Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

Гаспадары моўчкі стаялі перад парэшткамі свайго дому. Уласна кажучы, магло быць горш. Найбольш пацярпела вітальня і зала — тут агонь вылізаў нават столь. Што адтуль не вынеслі — згарэла. Ад карціны з Арыстоцелем заставалася толькі абвугленая рама, у якой дарэчы глядзелася б толькі мумія. А ўсё яшчэ было залітае вадой, што на марозе, які выстудзіць вуглі, ператворыцца ў лёд.

Але дах быў цэлы. Амаль непарушнай засталася лабараторыя — толькі ад гарачыні канчаткова сапсавалася Пандора, якая цяпер нагадвала нейкую расамаху, а не праўнучку ангельскай каралевы, і Лёднік, уздыхнуўшы, накінуў на аўтамат анучу. Спёка сапсавала многія лекі, а ўжо смурод які ад дыму… Большая частка гардэробу таксама ляснулася, гэтак жа, як і кнігі, што захоўваліся ў зале. Затое ацалеў кабінет прафесара, нават карта Ерусаліму, што засталася ў спадчыну ад аптэкара Лейбы. Лёднік з дрыготкай у руках гладзіў стос сваіх бясцэнных рукапісаў. Ацалеў і катух Пранціша, і ягоны стары камзол, з-за падкладкі якога ён дастаў стосік скрэмзаных аркушаў. Што ж, раз гэтыя вершы не згарэлі нават у пажары, значыць, лёс ім пажыць падаўжэй…

Апошнія клубы дыму расчыняліся ў звечарэлым паветры, згасалі залітыя вуглі… І тут выявілася, што не ўсім доктар — як стрэмка ў горле. Да пагарэльцаў пачалі падыходзіць, адзін за адным прапаноўваліся месцы для начлегу, дапамога ў навядзенні парадку…

Але доктар, падзякваўшы, ад усяго адмовіўся. Ёсць пару некранутых пакояў, печка ў іх цэлая, праветрыцца — пераначуем без шкоды для здароўя. А пераначуем — болей пачуем…

На шчасце, пані Саламея калісьці настояла, каб у доме зрабіць надзейную хованку для каштоўнасцяў. Пад выгарэлай падлогай залы ацалела жалезная скрыня, толькі нагрэлася, як бляха, на якой пяклі булкі. А ў скрынцы — трохі дукатаў, яшчэ з падораных калісьці вялікім гетманам, турэцкая шабля-кілідж у залатых похвах, усыпаная каштоўнымі камянямі, што дасталася Лёдніку ад ангельскай ледзі, па чыім абліччы была зробленая Пандора. А яшчэ залаты крыж з гербам «Агнявец», упрыгожаны дыяментамі, які на развітанне падарыла Пранцішу княжна Багінская, а той аддаў разам з балючымі ўспамінамі ў агульную сямейную скарбонку. Была і жменька пярсцёнкаў ды маністаў з пасагу Саламеі Рэніч і спадчыны пана Вырвіча… А што ж — Вырвічы хоць і лапцюжная шляхта, але тым ад мужыкоў і адрозніваюцца высакародныя паны, што ў іх заўсёды беражліва захоўваюцца фамільныя каштоўнасці, хай бы паны з голаду пухлі: шаблі, пярсцёнкі з гербамі, тастаменты… Вось ён, скрутак пажаўцелай паперы са шматлікімі пячаткамі на вяровачках — пацверджанне шляхецтва Вырвічаў… А вось і куды навейшая папера аб набілітацыі полацкага мешчаніна Баўтрамея Лёдніка, падпісаная вялікім гетманам, а таксама два дыпломы, Пражскага ды Лейпцыгскага ўніверсітэтаў.

А вось куды падзеў свой дыплом пан Вырвіч, ён доўга ўспомніць не мог… Але дурням шанцуе — паміж печкай і сцяной у кутнім пакойчыку валялася абвугленая па краях, вільготная папера — нават прачытаць можна было, што Пранцішу Вырвічу надаецца званне доктара вольных навук.

Што ж, смерць ад голаду сямейству, якое заўважна павялічылася, не пагражала. У пограбе засталося віно і шынка, тое-сёе з ежы прынеслі суседзі…

Так і адзначылі заручыны пана Вырвіча, які ўрачыста ўдзеў на палец Міхалішыўны фамільны пярсцёнак у якасці аnte nupitas donatio, давясельнага падарунка. Памянулі і смерць Германа Ватмана, злога духа сям’і Лёднікаў.

— А ты ўпэўнены, што забіў яго? — недаверліва папытаўся Вырвіч, памятаючы нетрадыцыйны метад, якім скарыстаўся Лёднік. Доктар паціснуў плячыма.

— Раней такога ўтвараць не даводзілася… Грэх, вядома, жадаць бліжняму смерці, але ўсё ж не хацелася б перажыць яшчэ адну сустрэчу з Германам.

А назаўтра вырашылі з’язджаць. А што было рабіць? Звяртацца па дапамогу да гарадскіх уладаў? У суд? Залатую сурму медная не перайграе.

— Наезд рабілі людзі віленскага ваяводы, — змрочна падрахункаваў Лёднік. — І хоць Багінскі, вядома, адмовіцца ад свайго ўдзелу, не варта нам заставацца ў горадзе пад ягонай уладай. Стаміўся я… Паедзем у Полацак. Даўно не жыў на радзіме, дзе Сафійка, Дзвіна, Палата… У доме Рэнічаў месца хапае. Складу праект медычнай школы для Тызенгаўза, магчыма, з гэтага нешта і выйдзе. Я спісаўся з альма матэр, полацкім калегіюмам, яны шчаслівыя, калі б я колькі лекцый пачытаў. У шпіталі пры калегіюме папрацую, парадак навяду. Думаю, і пан Вырвіч згодзіцца весці для шкаляроў лекцыі па тэорыі паэзіі… Будзеш пераемнікам Сарбеўскага.

Шчокі Пранціша запалалі.

— Хіба я змагу?

— Што я, не ведаю, якія кнігі ты напамяць вызубрыў? — мякка патлумачыў Лёднік. — Усё па паэтыцы… А ён вам, Раіна, паказваў свае сачыненні?

Паўночы прайшло ў дэкламаванні. Да здзіўлення Пранціша, практыкаванні ягоныя спадабаліся нават Алесіку. Міхалішыўна плакала ад гонару за жаніха, а Лёднік урачыста паабяцаў, што пісанне Вырвіча абавязкова надрукуюць. Няхай не цяпер, але гэта зрабіць неабходна.

Наступныя дні занялі зборы ў дарогу. Вырвіч атрымаў паперу, што ягонае прашэнне аб адстаўцы прынятае, а вось заява Лёдніка аб звальненні нарабіла ў Акадэміі шолаху.

Перейти на страницу:

Похожие книги