— Пайду здабуду пану ежы… — прабуркатаў Лёднік, захінуўся ў свой чорны балахон і выйшаў за дзверы. Шкаляр з цяжкасцю ўстаў з ложка, страсянуў галавою… Ну трэба ж, як разгаварыўся са слугою — бы на споведзі. Але шкадавання не было. Затое патроху, як пухірыкі са дна куфля са свежым півам, падымалася п’янкое прадчуванне чагосьці незвычайнага, небяспечнага і цікавага, бо прыгода, пазбаўленая небяспекі — як зацірка без солі… Пранцысь нават схапіў качаргу, што прытулілася ў куце, і некалькі разоў удаў фехтавальныя рухі… Незаўважна перайшоў ад высакародных прыёмаў фехтавання на мячах і шаблях да шкалярскага змагання на палках-пальцатах, у якім Вырвічу не было роўных. Вось так табе, злыдзень, а ў пячонку не хочаш? А вось проста ў сэрца! Кубак упаў і закаціўся пад ложак, пакідаючы цёмную дарожку недапітага адвару, нібыта хацеў схавацца ад ваяўнічага пана.
— Я сказаў, з пакоя не выходзь! Дурное дзяўчо! Адвязу да цёткі ў кляштар, а там сабе скручвай галаву і другім тлумі! Мала ў Варшаве нарабіла! Пакуль я за цябе галавой перад тваім высакародным братам адказваю, будзеш, паненка, сядзець ціха, як смажаны фазан у пірагу!
Голас належаў чалавеку грубаму і звыкламу выкрыкваць вайсковыя каманды. Але Пранціш, вядома, адразу высунуў на калідор цікаўны нос… Незнаёмец у чорным капелюшы з высокай тулляй, абвязанай блакітнай стужкай, у чорным каптане, з-пад якога бачыліся бялюткія карункавыя манжэты і каўнер-жорнаў, спускаўся па лесвіцы, прыступкі рыпелі пад ягонымі цяжкімі крокамі, пабразгвалі шпоры… Вырвіч з хваляваннем утаропіўся на непаглядныя, пасечаныя п’янымі пастаяльцамі дзверы суседняга пакоя, за якімі, падобна, пакутвала чароўная дама…
Раптам у адтуліне замка тых дзвярэй паказалася шпілька, бязладна закруцілася, як вусік хрушча, нешта шчоўкнула, і дзверы прыадчыніліся. У шчыліне збліснула блакітнае вока. Пранціша ўважліва, без усялякай боязі, вывучалі, і ён пастараўся надаць твару як мага больш самавіты, варты даверу, выраз. Відаць, гэта ўдалося, бо дзверы прыадчыніліся шырэй, і Пранцысь пабачыў самае чароўнае аблічча, якое толькі магло прымроіцца шкаляру. Праўда, тварык паненкі з трошку кірпатым носікам і пышнымі цёмнымі валасамі, сабранымі ў высокую прычоску, упрыгожаную блакітнымі стужкамі, зусім не быў млява-рахманы, як належала прыстойнай чароўнай даме, а самы што ні на ёсць круцельскі. Аблічча гэтае Пранцішу было знаёма: ён бачыў яго ў ганаровай ложы школьнага тэатру, падчас прэм’еры п’есы «Брама неўміручасці» аўтарства двух шкаляроў з апошняга курсу, а насамрэч — Вараняці-Дзянісія. П’еса распавядала пра бязвінна загінулых благаверных князёў Барыса і Глеба ды праслаўляла слаўныя роды фундатараў школы, у тым ліку ваяводы князя Багінскага, які ашчаслівіў сваім наведваннем калегіюм. Князь нядаўна вярнуўся з Францыі і прывёз з сабой найноўшыя павевы французскай моды. Так што ўся зала, да абурэння айцоў езуітаў, глядзела не столькі на сцэну, колькі на расшыты перлінамі жустакор, вадаспады карункаў ды закручаны баранчыкам парык ваяводы. Вось ля яснавяльможнага Багінскага, мажнога, круглатварага, і свяцілася прыгажосцю гэтая кветка, паненка Паланэйка Багінская, ягоная малодшая сястра, якая таксама прываблівала пагляд падобнай да вялізнага торта з крэмавымі кветкамі сукенкай-рагоўкай на абручах з кітовага вуса, з наймаднейшай ружова-блакітнай тканіны ў дробныя букецікі, як у фаварыткі французскага караля мадам Пампадур. Сукенка была «лакцёвай» — у ёй нельга апусціць рукі, даводзілася трымаць іх сагнутымі ў локцях, не ў кожныя дзверы ўвойдзеш, а з шоўку, што пайшоў на гэты ўбор, можна было пашыць прынамсі тры сукенкі звычных памераў. Малады князь Міхал меў ажно шэсць сясцёр, і выгадаваўся, як адны казалі, сярод музаў, другія — сярод гарпій. Характарам мяккі, найбольш музыцы ды маляванню хацеў жыццё прысвяціць… Але дзе там! Радня ў палітыку калом пхае, як смаргонскага мядзведзя на кірмашовы пляц. Стаў ваяводам, а яны пад’южваюць — а чым ты не кароль? Паслалі Багінскага ад саксонскага двара з дыпламатычнай місіяй ў Санкт-Пецярбург, падбілі ўключыцца ў барацьбу за схільнае да любові сэрца маладой жонкі наследніка трону Кацярыны — яна, маўляў, усё будзе вырашаць у будучым, а не ейны нягеглы мужык… Стаць каханкам расійскай царыцы — трывалая прыступка да ўласнага трону! Толькі дарэмна, не запалілася прынцэса ад гэтага агню. Відаць, ёй не падабаліся мяккія ды нерашучыя, хаця й умеў князь выдатна граць на флейце, сачыняў музыку і маляваў карціны не горш за італьянскіх майстроў. Больш да сэрца прыйшоўся будучай царыцы польскі пасол, прыгажун Станіслаў Панятоўскі. І цяпер князь Міхал казаў усім выглядам пра сваё разбітае сэрца і рамантычныя марэнні.