Грос хмыкнуў і схаваўся ў карэце. Пранціш, які не адчуваў радасці ад змяншэння вагі свайго кашалька, таксама не вытрымаў, каб не выказацца:
— І ўсё-ткі, Бутрым, не разумею цябе. Кабета ж не памірала. Не ў яе з мужам пазычылі і не аддавалі — а яны вінаватыя! А баба якая паскудная… Чаму мы павінны былі выплочваць доўг карчмара?
Туман сцяліўся ў лагчынах, як быццам цэлая зграя зайцоў узялася варыць піва. Лёднік сумна глядзеў удалеч.
— Вядома, лягчэй ратаваць людзей, нам прыемных. Удзячных, прыгожых… Каб нас іншыя за гэта пахвалілі, каб усё выглядала разумна. А каму прыемны быў я, мурзаты, дзікі, непрыгожы хлапчук, які звык, што калі нехта побач уздымае руку, дык каб ударыць, а не прылашчыць? Таму й намагаўся паспець зрабіць гадасць сам. Першае, што я ўчыніў, калі патрапіў у дом да дзядзькі Лейбы, куды мяне прывёў ягоны сябар і мой выхавацель Іван Рэніч — пастараўся непрыкметна перамяшаць усе д’ябальскія парашкі. Як жа, я знаходзіўся ў доме іншаверца, ворага! А дзядзька Лейба толькі пасмяяўся, шчыра так, па-добраму, сказаў, што з мяне неадменна атрымаецца добры алхімік. І паказаў некалькі… эфектных узаемадзеянняў між рэчывамі. З маленькімі выбухамі.
Лёднік трохі памаўчаў, апусціўшы галаву, з навіслых шэрых хмараў пасыпаліся халодныя кроплі восеньскага дажджу, дробныя, як інфузорыі.
— Мне даводзілася лячыць людзей, якія былі ўпэўненыя, што я ім шкоджу. І калі мне, добра папацеўшы, удавалася паставіць такога на ногі, ён усё роўна лічыў, што паправіўся насуперак мне. Але, павер, калі б я дзеля выратавання такога чалавека рабіў менш намаганняў, чым дзеля ўдзячнага, я нічога не варты быў бы, як доктар… І як чалавек таксама. Я бачыў, як падчас пошасці звар’яцелы ад жаху натоўп разрывае на кавалкі лекараў, якія рызыкуюць жыццём, каб пошасць спыніць… Я тады ацалеў — і лекаваў зноў. І цяпер — мы маглі дапамагчы, і дапамаглі. Аб гэтым ніколі не варта шкадаваць.
А потым здарылася тое, дзеля чаго, падобна, доктара з драгунам і наймалі… Карэту перапыніў раз’езд расейцаў. Жаўнераў дзесяць на чале з афіцэрам — не так шмат, каб усё выглядала безнадзейным, але замнога, каб спадзявацца на лёгкую перамогу. Афіцэр патлумачыў, што згодна дамове імператрыцы і польскага караля яны маюць права адшукваць і вяртаць у Расію збеглых прыгонных і жаўнераў.
— Ці няма тут расійскіх падданых?
Афіцэр пільна вывучаў абліччы падарожных, так і цэлячыся зазірнуць у карэту, і нагадваў адмысловага сабаку гетмана Браніцкага, навучанага шукаць чорныя труфлі ў тутэйшых пушчах. Пан Зыгмунд Грос выйшаў на дарогу. Проста ў гразь, пад дождж. Вырвіч глядзеў і не пазнаваў уладнага, засяроджанага пана. Невыразнае аблічча таго проста ззяла радасцю, як ад сустрэчы з дарагімі гасцямі, постаць змізарнела, прыгорбілася… І голас не пазнаць: такі мяккі, трохі няўпэўнены — у галаву не магло прыйсці, што такім можна маніць. Грос з нізкім паклонам падаў афіцэру падарожную:
— Няхай пан не сумняецца — мы шчыра любім нашага новага караля, няхай яму дасць Бог здароўя на доўгія гады, гэта жа, як і яе імператарскай вялікасці, імператрыцы, мудрае праўленне якой з’яўляецца ўзорам для нас…
Цяпер Пранцысь быў упэўнены, што іхні спадарожнік сапраўды езуіт, і высокага палёту — гэтак дасканала перакідвацца з ваўкалака ў авечку… А пан Зыгмунд, жаласна распавёўшы пра пакуты бяскрыўднага старога пасажыра карэты і патрэбу ў наведванні святых месцаў, тыцнуў пальцам у прафесара:
— Вось, суправаджае нас сам доктар Баўтрамей Лёднік з Вільні, ён праваслаўны, наш адзінаверац, і блізкі сябар графа Разанцава. Пан доктар наведвае прыход парушанай Віленскай Свята-Духавай царквы, утрымлівае шпіталь пры ёй… А гэта ягоны вучань, пан Вырвіч, таксама бароніць дзядоўскую веру і нашыя святыя цэрквы, абернутыя гвалтам у ганебнае ўніяцтва.
Вырвіч са здзіўленнем зразумеў, што Грос спрабуе выдаць сябе са Шрэдэрам за шчырых праваслаўных вернікаў, нават пацярпелых ад ганенняў… І яму гэта выдатна ўдаецца. А калі афіцэр усё-ткі зазірнуў у карэту, і Пранціш цікаваў з-за ягонага пляча, яшчэ раз здзівіўся: пан Шрэдэр сядзеў, закінуўшы нага на нагу, і ўсміхаўся трохі стамлёна, але таксама шчыра — акуратны капялюш, парык, шэры пералівісты камзол, твар напудраны, шчокі нарумяненыя: гэткі дзядуля, якому ля каміну сядзець і ўнукам казкі расказваць.
Між тым нехта з жаўнераў пазнаў віленскага доктара, і афіцер ветліва звярнуўся да таго:
— Пан Лёднік, рады пазнаёміцца з вамі асабіста. Мы шукаем не толькі збеглых мужыкоў, але і злачынцаў больш высокага рангу. Адзін з іх уцёк ажно са Шлісельбургскай вязьніцы, з дапамогай змоўшчыкаў. Ён гадоў шасцідзесяці, светлыя вочы, невысокі… А галоўная прыкмета — чырвоны шнар праз усю левую шчаку. За выкрыццё злачынцы прызначаная вялікая ўзагарода… Вы ж не сталі б хаваць ворага дзяржавы, доктар?
Афіцэр пільна глядзеў на Лёдніка. Той заставаўся спакойны.
— Вы самі назвалі мяне доктарам. Я не ўмешваюся ў палітычную барацьбу. Мая справа — лячыць.
— Што ж, гэта заслугоўвае павагі, — афіцэр, памарудзіўшы, пакланіўся і махнуў рукой жаўнерам. — Няхай святы Мікалай бароніць вас у дарозе.