Пранціш столькі разоў уяўляў сабе жудасці сутарэнняў Гераніма Радзівіла, што, патрапіўшы туды, адчуў нават незразумелую палёгку: ну вось і здарылася тое, чаго баяўся больш за ўсё на свеце.
Памяшканне са скляпеністай столлю, двума каменнымі калонамі і камінам, куды заштурхнулі палонных, не было ў самым нізе, пад зямлёю, наадварот — яно было першым ад уваходу, гэткі чысцец перад спускам у пекла, парадны пакой Аіда. Не мелася крывавых пацёкаў на сценах ці шкілетаў па кутах. Шэры камень, цёмны мох у шчылінах. Тут цалкам маглі б захоўвацца мяшкі з зернем, кубельцы з салам альбо іншыя мірныя звыклыя рэчы. Хіба што для асвятлення пакою не пашкадавалі нават чатырох ліхтароў, па адным у кожным куце — відаць, каб не прапусціць і найменшы рух вязня. Мелася і маленькае вакенца, у якое віднеўся шэры ашмётак неба і сіратлівы куст травы, які згінаўся ад павеваў мокрага ветру. Значыць, крыкі адсюль маглі радаваць князя Гераніма, нават калі б ён не прысутнічаў на допыце, а знаходзіўся ў сваіх пакоях. Пранцысь уявіў, што кожная такая камера з вакенцам — адмысловы музычны інструмент болю, з якога складаецца сапраўдны, а не тэатральны, аркестр Слуцкага замку…
А князь Геранім напэўна да іх заявіцца! Каб асабіста задаць пытанні… Пранцысь, відаць, пры гэтай думцы замарудзіў крок, бо яго падштурхнулі ў спіну. Шкаляр у чарговы раз пракрычаў:
— Я шляхціц! Паветлівей, сабачыя морды!
— Ды мы нічога кепскага высакароднаму пану не зробім, — здзекліва запэўніў Пранціша таўсманы турэмшчык. — Вось сюды прысядзьце, ваша мосць, на гэтую лаву…
Вырвіча ўсадзілі на каменную лаўку ля сцяны справа ад вакна і надзелі на рукі кайданы, прымацаваныя да сядзення, так што Пранціш мог дастаць да свайго носу толькі нізка нахіліўшыся. Двое турэмшчыкаў адышліся палюбавацца сваёй працай:
— Ну вось, зручна пану? Не цісне нідзе?
Пранціш ганарыста закінуў галаву:
— Я ўласнаручна спушчу скуру з вашых спінаў за абразу шляхецкага гонару!
Але на яго ўжо не звярталі ўвагі… Бо займаліся Лёднікам, і менавіта яму, падобна, адводзілася галоўная роля ў мяркуемым спектаклі ў многіх дзеях. І Пранцішу дужа не спадабалася тое, што з ягоным слугою рабілі. Лёдніку загадалі распрануцца да пояса і разуцца, што ён і зрабіў не спяшаючыся, і вопратку сваю склаў акуратненька, стосікам, на сухім месцы ля сцяны. На ягоным жылаватым, падцягнутым целе меліся і «шляхецкія роспісы» — відаць, пан Агалінскі выхоўваў даўжніка, і шнары, пакінутыя шаблямі ды кулямі, што канваіры палічылі доказам ягонага маскараду: адкуль такое ў звычайнага доктара? Калі турэмшчыкі яшчэ пабачылі на грудзях Лёдніка срэбны праваслаўны крыж, дадаткова раз’юшыліся, аблаялі «маскоўскіх сабакаў», праклятых шпегаў, але здымаць крыж і біць вязня не сталі, відаць, таму, што пакуль не атрымалі ніякіх распараджэнняў наконт яго. Толькі паюк з задавальненнем патаптаўся бруднымі ботамі па акуратна складзенай Лёднікавай вопратцы. За гэты час адзін з канваіраў распаліў камін, і наўрад дзеля таго, каб вязням было цёпла. Тым больш у куце ля каміну грувасціліся страшныя жалезныя прылады, зусім не падобныя да звычайнай качаргі.
Доктара паставілі між двух каменных слупоў тварам да вакна і прыкавалі ланцугамі за рукі і ногі, так, што ён нагадваў малюнак ідэальнага чалавека Леанарда да Вінчы, хаця такога носу ў ідэальнага чалавека дакладна быць не можа. Лёднік маўчаў, на ягоным худым твары нельга было прачытаць нічога, акрым грэблівай абыякавасці. Затое Пранцысь мімаволі пачаў дрыжэць, і не ведаў, ці зможа годна вытрымаць відовішча, якое тут рыхтавалася. Нарэшце ўсе выйшлі, пакінуўшы вязняў адных. Ліў дождж, ягоны шум здаваўся злавесным, бо крыкі і стогны з глыбінь сутарэнняў ён заглушыць не мог, і яны больш не былі прывіднымі.
— Пранцысь! — цвёрда прамовіў Лёднік. Вырвіч з цяжкасцю змусіў сябе падняць вочы.
— Паглядзі на мяне! — уладным голасам прагаварыў доктар. — Што б зараз ні адбывалася, проста заплюшчы вочы і думай пра іншае. Пра Паланэю Багінскую, пра лацінскія спражэнні… Ды хоць пра сябра свайго Вараня. Памятаеш, як мы практыкаваліся — канцэнтрацыя, лічыш свой пульс, сочыш за дыханнем… Памятаеш?
Пранцысь кіўнуў галавой, спрабуючы праглынуць даўкі камяк страху.
— І галоўнае, што б са мной ні рабілі — маўчы! З’ясаваў? — працягваў настаўленні Лёднік, і Пранцысь зноў змог толькі кіўнуць галавою. Доктар зразумеў ягоны стан і ўсміхнуўся — шчыра, шырока, як ніколі раней не ўсміхаўся, нават аблічча яго памаладзела і папрыгажэла.
— Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Мы выберамся!
Бразнулі засовы, дзверы адчыніліся, і ўвайшоў чалавек, якога бачыць Пранцысь хацеў бы яшчэ менш, чым князя Гераніма — аднавокі жаўнер. Ягоны мяккі твар з падвойным падбароддзем зусім не падыходзіў вою. Страчанае вока прыкрывала чорная павязка, а другое гарэла лютай нянавісцю. Аднавокі не звярнуў ніякай увагі на Пранцыся. Ён павольна абыйшоў вакол доктара, відовішча пэўна прыносіла яму насалоду.
— Што ж, ты чалавек, як відаць, цёрты… Не просты доктар-клісцірнік. Ваяваў, бізуноў каштаваў… І, напэўна, нічога і нікога не баішся… Так?
Спыніўся перад вязнем, наблізіўся амаль ушчыльную.