліну.
Ён выйшаў з пакоя і, вярнуўшыся з падсвечнікам, паставіў яго на стол.
– Вось так лепш. У цябе іншы ўбор? – спытаў Міхал, агледзеўшы Басю, на якой былі джынсы і байка.
– Табе не падабаецца? – насупілася дзяўчынка.
– Не, чаму, проста мне здаецца, што тая сукенка пасавала табе значна больш.
– Сукенка? – перапытала яна. – А, дык гэта насамрэч не сукенка, а начная кашулька.
– Сапраўды? А я лічыў, што сукенка. На ёй яшчэ такая расфарбоўка цікавая, я ніколі такой не бачыў.
– Якая расфарбоўка? – занепакоілася Бася.
– Ну, маленечкія блакітныя сабачкі, – усміхнуўся ён.
«Д’ябал! Усё ж такі заўважыў», – засмучана падумала дзяўчынка.
– А па вуліцы вы ходзіце ў такой вопратцы? – пацікавіўся Міхал.
– Так, часцей за ўсё, – кіўнула Бася. – Але і ў сукенках таксама.
– Ага, – працягнуў юнак і раптам спытаў: – А чаму цябе так доўга не было?
– Як жа доўга? – здзівілася Бася. – Мяне ўсяго дзень не было.
– Не можа таго быць! Цябе не было з месяц. Я так чакаў цябе! Кожны дзень, як дурны, перад люстрам сядзеў.
– Чакаў, праўда? – радасна спытала дзяўчынка.
– Ну, не тое, каб чакаў, – збянтэжыўся Міхал. – Ну… Разумееш, я… Я…
Бася падбадзёрваючы кіўнула яму галавой.
– Ну, я… Ну, ты мяне зразумела.
– Не. – Бася з чаканне пазірала на яго.
– Ну, мы ж дамаўляліся. У сэнсе, ты казала, што прыйдзеш… Ну, увогуле… Чакаў, – скончыў Міхал, адчайна пачырванеўшы.
– І я чакала, – сказала Бася, таксама крышку чырванеючы. Міхал апусціў вочы, намагаючыся стрымаць задаволеную ўсмешку, а Бася, каб не засароміць яго, перавяла размову на іншую тэму:
– Слухай, а можна я сяду?
– Зразумела! Зараз, – усхапіўся юнак і прыняўся майстраваць на веку куфра падушкі.
Прыгожа расклаўшы іх, ён агледзеў сваю працу задаволеным позіркам і павярнуўся да Басі.
– Калі ласка, прашу, – ён злёгку пакланіўся ёй, паказваючы на куфар.
Бася села, але куфар аказаўся высакаватым, і ёй прыходзілася ўпірацца ў падлогу толькі дыбачкамі. Дзяўчынка паспрабавала некалькі хвілін сядзець у паважнай позе, але, выявіўшы, што спаўзае па слізкіх падушках, Бася адставіла этыкет і падціснула адну нагу пад сябе. Міхал трохі пастаяў побач, але потым таксама вырашыў прысесці і прымасціўся на самым краёчку куфра, роўна трымаючы спіну і з цікаўнасцю гледзячы, як сядзіць госця. Адчуўшы, як пачынае дранцвець усё цела, юнак сеў па-турэцку, павярнуўшыся да Басі тварам.
– А колькі табе гадоў? – спытала яна.
– Васямнаццаты, – няпэўна адказаў Міхал. – А табе?
– Мне толькі пятнаццаць, – працягнула Бася. – Калі ў цябе дзень нараджэння?
– У чэрвені.
– А зараз які месяц?
– Жнівень, – сказаў юнак.
– Жнівень? Дык табе толькі два месяцы, як сямнаццаць! – недалікатна фыркнула дзяўчынка.
Міхал нахмурыўся. Убачыўшы гэта, Бася паспяшалася загаварыць пра іншае:
– А ў мяне зараз пачатак ліпеня. Атрымліваецца, што ў нас па-рознаму ідзе час.
– Напэўна, – сказаў Міхал.
– А што гэта была за жанчына, якую я бачыла, калі прыходзіла да цябе ў першы раз? Твая матуля?
– Не, гэта карміцелька. Матуля памерла.
– Як памерла? – усклікнула дзяўчынка.
Ад жалю да Міхала на яе вочы навярнуліся слёзы. Яна ўзяла яго за руку, ад чаго юнак адразу паружавеў, і сказала:
– Бедненькі!
– І тата таксама памёр, – журботна прамовіў Міхал. Бася зусім засмуцілася:
– Дык ты сірата? Зусім адзін?