Лёднік апусціў вочы, і Вырвіч нават ціхенька штурхануў былога слугу пад сталом, бо бачыў, што той угневаны так, што можа сарвацца. Аднак голас доктара гучаў роўна.
— Адзін габрэй, полацкі аптэкар Лейба, дапамог мне знайсці шлях у жыцці, і не чакаў для сябе карысці, калі падтрымліваў і навучаў мяне, малога. Дабрэй і мудрэй чалавека я не ведаў. Нягоднікі і прыстойныя людзі ёсць ва ўсіх народаў, вашамосці. І ўсім аднолькава баліць, і аднолькава не хочацца паміраць. Думаю, панства нічога не згубіць, калі дазволіць мне выканаць прысягу Гіпакрату.
Баўтрамей падняў вочы і сустрэўся позіркам з Якубам Шрэдэрам, які дагэтуль не прамовіў ні слова.
— Няхай ідзе… — ціха прамовіў стары, і Грос з Лапушынскім пакорліва нахілілі галовы. Гаспадар нават падняўся з-за стала:
— Пойдземце, доктар, я вас правяду.
Зняволеная жанчына, аднак, зусім не нагадвала скрадзеную прынцэсу. Яна была тоўстай, як дзяжа, з пукатымі вачыма і губастым ротам, і шарахнулася ад Лёдніка, які памкнуўся агледзець яе, як бы доктар быў нячыстай сілай. Праклёны і прыніжаныя просьбы чаргаваліся ў спадарыні зусім нелагічна. Наколькі можна было зразумець з яе няспыннай гутаркі, у якой перамешваліся словы некалькіх моў, карчмарка прасіла адпусціць яе да дзетачак і ўлюбёнага мужа, наракала, што грошай няма аддаць пазыку, тут жа кляла мужа, які тыя грошы не змог зарабіць, і даўно выраслых дзетачак, якія лынды б’юць, замест таго, как дапамагаць татусю і мамусі ў высакароднай карчмарскай справе, а таксама горача завярала, што вось-вось памрэ ад пакутаў… Праўда, Лёднік змушаны быў прызнаць, што жыццю палонніцы пакуль нічога не пагражала — голадам не марылі, ночы цёплыя, але папярэдзіў, што ў кабеты раматуз і нестрававанне.
Піць лекі, прапанаваныя худым дзюбаносым прыхаднем, карчмарка адмовілася з такімі крыкамі, быццам яе сабраліся труціць. Пан Лапушынскі з’едліва пасміхнуўся:
— Ну што, пан доктар, задаволілі сваю цікавасць? І варта было сюды цягнуцца з-за стала? На маім баку праўда, вашыя мосці. Майсей палову пазыкі прынёс, значыць, і другую знойдзе. Пасядзіць баба. Не разваліцца.
Пранцысь Вырвіч глядзеў на кабету, якая ў аксамітнай сукенцы колеру спелага каштану і каптуры з бялюткімі карункамі сядзела на сене, яму і шкада яе было, і раздражнялі крыкі.
— І колькі карчмар вам яшчэ вінен? — папытаўся Лёднік гаспадара.
— Пяцьдзесят дукатаў, — адказаў Лапушынскі. — І ні шэлега не саступлю. Не таму, што грошай шкада — а каб правучыць паскудніка Майсея. Каб другі раз махлярыць пабаяўся.
Пад прыніжаныя запэўніванні Майсеіхі наконт таго, што такіх грошай яны з мужам у руках ніколі не трымалі, панства вярнулася ў дом. Чорныя сосны паныла спявалі шаргатлівую калыханку, пад якую не тое што засынаць — паміраць не хочацца.
Уночы Вырвіч чуў, як Лёдніка клікалі да пана Шрэдэра, якому зноў сталася кепска — і куды валакуць такога скалечанага? Дый крыкі зняволенай карчмарыхі некалькі разоў будзілі. Баба мела сапраўды жалезнае горла, бо нават не ахрыпла ад гэткай напругі. А нараніцу, шэрую, як выцвілая на прыдарожным крыжы ануча, перш, чым сесці ў пададзеную проста да ганку карэту, у якую ўжо ўсадзілі таямнічага калеку, Лёднік працягнуў гаспадару цяжкі мяшэчак:
— Пяцьдзесят дукатаў, ваша мосць. Я забяру кабету.
Пранціш прытрымаў ягоную руку:
— Я ў долі… Напалам.
Доктар трохі падумаў і кіўнуў галавой.
Пан Лапушынскі вырачыў на гасцей заспаныя вочы:
— Запэўніваю вашых мосцяў, што ад ейнага мужа вы прыбытку не атрымаеце. Майсей скнарышча, якіх пашукаць. На пару з жонкай колькі з п’яных лішняга здзерлі…
Лёднік не адвёў вачэй.
— Бог усім суддзя. Прашу васпана адпусціць зняволеную.
Лапушынскі паціснуў плячыма і ўзяў мяшэчак.
— Толькі таму, што не хочацца крыўдзіць вашу мосць. Не мог і ўявіць, што Майсеіха можа займець рыцараў-заступнікаў. Але чаго на свеце не бывае… Пане Каханку вунь любіць таўсманых, каб за стан не абхапіць. А другі мой знаёмы мурынку ў Багінскіх выкупіў, якая ўмела на клавікордах граць, і так ужо закахаўся…
Былы алхімік на пацвельванні не адказаў, прамаўчаў і драгун… Майсеіха выбегла з хлява, смешна валюхаючыся, і нат не зірнула на сваіх выратаваўцаў—магчыма, пералякаўшыся ды накрычаўшыся, проста не цяміла, што і чаму адбываецца. Калі карчмарыха прабегла паміж мармуровымі Артэмідай і Мінервай, дваровы хлапчук залівіста свіснуў услед, і кабета прыпусціла яшчэ хутчэй, падабраўшы падол аксамітнай сукенкі, да якой прыліпла сена.
Пан Лапушынскі толькі крыва пасміхнуўся ўслед сваім гасцям: ён відавочна палічыў драгуна і доктара нейкімі дурнямі. Абыдзецца цыганскае вяселле без марцыпанаў. Калі ад’ехаліся ад Чорных соснаў, абагнаўшы карчмарыху, якая, каб прапусціць карэту як падалей, ламанулася ў прыдарожныя хмызы, Грос высунуўся з вакенца, абмерыў вачыма чорную постаць Лёдніка:
— Лепей бы васпан аддаў тыя грошы жабракам ля царквы. Гэтая баба нават дзякуй вам не сказала.
Доктар нат галавы не павярнуў, седзячы на кані.
— Такія справы робяцца не дзеля падзякі. У мяне была магчымасць сплаціць мой уласны доўг — і я гэта зрабіў. А рахункаваць будуць не тут…