Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

Пан Якуб Шрэдэр аказаўся немаладым і шчуплым. Кароткія сівыя валасы, маршчыністы круглы твар, сціплая белая кашуля без карункаў, чорны камзол… Сядзенне карэты расклалі, каб хвораму было выгодна. А што пан Шрэдэр хворы — Пранцішу стала ясна з першага погляду. Хаця цёмныя вочы з пажаўцелага твару паглядалі так пранікліва і разумна, што ў душэўную хваробу не верылася. Тыя вочы падаліся Пранцішу нейкімі дзіўнымі, занадта цёмнымі, ці што… Яшчэ заўважыў Пранціш, прыгледзеўшыся — праз увесь твар старога ішоў тонкі шнар, заўважны толькі спрактыкаванаму воку лекара. Лёднік прыкладваў мазь да скабаў хворага.

— Вырвіч, дастань з валізы яшчэ корпіі, вымачы ў бальзаме, — адрывіста загадаў прафесар.

Пан Шрэдэр маўчаў, пільна сочачы за маніпуляцыямі, якія з ім праводзіліся, час ад часу стрымліваў стогн. Падобна, што ў яго былі не так даўно пераламаныя ледзь не ўсе косткі і вывернутыя суставы. Хаця шнараў ад ляза, куляў ці бізуна, якіх багата назапасіў сам доктар Лёднік, не бачылася. Затое нешта агульнае ў доктара і пацыента знайшлося. Бутрым асцярожна прыўзняў даланю старога: акурат пасярэдзіне ружавеў невялікі зморшчаны шнар, як і на другой руцэ… Такія самыя шнары прыкрашалі і далоні Баўтрамеюса: калісьці яму давялося дзеля выратавання сябе і сваіх спадарожнікаў прайсці праз дзікі рытуал у маленькім гарадку, да якога набліжалася чума. Толькі набыццё штучных стыгматаў там лічылася ачышчэннем ад грахоў.

— Ці не гасцяваў пан Шрэдэр у Тамашове? Магчыма, і з айцом Габрыелюсам знаёмы? — ціха спытаў Баўтрамей на лаціне і паднёс да вачэй хворага сваю даланю, паказваючы шнар. Пан Шрэдэр уздрыгнуў, ягоныя цёмныя вочы ў сетцы зморшчын збліснулі… Але адказаць не паспеў — Зыгмунт Грос зараз жа зазірнуў у карэту:

— Пан доктар, вас папярэджвалі — хворага нельга напружваць ніякімі размовамі!

Запалыя вочы Гроса зыркалі злосна, як у незамужняй цёткі, пад носам якой пляменніца ўмудрылася спаткацца з увішным маладзёнам. Лёднік падціснуў вусны. Хто б сумняваўся, што справа нячыстая? Пан Шрэдэр заплюшчыў вочы, так што нельга было зразумець, што ён насамрэч думае і адчувае. Грос назіраў за працэсам лячэння да канца, потым зноў сеў са старым у карэту і нават фіранкі заторгнуў.

— Як ты думаеш, Бутрым, хто гэты Шрэдэр? Зняволены? Можа, нам варта яму дапамагчы? — усхвалявана прашаптаў Пранціш, калі яны з доктарам адсталі ад карэты на бяспечную адлегласць, каб бялявы Грос не падслухваў. Лёднік адмоўна пакруціў галавою.

— Не думаю. Апынемся ў становішчы добрага дзіцяткі, якое цягне рыбку з халоднай няўтульнай калюжыны на цёплы сухі пясочак. Думаю, ты зразумеў, што пана катавалі — і рабілі гэта прафесійна, расцягваючы суставы. Што ён хаваецца — і зайцу зразумела. Ты заўважыў, спадзяюся, што ягоныя вочы аканітам закапаныя, каб колер змянілі?

Пранціш няпэўна хмыкнуў — па-праўдзе, яму такое і ў галаву не прыйшло. Лёднік зразумеў і дакорліва пакруціў галавою:

— І навошта я цябе анатоміі вучыў… У яго ж пашыраныя зрэнкі так, што радужкі не відно. А па ягоных паводзінах з гэтым застрашлівым Гросам я б сказаў, што яны ягады з аднаго куста. І ведаеш, магу свой улюбёны мікраскоп закласці на тое, што яны абодва — езуіты.

— Праўда, — пагадзіўся Пранціш. — Я на святых айцоў нагледзеўся — і ў расах, і ў цывільным. І ў Тамашове пан Шрэдэр дакладна бываў!

— Дзе таксама даводзіў, што ён не блюзнер, — прабуркатаў Бутрым, кідаючы пагляд на ўласную прабітую руку. — Спадзяюся, што хаця б да суполкі айца Габрыелюса нашы спадарожнікі не маюць дачынення. Ведаеш, неяк мне не надта хочацца зноў з той кодлай, завернутай на таемных ведах, звязвацца.

Вецер быў не халодны, але ўжо і не летні — з першым подыхам восені. Карэта кацілася няхутка, хаця драгун зараз прыпусціў бы чуйдух цераз вунь гэтае поле…

— Чым пан Вырвіч так пераймаецца? — ціха спытаў Лёднік. — Амерыканскае рэха, так бы мовіць?

Вырвіч патрос галавой.

— Ды не… Вядома, смыліць, і на панну Паланэю я не забудуся ніколі, але тое, што я яе страціў — усё роўна, як упэўніцца, што па аблоках нельга прабегчыся. Ведаеш, можа, таму і страціў, што ніколі да канца не верыў, што змагу ажаніцца з сястрой князя Багінскага.

— Тады што цябе так трывожыць? — асцярожна спытаўся доктар. Вырвіч нейкі час ехаў моўчкі, апусціўшы галаву.

Перейти на страницу:

Похожие книги