Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

Вырвіч не паленаваўся схадзіць да банкіра Мамоніча, спраўдзіць, што належыць перадаць Ганульцы. Куфэрачак з каштоўнасцямі, упрыгожаны срэбнымі налепкамі з выявай герба Агінец, Пранціш перабіраць не стаў, але здагадваўся, што пасаг у цемнавокай сціплай паненкі Макавецкай цяпер немалы.

Куфлі ў апошні вечар перад выправай у дарогу прыгожанькая Рыўка налівала Пранцішу Вырвічу з верхам, а ўсміхалася з абяцаннем… Зоры над Вільняй былі буйнымі, як залатыя яблыкі, здавалася, іх можна стрэсці з нябёснага дрэва, варта толькі знайсці, дзе звісаюць ягоныя галінкі, каб ухапіцца… І няхай дзесьці за акіянам пані Паланэя гушкае рудавалосага сынка, знойдзецца вялікае каханне для пана Вырвіча і на Беларусі…

Хто бярэцца з намі піці,Той нясумна будзе жыці.У забавах гора гіне,Зноў лье піва гаспадыня.Захлябнецца гора півам,Грукнуць келіхі шчасліва.Будзем піці, жартаваці,Будзем славіць Вакха, браце.Першы тост звычайна п’еццаЗа ўсіх тых, хто тут збярэцца.П’ем, другі, каб волю меці,За жыццё падымем трэці.Чацьвёрты за Царкву Хрыстову,Пяты за моц князёву.Шосты за людзей вольных,А потым п’е хто здольны.

А раніца нагадвала стол, накрыты па старажытным звычаі, калі мяса абавязкова падавалася пад чатырма падліўкамі: жоўтай, з шафранам — гэтак выглядаў таненькі пасак аблокаў, пазалочаны сонцам; чырвонай, з вішнямі — бо вышэй неба чырванела; чорнай, з працёртымі слівамі — цямнелі абрысы вострашпілевых віленскіх будынкаў на фоне золку; і шэрай, з варанай цыбулі. Шэрага было больш за ўсё, бо халодны туман адступаў неахвотна, быццам начны драпежнік, які не паспеў загнаць кіпцюры ў здабычу, пакуль не развіднела, і цяпер змушаны сыходзіць у логвішча галодным.

Маўклівы Лёднік, захутаны ў чорны дарожны плашч, ад чаго страшэнна прыпадабняўся змерзламу крумкачу, пахмура пазіраў на брукаванку, аб якую нетаропка пацоквалі капыты ягонага каня, гэткага ж пахмурага. На брукаванцы не валялася нічога цікавага, акрамя разбітых надзеяў. Змястоўная карэта са шчыльна заторгнутымі чорнымі фіранкамі, якую належала суправаджаць да Гуты, была вельмі звычайнай. Без гербаў, без асаблівых аздобаў. Колькі такіх трасецца на дарогах краю, везучы падарожных па слядах няўлоўнай Фартуны! Але Пранцішу Вырвічу гэтая карэта чамусьці нагадвала пахавальную. Можа, таму, што ў ёй было ціха, як у труне, і яна гэтак жа захоўвала страшную таямніцу. А што, калі і праўда там нябожчык? Той пан Якуб Шрэдэр ні разу не высунуўся, голасу не падаў. Толькі ягоны суправаджаючы, ён жа — галоўны ў іхнім падарожжы, які прадставіўся панам Зыгмунтам Гросам, паказаўся быў з вакна карэты, каб прывітаць Баўтрамея і Пранціша, але Вырвіч у прыцемку толкам яго і не разгледзеў. Фурман маўклівы, як брукаванка, ды й моцны, як камень: вунь якія плечы, і два пісталеты за поясам…

Але калі ад’ехаліся вёрст за дзесяць ад места, і не было на дарозе нікога, акрамя ценяў ад аблокаў, а яліны падбягалі так блізка, быццам гуляліся з вершнікамі ў салкі, фурман прытрымаў коней. Пранціш ад нечаканасці ледзь не ўзняў свайго каня на дыбкі, моцна тузануўшы за аброць. Вакенца карэты расчынілася, высунуўся пан Зыгмунд. Цяпер Пранціш мог добра яго разгледзець: гадоў сарака, гладка паголены, запалыя шэрыя вочы, прыплюснуты нос… Пляскаты невыразны твар чалавека, з якім, аднак, не хочацца сварыцца, бо, не змяніўшыся ні рысачкай, суне табе нож пад рэбры.

— Пан Лёднік, патрабуецца вашая дапамога.

Голас у пана Гроса быў таксама невыразны, халодна-абыякавы. Так гавораць людзі, якія не сумняюцца, што іх паслухаюцца.

Пранціш хадзіў па бляклай траве на ўзбочыне туды-сюды і з усіх сілаў намагаўся не выявіць сваёй цікаўнасці да таго, што адбываецца ў карэце, у якой доктар аглядаў таямнічага Якуба Шрэдэра. Драгун падбіваў наском чырвонага бота каменьчыкі, насвістваў маршы… Дужа не хацелася паказваць нават найменшую слабасць перад шэравокім панам Зыгмунтам. Той стаяў каля адчыненых дзверцаў карэты, як бы на варце. Высокі, як Лёднік, таксама хударлявы, але калі доктар быў жылісты і імклівы, гэты здаваўся высечаным з каменю. На фізіяноміі дробныя шнары, рукі не спешчаныя, пісталеты і шабля дарагія, надзейныя — падобна, вайсковая справа пану не ў навіну. Нечым падобны да знаёмага найміта-забойцы Германа Ватмана. Але не вайсковец, як той, не. Стаіць нерухома, а пальцы павольна перабіраюць ружанец. Вочы нагадваюць два алавяныя гузікі, вусны не варушацца, але няма сумніву — моліцца. Мніх? Але чаму тады ў парыку, капелюшы, дарагім чорным камзоле са срэбнымі галунамі?

— Вырвіч, падыдзі! — гукнуў з карэты Лёднік.

Драгун шуснуў у карэту.

Перейти на страницу:

Похожие книги