Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

Становішча адчайнае… Галоўнай перашкодай быў Ватман, а яшчэ стрэльбы і арбалеты.

— Герман, у доме няма кароны! — гэта зноў крычала Саламея. — Жыццём прысягаю!

Яе крык згас у халодным паветры і свядомасці нападнікаў, як вылітая ў раку чарка чырвонага віна.

— Пан, не ведаю, як вас там, — крыкнула Ватману і Раіна, яе чорныя валасы дзёрзка выбіваліся з-пад шапачкі з белай апушкай, як у каралевы Кінгі. — Магу пацвердзіць — на маіх вачах карону святога Альфрэда прадалі графу Батысту!

— Гэта яшчэ што за шылахвостка? — незадаволена папытаўся Ватман, лёгка адбіваючы наскокі Лёдніка.

— Гэта мая нявеста! — раўнуў Пранціш, арудуючы непадалёк шабляй.

— Талковая нявеста, баявітая… — ухваліў Ватман. — Але мая красунечка, там, у доме, не горшая, і даражэй мне за любую карону. Ну што, Бутрым, давершым даўнюю справу?

Яны біліся зноў — апантана, засяроджана, як могуць толькі старыя ворагі, і тое, што выраблялі абодва на стаптаным двары з паламанымі дрэвамі і кустамі, маглі паўтарыць адзінкі ў свеце, а можа, і ніхто. А Пранціш не мог дапамагчы, спрабуючы не дапусціць нападнікаў да будынка. Іх заставалася яшчэ чалавек дзесяць, спрактыкаваныя, яны не кідаліся пад кулі ды шаблі, хаваліся за дрэвы, адстрэльваліся… Раіна, як верны збраяносец, была заўсёды побач і страляла трапна, мусіць, не горш, чым жонка пана Рысі. Адзін раз і кінжалам шпурнула ў здаровага дзядзьку ў кароткім ваўчыным футры, так, што патрапіла якраз ля шыі. І як ні лаяўся Пранціш, не змусіў неўтаймоўную артыстку заставацца ў бяспечным куце паміж стайняй і дрывотняй.

І тут здарылася бяда. Ватман падхапіў левай рукой зламаны малады клён, ададраўшы бязлітасна тыя белыя жылачкі, на якіх дрэва яшчэ трымалася за свае карані, і цяпер, узброены шабляй і ладнай калацінай, нагадваў антычнага Геркулеса. Ён загнаў доктара ў самы кут двара, куды не даставалі стрэлы з гарышча. І злаўчыўся ўдарыць калацінай па руце, якая трымала шаблю, так, што зброя далёка адляцела на мерзлую зямлю.

— А ты думаў, доктар, толькі ты шаблі з рук выбіваць умееш?

І тут жа крыкнуў сваім людзям:

— У доктара не страляць! Ён мой!

Пранціш у адчаі спрабаваў прабіцца бліжэй, але самому даводзілася цяжка, нехта прыстраляўся па драгуне так, што даводзілася не высоўваць галавы з-за дрывотні, ды яшчэ і Раіну захінаць.

Ватман павольна падыйшоў да Бутрыма, напружанага, як змяя перад скачком.

— І што ты цяпер зробіш, фехтавальшчык? Падумаеш, царыцу ўразіў фокусамі з шабляй… А без шаблі — чаго ты варты? Я цябе зараз заб’ю, і нічога мне не будзе, таму што ўсім ты — як стрэмка ў горле. Маёй будзе баба! Ну, давай, скачы далей!

Але доктар скакаць нікуды не стаў, а проста працягнуў руку да Ватмана, трымаючы адстаўленую даланю насупраць ягонага сэрца, і зрабіў ледзь заўважны — пару вяршкоў — штуршок наперад.

Найміт зарагатаў:

— Ну ты зусім звар’яцеў ад адчаю, доктар, спадзяешся мяне зачараваць? Спрабавалі некаторыя, не паддаюся.

І махнуў шабляй — Лёднік ледзь паспеў адскочыць, на ягоным рукаве з’явіўся парэз, з якога паказаліся кроплі крыві. Ватман секануў шабляй яшчэ раз, яшчэ, дапамагаючы і калацінай, якой махаў лёгка, як прутком, не даючы доктару падабрацца да ягонай зброі. Пранціш з жахам назіраў краем вока, як прафесар кідаецца ў безнадзейнай спробе сысці ад бязлітаснага ляза — любы іншы чалавек ужо ляжаў бы на зямлі, рассечаны напалам. Міхалішыўна паспрабавала падысці, дапамагчы, і нават пацэліла Ватману ў руку, але той як не заўважыў раны, а вось Раіне давялося ўцякаць ад чарнявага злыдня, узброенага палашом.

Вось Ватман размахнуўся яшчэ раз… І раптам загайдаўся, на ягоным твары, шырокім, спаласаваным шнарамі, з’явілася шчырае здзіўленне.

— Ты… ты… як ты змог…

Прашаптаў і паваліўся тварам у брудны снег. Аж зямля здрыганулася, быццам упаў ссечаны дуб. Страляніна адразу прыпынілася, хтосьці з нападнікаў пачаў падбірацца бліжэй да белавалосага волата, праверыць, ці жывы…

Доктар упаў на калені, спрабуючы аддыхацца, а потым падбег да сваёй шаблі, і… Здавалася, ён мог адбіваць нават кулі, і паколькі Ватман не варушыўся, найміты зразумелі, што час сыходзіць, бо ўвесь мёд з гэтай місы злізаны.

— Заканчваем усё, як загадваў пан Ватман, і гайда! — пракрычаў нехта з-за агароджы, і зараз жа ў шыбы дома з зялёнымі аканіцамі паляцелі запаленыя стрэлы арбалетаў… Калі з вокнаў паказаліся першыя языкі полымя, нападнікі зніклі, сцягнуўшы за сабой параненых і нерухомага Германа. На стаптаным снезе засталіся чыясьці шапка, дзве шаблі, багата крыві і забіты руды сабака.

Лёднік і Пранціш кінуліся ў дом. Вырвіч паспрабаваў загасіць полымя з дапамогай коўдры, але дарэмна.

— Саламея, Алесік, дзе вы? — крычаў устрывожаны Бутрым.

— Алесік з Хвелькай у тваёй лабараторыі! — крыкнула зверху Саламея. — Хутчэй бяжы за імі!

На шчасце, той пакой быў сапраўды самы бяспечны — умацаваны супраць усялякіх выбухаў, з кратамі на вокнах, і нават меў патаемны выхад на вуліцу. Вызвалены адтуль Алесік быў страшэнна ўгневаны:

— Як маглі пасадзіць мяне пад замок! Я шляхціц! Я павінен быў абараняць пані-маці! Я страляць умею! Я ім за Піфагора нашага…

Хлопец хутка выцер кулаком слёзы.

Перейти на страницу:

Похожие книги