Вырвіч запэўніў, што прафесар у Вільні, і ў кустах яго дакладна няма, і зноў пачаў абурацца… Але яго ніхто не слухаў. Нават шаблю адабралі, добра, што не звязалі, як сноп.
У маёнтак Агалінскіх, да Пранцішава задавальнення, бандзе Ватмана патрапіць так лёгка, як яму з пані Саламеяй, не ўдалося. Слугі, падобна, атрымалі адпаведны загад… Нават з гарматаў пару разоў выстралілі… Праўда, паранілі толькі шматпакутную беларускую зямлю, якую ранамі не здзівіш, а найміты Ватмана стрэлаў не баяліся. Пранціш лічыў кожную выйграную хвілю: гэта ж Паланэйка яшчэ бліжэй апынецца да свабоды!
Ватман час ад часу заклікаў пана Гервасія выдаць панну Багінскую ягонаму брату, але адказу, вядома, ніякага не атрымліваў.
Сонца ўсё ніжэй схілялася да лесу. За гэты час можна было ад’ехацца далекавата. Цяпер Пранціш быў амаль упэўнены, што Паланэйка ў бяспецы.
Калі нападнікі прарваліся ў маёнтак, то пераканаліся, што гаспадароў няма. Усё, што ўдалося дабіцца ад слугаў — пан і маладая пані з’ехалі. Куды — на вялікае шчасце, ніхто сказаць не мог. Напэўна, юнай пані Агалінскай удалося пакіраваць мужам, як след, і ён не крычаў на кожным кроку, што выпраўляецца ў Амерыку.
І тады Пранціш зразумеў, што неба хутка яму сінім вузлом завяжацца. Ватман падыйшоў да маладзёна, усміхаючыся, як гаспадар нядбайнаму арандатару.
— Нешта падказвае мне, што ягоная мосць пан Вырвіч мусіць ведаць, куды скіраваліся паны Агалінскія… І я веру, што высакародны пан Вырвіч мне шчыра пра гэта распавядзе. Бо пан дужа разумны, і не захоча займець нязручнасцяў, а можа, і пакутаў пякельных, яшчэ пры жыцці маладым… З-за кабеты, якая яму, між іншым, гарбуза дала.
Вырвіч адчуў, як паміж лапаткамі прабег мароз.
— Ды з чаго пан Ватман вырашыў, што я быў у гэтым маёнтку і нешта ведаю?
Ватман падчапіў з-за каўнера хлапца цяжкі залаты ланцуг і выцягнуў крыж, які, аказваецца, здрадліва пабліскваў у не да канца зашпіленай прарэсе кашулі.
— А гэткія каштоўнасці ў паноў Вырвічаў па куфрах заваляліся? Асабліва з гербам «Агнявец». Дый слугі пана пазналі. Дык дзе Паланэя Багінская? Куды яны паехалі?
Пранціш страсянуў русявым чубам. Гісторыю належала выдумаць кранальную — і доўгую, як бабулін сувой. І Вырвіч пранікнёна пачаў казаць пра свае пяшчотныя, але, вядома, выключна паважлівыя пачуцці да высакароднай княжны… Пра перанесеныя разам выпрабаванні, прыплятаючы тое-сёе з іх рэальных падарожных прыгодаў — гісторыя, як панну ледзь не скінулі з карабля ў бурныя хвалі збунтаваныя матросы, а харобры пан Вырвіч яе абараніў, атрымалася асабліва рамантычнай, амаль як балада нямецкага мінязінгера. І вось малады Вырвіч, перш чым выпраўляцца на вайсковую службу, вырашыў, ад неадольнасці пачуцця, пабачыць хоць разок сваю чароўную даму… А яна, жорсткая сэрцам, адкупілася ад яго залатым крыжам, узяўшы слова, што забудзецца на яе і не стане ні даведвацца, ні расшукваць. Вось і не ведае цяпер бедны Вырвіч з разбітым сэрцам, куды ягоная каханая падзелася з клятым панам Гервасіем Агалінскім, шчаслівым супернікам.
Ватман уважліва выслухаў… Нават не перабіў ні разочку. Спачувальна галавой ківаў. А пасля проста падаў знак, і пана падхаружага спрытненька скруцілі, не зважаючы на выспяткі і поўхі, якія той шчодра раздаваў, а потым ля ягонага носу аказалася бліскучае, вострае, як пагляд мытніка, лязо турэцкага кінжала.
— Ну, адкуль пачнем скуру лупіць з пана? Можа, з аблічча — каб ніводная дзеўка больш не паглядзела, а то перапсаваў іх, відаць, за сваё нядоўгае, але шкадлівае, жыццё…
Вырвіча моцна трымалі, заламаўшы рукі. Вочы Ватмана здаваліся зусім белымі. Як балотны туман. Нехта схапіў нядаўняга студыёзуса ззаду за валасы, прымусіўшы задраць галаву. Пранціш сціснуў зубы. Лязо пяшчотна, як сухая травінка, кранула ягоную шчаку.
Галоўнае — Паланэйка ў гэты час імчыць у карэце… Нават з іншым… Нават ужо забыўшыся на беднага шляхцюка з Падняводдзя…
— Адпусці хлопца!
Лязо прыбралася. Пранціш адплюшчыў вочы…
Баўтрамей Лёднік стаяў у спакойнай такой паставе, апусціўшы шаблю, чорныя валасы звязаныя на патыліцы ў хвост — значыць, падрыхтаваўся да сур’ёзнай бойкі. За ягонай спінай павольна апускалася, наліваючыся стамлёнай чырванню, сонца, і аблічча доктара здавалася цёмным, амаль злавесным.
— Так я і думаў, доктар, што ты выпаўзеш, як вужака з хмызоў.
Ватман гуляўся з кінжалам, як дзіця з бразготкай, і вочы ягоныя былі цяпер не белыя, а бяздонна-барвовыя.
— Адпусці хлопца, Ватман, — сурова паўтарыў Лёднік.
— А калі не адпушчу, што ты мне зробіш? — насмешна папытаўся найміт.