– З чаго б ты так пра мяне клапаціцца стаў! – усклікнула кабета.
– Не, давай я ўсё ж такі сам яго занясу, – настойваў Міхал. – Тым больш што я там на стале кніжкі расклаў.
– Дык што з таго? Мне зараз нельга да цябе ў пакой заходзіць?
– Ды не, карміцелька, ну што ты? Проста я… – юнак не ведаў, якую прыдумаць адгаворку. – Паслухай, калі мы з табой далей будзем спрачацца, вячэра астыне.
– Хм, што, цікава, ты ад мяне такое хаваеш? – падазрона спытала кабета.
– Нічога я не хаваю. Проста стаміўся і хачу есці.
– Ну-ну, – карміцелька ўручыла Міхалу паднос і сышла.
Ён праціснуўся з падносам у пакой і нагой зачыніў за сабою дзверы.
– Вось настырная! – паскардзіўся Міхал. – Як што не так, яна адразу панапрыдумвае сабе немаведама чаго і давай мяне дапытваць.
– Напэўна, яна за цябе турбуецца, – з усмешкай выказала меркаванне Бася.
– Навошта за мяне турбавацца? Я ж ужо сталы мужчына, – прабурчаў Міхал.
Гэта смелая заява надта рассмяшыла дзяўчынку, яна задушылася кавалкам смажаніны і закашлялася. Міхал толькі непрыхільна скасавурыўся на яе. Але Бася ніколькі не збянтэжылася, а, урэшце адкашляўшыся, паглядзела на юнака бязвіннымі вачыма.
Скончыўшы вячэру, Міхал і Бася прыняліся чакаць перад люстрам. Яны напружана ўглядаліся ў люстраную паверхню, але нічога не адбывалася. Бедны юнак, якому, у адрозненне ад дзяўчынкі, да гэтага часу не давялося паспаць ні хвілінкі, ужо ледзь трымаўся на нагах, душыўся пазяханнямі і намагаўся шырока раскрываць вочы, каб яны знянацку не заплюшчыліся. Раптам у люстраной роўнядзі нешта ўскалыхнулася.
– Вось, яно адчыняецца! – радасна ўсклікнула Бася і падскочыла да люстра.
У адлюстраванні нешта загаралася яшчэ і яшчэ, дзяўчынка працягнула руку, але шкло заставалася гэтакім жа цвёрдым, як раней. Яна нахмурылася і прыгледзелася да люстраной паверхні. Выявілася, што гэта проста калыхаецца полымя свечкі.
– Не, здалося, – расчаравана вымавіла Бася.
Яны пасядзелі яшчэ трохі ў поўнай цішыні. Калі на дварэ зусім сцямнела, Міхал устаў і зачыніў аканіцы. Дзяўчынка ў апошні раз кінула на люстра безнадзейны позірк. Закрыўшыся рукамі, яна пачала плакаць, захліпаючыся і размазваючы слёзы па твары.
Міхал спачувальна паглядзеў на дзяўчынку. Ад жалю ў яго сціснулася сэрца. Ён падышоў да яе і прысеў на кукішкі насупраць.
– Цішэй, Бася, не плач. Не трэба. Люстра абавязкова адчыніцца. Быць таго не можа, каб яно не адчынілася! – супакойваў ён.
– А што, калі яно назаўсёды зачынілася? – усхліпнула дзяўчынка. – Што, калі я больш ніколі не траплю дамоў?
– Ну што ты! Вядома, трапіш. Не хвалюйся – у цябе ж люстра не кожны дзень адчынялася, праўда?
– Угу, – працягнула дзяўчынка. – Але ў цябе ж прайшоў цэлы месяц!
– Ну, ну. Не трэ плакаць. Давай зараз класціся спаць, а заўтра мы ва ўсім разбяромся, тым больш што я не пайду на службу.
– Добра, – згадзілася Бася.
– Вось толькі дзе мне цябе пакласці? – сам сябе спытаў Міхал. Ён азірнуў пакой. Потым падышоў да самага вялікага куфра і, дастаўшы некалькі падушак і коўдраў, узяўся майстраваць на яго плоскім веку пасцелю. Дзяўчынка спачатку назірала за яго намаганнямі, а калі ён урэшце скончыў, узнялася з лавы і сказала:
– Ну, вось і добра, што ты прыдумаў, дзе будзеш спаць. Дабранач табе, Міхалачак!
Яна шпарка забралася на ложак і завесіла за сабою полаг. Міхал разгублена паглядзеў спачатку на ложак, захоплены Басяй, а потым на куфар, на якім яму прыйдзецца спаць. Ён пакрыўджана засоп, але, скарыўшыся, залез на века куфра. Юнак падціснуў калены, каб ногі не звісалі ўніз, і накрыўся коўдрай. Цвёрдае века непрыемна ўразалася яму ў бок, Міхал паспрабаваў улегчыся як-небудзь паўтульней, але ён так стаміўся, што, толькі цяжка і перарывіста ўздыхнуўшы, падсунуў пад шчаку руку і адразу заснуў.
Раніцай карміцелька, ціхенька адчыніўшы дзверы, на дыбачках увайшла да Міхала ў пакой. Убачыўшы, што юнак нязручна спіць на куфры, яна толькі ўсміхнулася. Кабета пракралася да ложка і, асцярожна адхіліўшы полаг, каб не пабудзіць Басю, паглядзела на дзяўчынку, якая мірна пасопвала. Потым карміцелька гэтак жа акуратна завесіла полаг і перабралася да Міхала. Яна шэптам паклікала яго:
– Міхал!
Той нешта незадаволена прабурчаў у сне і закрыўся ад яе рукой.
– Міхал! – гучней паклікала кабета.
– А?! – ускінуўся ён, ледзь не скаціўшыся з куфра. – А, гэта ты, карміцелька.
Міхал ізноў заплюшчыў вочы, спадзеючыся паспаць яшчэ хаця б трошачкі.
– Што гэта ты на куфры качаешся? – спытала карміцелька.
– Я… Я так стаміўся ўчора, што заснуў тут.
– Нават не спрабуй мне брахаць, – строга сказала кабета. – Я яе ўжо бачыла.
Юнак асуджана ўздыхнуў.
– Як гэта табе ўдалося яе прывезці, што ніхто не заўважыў?
– Калі я пазаўчора прыехаў, вы ўсе ўжо спалі.
– Як жа я не пачула? – здзівілася карміцелька.
Міхал расплыўся ў нахабнай усмешцы, задаволены тым, што хаця раз у жыцці здолеў ледзь-ледзь, але ашукаць карміцельку, якая заўжды так турбавалася і сачыла за кожным яго крокам.
– І адкуль ты прывёз яе?
– З-пад Ліды.
– А яна так адразу і згадзілася?
– Вядома. Я паклікаў яе разам з сабой, і яна паехала, – ілгаў напрапалую юнак.
– А хто яна?
– З беднай шляхетнай сям’і.