— Знайдзі хаця б тую, якую ванітаваць ад тваіх дотыкаў не будзе! — выкрыкнула Міхалішыўна, і Батыста злосна прыжмурыўся. Цяпер ясна, калі Раіна застанецца ў гэтым доме, яе чакае самае суровае пакаранне. І Пранціш вырашыў біцца да апошняга…
— Значыць, тысячы дукатаў пану за ягоную асістэнтку мала… — задумліва прагаварыў Лёднік.
— Запэўніваю, у вас ніякіх грошай не хопіць! — насмешна пацвердзіў Батыста. — А паводле закону, калі звезяце маю маёмасць, я заўтра ж падам у суд, і дзеўку мне вернуць з жаўнерамі, а вы сядзеце ў вязніцу.
Лёднік на насмешкі італьянца ўвагі не звярнуў, зноў палез у валізу і дастаў знаёмы квадратны куфэрак, абцягнуты пунсовым аксамітам, адчыніў.
— Карона вульгарыс, звычайная, трохі памятая, але пазнавальная, арнамент друідычны…
Пакуль Лёднік блазнаваў, Батыста ажно ўсякую раўнавагу страціў, ягоны рот ледзь сліну не пускаў, а рукі самі цягнуліся да рэліквіі, як у прапойцы да кварты.
— Адкуль… — прахрыпеў ён.
— Шпегі вашы слаба працуць, — усміхнуўся Лёднік. — Усё законна, падарунак яе вялікасці імператрыцы.
— А, — саркастычная здагадка з дамешкам зайздрасці мільганула ў шэрых, шырока расстаўленых вачах мага. — Плата за палкую ноч… А я думаю, чаму ваша мосць дасюль не генерал і не ўладальнік вялікіх маёнткаў, яе вялікасць шчодрая да фаварытаў. А вы вось што атрымалі…
— А пан Манчыні, трэба разумець, са свечкай каля мяне ў тую ноч стаяў, каб у фаварыты запісаць. У любым выпадку, я не бяру платы за каханне, — халодна прагаварыў Лёднік. — А гэта — так, сувенір, забаўка напамяць… Магу прапанаваць як дадатак за выкуп вашай асістэнткі.
Батыста перавёў позірк на Міхалішыўну, якая ўхапілася за Пранціша, як той, хто патанае, за човен.
— Жанчын час ад часу трэба мяняць… Тым болей такіх, якія могуць цябе нажом пырнуць. Не паверыце, пан Пранціш — спрабавала, і не раз. Добра, пан Лёднік, пагодзімся…
Папера на куплю-продаж актрысы Раіны Міхалішыўны была падпісаная ў прысутнасці сведкаў, прыведзеных прыслугай з бліжэйшай карчмы, дзе заўсёды аціраліся «юрысты з палестры». Потым Пранціш Вырвіч засведчыў, што адпускае сваю набытую кметку Міхалішыўну на волю, на што таксама была складзеная адпаведная папера.
— Калі яшчэ адзін чалавек у гэтым свеце выходзіць са стану рабства, свет робіцца на прыступку вышэй да неба, — задаволена прамовіў Лёднік. — Бывайце, пан Батыста! Паслухайцеся маёй парады: едзьце ў Ангельшчыну! Карона святога Альфрэда — рэч не простая, бачыце, як гаспадароў мяняе… Проста як валан у гульні. Магчыма, сапраўднае месца ёй толькі на радзіме, у скарбніцы ангельскіх каралёў. Да таго ж, там вам заплоцяць даражэй за ўсё. Кароль Георг неадменна захоча пакрасавацца перад сваім бунтоўным народам у кароне, якую насіў святы Эдуард Спаведнік, ды ўцерці нос вігам.
— Слушная парада, прафесар, — усміхнуўся маг, прыціскаючы абедзьвума рукамі да сябе куфэрак, як вясельны каравай. — Шчыра спадзяюся больш з вамі не сустрэцца.
Перавёў позірк на Міхалішыўну.
— А ты, мія кара, заўсёды можаш вярнуцца, калі надакучыць засцянковае жыццё і засумуеш па вялікіх сцэнах ды ўвазе каранаваных асобаў.
— Хутчэй памру! — з нянавісцю прамовіла Раіна, і госці сышлі з дому, асветленага чужым золатам і цьмянымі свечкамі.
У фурманцы Пранціш, тулячы да сябе Міхалішыўну, падняў на Лёдніка шчаслівы твар.
— Ты ж з самага пачатку гэта задумаў, Бутрым! Яшчэ ў Вільні! Грошы ўзяў, карону… Выпрабаваць мяне вырашыў?
Аблічча Лёдніка было задаволеным, як пасля дыспуту, на якім удалося ўсіх апанентаў абвергнуць.
— З табою нешта задумаеш… Хіба я мог уявіць, што ты ў вакно станеш з дзеўкай сігаць? А з’ясаваць трэба было. Ты сам мне казаў, што не ведаеш, чаго хочаш. І заставаўся варыянт, што высакародны пан Вырвіч выбера не прыгонную актрысу, а панну Макавецкую.
— І што тады? — насцярожана папытаўся Пранціш.
— Тады я проста выкупіў бы ў Батысты панну Раіну і ўладкаваў яе дзесь згодна ейнаму жаданню. На такіх актрыс у Еўропе попыт вялікі.
— Дзякую, пан Лёднік… — ціха прагаварыла Міхалішыўна, у яе вачах было столькі ўдзячнасці, што доктару стала няёмка.
— Мяне самога куплялі і прадавалі, — нагадаў ён.
Вырвіч крануў вуснамі фарбаваныя басмай валасы каханай, якім абавязкова павінен вярнуцца першапачатковы русявы колер:
— Я не буду замыкаць яе ў хаце. Яна зможа выступаць на сцэне…
Лёднік скептычна паглядзеў на маладзейшага сябра.
— Я таксама лічыў, што змагу дапусціць, каб Саламея мела медычную практыку. Паглядзім, як складзецца ваша сямейнае жыццё, пан Вырвіч. З такой легкадумнай асобай, як ты, нічога не сплануеш. Гэта ж адурэць, павалок нявесту на сцюжу, у адной сукенцы, акно выбіў, калі дзверы маюцца…
— А дзе ты столькі грошай узяў?
Лёднік адвёў вочы.
— Прафесарскі аклад за год, плюс прадаў спадчыну Разанцава, пару грашовых пацыентаў наведаў, тое-сёе ж адкладзена было, ну і набралася. Якая табе розніца?
Доктар пабуркатаў яшчэ, а пасля далікатна зрабіў выгляд, што задрамаў. Для маладой пары вельмі дарэчы.