Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

— Мне здаецца, я… нейкі няздара. Я не ведаю, хто я, для чаго існую. Смешна, што трэба было дажыць да дваццаці трох гадоў, каб задаць сабе такія пытанні! — Пранціш горка засмяяўся. — Не пярэч, я праўду кажу. Вось ты спрабаваў прыладзіць мяне да навукі… Так, мне многае было цікава, я някепскім мог бы стаць доктарам… Але ты сам ужо ў маленстве не меў ніякіх ваганняў і гатовы быў дзень і ноч праводзіць за доследамі, ахвяруючы гульнямі. У мяне ж такой жарсці ніколі не ўзнікала. Магу ў механізме пакалупацца, магу ў карты пагуляць — з аднолькавым задавальненнем. Вось, думаў — вайсковая справа мяне захопіць… Што ж, я — добры вой! — Вырвіч сказаў гэта без ценю хвальбы. — Але прысвяціць жыццё вайне… Муштры… Гэтага ўжо мала. Заняцца гаспадаркай? Выкупіць зямлю ў Падняводдзі, што належала продкам? Заснаваць мануфактуру? Мяне праз месяц пацягне ў вандроўкі. Ты навучыў мяне фехтаванню — але і тут я не гатовы, як ты, адпрацоўваць якісь скачок дні і ночы, пакуль не атрымаецца. Нават у каханні я — не гарачы і не халодны, а цёплы, які стан асуджае нават Святое Пісанне. Ну не кінуўся ж я біцца да смерці з панам Гервасіем Агалінскім, не ірвануў за Паланэяй у Амерыку, як кавалер дэ Грые за Манон Ляско… А каб панна зараз прыехала да мяне — уцякла, скажам, ад мужа ці засталася ўдавою, з дзіцем на руках — я б, вядома, прыняў яе з радасцю… Але крылы б у мяне не выраслі, прызнаюся сумленна. Я, напэўна, недастаткова яе кахаю, каб прабачыць усё і прыняць усялякай. Вось, Багінская папракала мяне, што я не звяртаў увагі на яе камерыстку Ганульку, якая ў мяне так закахалася, што да нервовай гарачкі дайшла. Мне шкада той дзяўчынкі… Але я да яе ўсё роўна абыякавы. Ні ў чым няма ў мяне пэўнасці, простай лініі. Так, я праваслаўны, веры не зракуся, але мне не падабаецца, што маю зямлю заваёўваюць мае адзінаверцы з Расіі. Я ліцвін, але мяне лічаць здраднікам суайчыннікі, бо трымаюся сваёй веры і супраць, каб зачынялі мае храмы. Як быццам у мяне дзве душы, і ніводная не адчувае спакою і паўнаты быцця. A posteriori, я — бяздарнасць, Баўтрамей.

— Ты — проста тыповы ліцвін, — Лёднік быў вельмі сур’ёзны. — Такі лёс народаў, якія жывуць на раздарожжы, на сутыччы культур і цывілізацый. Нас топчуць, як трыпутнік, а мы ўстаем. Нам прыўлашчваюць розныя назовы, а мы застаемся сабою. Павер, на нас гэта не скончыцца. А наконт тваёй бяздарнасці… Паслухай, многія за ўсё сваё жыццё не задаюць сабе такіх пытанняў, якія мучаць цябе. Гэта яны няздары — а не ты. А калі пачаў думаць — значыць, рашэнне знойдзецца. Шлях сам цябе абярэ. Дарэчы… — Лёднік з няёмкасцю хмыкнуў, — ты не назваў яшчэ адзін свой талент… Літаратурны.

У Пранціша аж шчокі запалалі.

— Адкуль ты…

— Ну, не ўсё згарае на попел у нашым каміне… — адвёў вочы доктар. — Паслухай, ты дарэмна так саромешся сваіх паэтычных практыкаванняў, — вельмі сур’ёзна сказаў Лёднік. — Улада над словам мала каму даецца… Тым болей на гэтай зямлі, дзе ліцвінам увесь час спрабуюць навязаць іншую мову і іншую веру. А памятаеш прамову Мялешкі? Альбо дзённік Еўлашоўскага? Дасціпна ж напісана, прыгожа гучыць? Старажытны кітайскі мысляр Канфуцый аднойчы сказаў: калі словы трацяць сэнс — людзі трацяць свабоду. Можа быць, пан Прантасій, гэтая зямля, дзе столькі паданняў, легенд і дзівосных авантураў, чакае, каб загаварыць тваймі вуснамі на той мове, якая ёй Богам дадзеная? Каб зразумела і Паланэя Багінская, і млынароўна Саклета, знаўца зёлак… Варта толькі перастаць пераймаць кагосьці — і пісаць ад сэрца… Падумай…

Вырвіч фыркнуў: бачыў ён прыдворных паэтаў, кшталту пана Матушэвіча, якія спявалі дыфірамбы сваім апекунам альбо сачынялі куртуазныя гісторыйкі для іх пацехі. Вядома, золата ім сыпалі жменямі… Але ж, калі што, як блазнаў, маглі адлупцаваць. А пісаць сур’ёзныя кнігі, кшталту даўжэзнай павучальнай гісторыі пра Трыстрама Шэндзі альбо скандальнай «Новай Элаізы»… Куды там драгуну!

Тут жа ў галаве прамільгнула здрадлівая думка: «А чым кепскі драгун? Вунь Русо лёкаем быў… Магчыма, Пранціш Вырвіч станецца беларускім Мальерам альбо Буало!».

У галаве адразу закруціліся новыя радкі, як мухі вакол разлітага сочыва…

«У сэрцы трымціць залатая страла неспагады.Чароўная Дама цябе лекаваць не збярэцца.Ты мусіш забыцца на ўласныя раны і звады,Айчыне ў ахвяру прынесці разбітае сэрца».

А да бліжэйшай карчмы пад красамоўнай назвай «Кілбасы» яны не звярнулі. Хаця Вырвіч ужо без ранейшай агіды ўспамінаў нават застолле ў суддзі Юдыцкага і «вачасты» пачастунак кітайца. Што азначала — даўно варта перакусіць. Хаця б пасёрбаць жур з вяндлінай… Ці хоць локшыны зжаваць…

Пан Зыгмунд Грос дэкляраваў, што заначуюць у вельмі добрых умовах, у маёнтку з гасціннымі гаспадарамі. Цікавіцца іх імёнамі таксама не выпадала — па трыста дукатаў доктару і драгуну заплацілі не за роспыты.

Перейти на страницу:

Похожие книги