Але сустракаліся яны дзеля гутарак толькі тады, калі ніхто не бачыў — Пранцысь ужо меў сваю банду[7]
, некалькі хлапцоў, асабліва адчайных, якімі верхаводзіў, і баяўся, што яму пашкодзіць у іхніх вачох такое нявартае сяброўства. А Вараня пакорліва прымаў гэткае стаўленне. Ані ценю ваяўнічасці ў ім не было. Падобна, і зброю ў руках трымаць не ўмеў, нават палку-пальцату, на якіх спаконвеку біліся шкаляры, адточваючы высакароднае мастацтва фехтавання. Адзіная ягоная зброя была — дзіўны бронзавы стрыжань, падобны да цвіка, які Вараня выкарыстоўваў у якасці закладкі да кніжак. Аднойчы ён патлумачыў Пранцысю, што гэта не проста цвік, а сціло — старажытнагрэцкая прылада для пісання! Ім выводзілі літары на васковых таблічках, і Вараня таксама спрабаваў тым сцілом надрапваць на мяккіх ліпавых дошчачках вершы — сцвярджаў, што такім чынам найлепей адчувае мудрасць антычных паэтаў. Пранцысь падумаў, што сцілом зусім не абавязкова карыстаўся старажытны паэт, ім мог падлічваць прыбытак які-небудзь афінскі гандляр зелянінай, або калупаць абрыдлыя ўрокі такі шкаляр, як яны… Ці ўвогуле гэтая штуковіна не мае ніякага дачынення да Грэцыі, а беднага калеку менскі купчына проста падмануў… Занадта яна была таненькая, у пальцах ледзь утрымаеш, такой пісаць нязручна. Але Пранцысь прамаўчаў пра свае сумнівы, справядліва лічучы, што адбіраць у немаўляці бразготку занадта жорстка.Настаўнік лаціны пан Баніфацыюс, які ліслівіў перад багатымі спадчыннікамі, дужа не любіў Вараня, які ў ягоных вачах абражаў сармацкі ідэал шляхецтва. Пранцыся пан таксама не любіў і не раз лупіў па руках скураной дысцыплінай. Але Вараня раздражняў яго асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было за што. І калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня — на што блазнюкі і разлічвалі. І адправіў небараку ў карцэр, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.
А Пранцысь змаўчаў… Не паспрабаваў абараніць Вараня… Даносіць на таварышаў — гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе… Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.
У карцэры бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. І так перхаў, як у бочку, а тут… Згарэў за тры дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі… Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы… Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.
Пранцысь зразумеў, што значыць насамрэч пагарджаць сабою. Ён мусіў нешта зрабіць, каб зменьшыць пачуццё віны і гневу. І аднойчы пан Баніфацыюс, прыйшоўшы позна ў свой пакой, пачуў вакол лопат крылаў і страшнае крумканне. Свечка згасла. Вакол лётала нячыстая сіла, гарлала, біла крыламі па лысай галаве, напоўненай спражэннямі лацінскіх дзеясловаў… Калі на дзікія крыкі настаўніка прыбеглі, ён мог толькі хрыпець ды, лежачы на падлозе, рукамі ад сябе нешта адганяў… Гэтае «нешта» пры запаленым святле выявілася цалкам матэрыяльным: па пакоі лётала дзясяткі тры ашалелых ад зняволення і чалавечай прысутнасці варон, пер’е круцілася чорнай завірухай, ну і абгадзілі істоты Божыя ўсё, што маглі.
Хто напусціў птушак у пакой, выявілася хутка: у кожным класе меліся свае «цэнзары», прызначаныя рэктарам, яны не лічылі за ганьбу выкрываць таварышаў. Па Пранцыся прыбеглі цэлай пагоняй, як за літоўскім ваўком… Але Вырвіча так проста не зловіш! Эх, каб толькі дзядоўскую шаблю паспеў прыхапіць, свайго Гіпацэнтаўра…
Так што назад, у Менск, дарогі няма.
— І як жа спадар тых варонаў столькі налавіў? — зацікаўлена спытаўся Лёднік.
— А нератам! — зарагатаў Пранцысь. — Як рыбаў нябёсных! Сцягнуў стары нерат на Свіслачы, пайшоў на могілкі, пачапіў на дрэвах… Цэлы мех птушкамі наладаваў! Будзе цяпер гад памятаць пра Вараня!
Бутрымус амаль з павагай пасміхнуўся.
— А сшытак сябрука твайго пры табе?
— Вось… — Пранцысь дастаў патрапаную зялёную кніжыцу. Лёднік нечакана з пашанотай пагладзіў скураную вокладку, усеўся на крэсла і паглыбіўся ў чытво, ледзь не водзячы доўгім носам па старонках. Праз нейкі час нібыта стамлёна адкінуўся, заплюшчыўшы вочы, і са скрухай прамовіў:
— Гасподзь забірае лепшых… — памаўчаў, ціха папрасіў:—Можна я пакуль пакіну гэтыя запісы пры сабе?
Пранцысь дазволіў… Вараня хацеў бы, напэўна, каб нейкі знаўца ацаніў ягоныя мудраванні.
Унізе ажывала карчма. Чуліся нечыя сонныя галасы, застукаў каваль у кузні… Вось ужо нехта лена лаецца на бліжняга свайго, а той, пазяхаючы, адбрэхваецца, і добрай раніцы, родная зямелька…