Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

— Я не была з Панятоўскім, — прашаптала ў перапынках паміж пацалункамі Раіна. — На Пісанні магу прысягнуць. Спявала для яго, таньчыла… Але ў яго каралеўскай мосці зараз вельмі раўнівая каханка, так што далей, дзякуй Богу, ён зайсці не наважыўся, а я вельмі старалася трымаць бяспечную адлегласць.

Вырвіч пацалаваў яе бровы, вочы і сказаў тое, што думаў.

— Мне ўсё роўна, з кім ты была… Мінулае — страшны сон, а ты са мной ад сёння і да веку…

А над горадам велічна плыў-скакаў алень Святога Губерта, пагружаючы капыты ў сінія хмары, і залаты крыж паміж ягонымі рогамі некаторыя прымалі за месяц, некаторыя — за веер з мануфактуры пана Тызенгаўза, закінуты ветрам на дрэва, а некаторыя — за наступствы добрай беларускай медавухі, толькі што выпітай у гасціннай карчомцы…

І калі і было што пэўнае ў гэтым свеце, дык гэта словы і пацалункі між двума, якія ледзь не страцілі адзін аднаго.

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

АПОШНІ НАЕЗД ГЕРМАНА ВАТМАНА

Калі чалавека гоніць па свеце, як сарваны ліст, неадменна ў ягонай хаце пасялілася Бадзюля, страшная істота, якая змушае чалавека падарожнічаць і шукаць краіну, дзе, вядома, лепей, чым тут…

Прагнаць Бадзюлю проста: падмесці хату, вымыць падлогу чысцютка, і ўвесь бруд выліць на заход сонца. Тады й выскачыць следам Бадзюля, нечасаная, струплівая, апранутая ў адну посцілку…

Вось, здаецца, пані Саламея Лёднік хату трымае ў чысціні, а мужа ейнага час ад часу гоніць па белым свеце, так, што невядома, ці вернецца… А як атрымаецца ў Пранціша і Раіны? Дзе будзе іхні дом, і куды панясе абаіх суворы Похвіст, зімовая завіруха?

Яны прыехалі ў Вільню яшчэ засветла, калі сінія цені дрэў клаліся на заснежаную брукаванку амаль незаўважна, а шэрае неба яшчэ не набыло колеру дыму… Пранціш даўно распавёў Раіне пра гасцінны дом з зялёнымі аканіцамі, пра пані Саламею Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, прыгожую, як Сільфіда, пра маленькага Алеся, нават пра Піфагора і Хвельку. Як жа хацелася апынуцца там, у бяспецы ды ўтульнасці, няхай і ўяўных… Дзе з карціны паглядае Арыстоцель, вельмі падобны да Лёдніка ў старасці, на каміне пакручваецца сіня-белы гадзіннік-ваза, а ў лабараторыі, умацаванай, як маленькая крэпасць, узіраецца шэрымі шклянымі вачыма ў ангельскую далеч, за мора і дзюны, васковая лялька-аўтамат Пандора…

Калі знаёмы дах яшчэ толькі паказаўся з-за заснежаных дрэў, з таго боку пачуўся стрэл і сярдзітыя крыкі… Яшчэ стрэл… А вось, здаецца, жанчына крычыць…

Лёднік высунуўся з фурманкі, выхапіў з рук наёмнага фурмана пугу і сцебануў коней.

Дом з зялёнымі аканіцамі трымаў сапраўдную аблогу. Ля яго стаяла дзясяткі два асёдланых коней, на двары, хаваючыся за дрэвы, бегалі людзі са стрэльбамі і шаблямі. Не ў мундзірах, а, відаць, найміты, бо добра ўзброеныя і з фізіяноміямі, шмат разоў залатанымі… А вось ляжыць штосьці рудое, калматае… Піфагор! Загінуў, верны абаронца…

Час ад часу з гарышча дома стралялі — калісьці Пранціш пастараўся ператварыць тое гарышча ў сапраўдную фартэцыю, з амбразурамі і ладным запасам зброі і пораху. А белавалосы волат прыхінуўся да дрэва і гучна ўгаворваў кагосьці ў доме:

— Ну навошта столькі шуму і клопатаў, мая красунька! Мой замак у Сілезіі чакае цябе, месца вольнае… Няўжо ты забылася нашу палкую ноч? Выходзь разам з каронай, і мы ўсе ціха сыдзем.

У адказ куля зрэзала кару з дрэва якраз каля вуха волата.

— Ну нашто ўсё ўскладняць? На дапамогу табе ніхто не прыйдзе…

На двор чорным віхорам заляцеў Лёднік, за ім бег Пранціш, а Раіна Міхалішыўна, замест таго, каб застацца ў фурманцы, якая, дарэчы, адразу знікла з небяспечнага месца, адно снег узвіхурыўся, таксама бегла з пісталетам і кінжальчыкам.

Лёднік сходу заваліў аднаго з нападнікаў, Пранціш параніў у руку другога, змусіўшы выраніць шаблю.

— Што табе трэба ў маім доме, Ватман?

Найміт глядзеў на доктара, і ягоныя вочы здаваліся то празрыста-белымі, як туман, то бяздонна-барвовымі.

— Ды калі ж ты перастанеш узнікаць, як чорцік з табакеркі, а, Бутрым? Можа, ты не чалавек, а стыхійны дух, і цябе выклікаюць нейкай сакрэтнай формулай: прамовіш услых, бэнц — і доктар Лёднік тут, як мазоль на пятцы, з шабелькай сваёю… А трэба мне дзве каштоўнасці. Адну — для князя Багінскага, другую — для сябе… Князю — карона, мне — красунька.

— Пайшоў прэч! — Лёднік кінуўся на белавалосага волата, але калі і быў у свеце чалавек, роўны доктару па фехтавальным майстэрстве, дык гэта Герман Ватман. Лёднік больш рухавы, але Ватман — настолькі дужы, што ламаў шыі адным дотыкам. А паколькі забойствы былі ягонай прафесіяй, а ў ёй ён лічыўся лепшым у Еўропе, Бутрымавы скачкі і каруселі маглі толькі трохі ўраўнаважыць сілы.

Пранціш біўся адразу з двума, але вось адзін з лаянкай паваліўся, паранены ў нагу. Вырвіч азірнуўся: Міхалішыўна спакойна перазараджала пісталет, нібы не ў чалавека пацэліла, а торт парэзала, і не кулі і лёзы тут свісталі, а вееры ўзмахвалі.

З гарышча зноў пачуся стрэл і крык Саламеі:

— Бутрым, злева!

Лёднік кінуўся на зямлю, і вельмі ў час: адзін з нападнікаў прыстроіўся за агароджай са стрэльбай і ледзь не змяніў ход бойкі.

Перейти на страницу:

Похожие книги