Для нанясення максімальнага ўрону захопнікам партызанскае камандаванне штодня накіроўвала на чыгунку, шашэйныя і грунтовыя дарогі дзясяткі дыверсійных труп. Пастаянна мініравалі дарогі ў зоне сваёй адказнасці народныя мсціўцы 1-й Гомельскай, 1-й Буда-Кашалёўскай і 10-й Журавіцкай брыгад. За перыяд з 26 верасня па 2 кастрычніка 1943 г. падрыўнікі з гэтых брыгад знішчылі 165 аўтамашын праціўніка. Партызаны 1-й Гомельскай брыгады за адзначаны перыяд правялі 250 дыверсій на чыгунцы, шашэйных і грунтовых дарогах, па разгроме апорных пунктаў і складоў праціўніка, арганізавалі 490 завалаў на шляхах адступлення нямецкіх войск. Напярэдадні ўступлення войск Чырвонай Арміі на тэрыторыю Беларусі партызаны 1-й Буда-Кашалёўскай брыгады на ўчастках чыгункі Патапаўка – Буда-Кашалёва, Салтанаўка – Буда-Кашалёва, Калыбаўка – Бароцін падарвалі тры эшалоны, знішчылі два вагоны з жывой сілай, два з боепрыпасамі, чатыры з харчаваннем, восем платформ з ваеннай тэхнікай і боепрыпасамі. У выніку актыўных баявых дзеянняў народных мсціўцаў рух праціўніка на гэтых участках не ажыццяўляўся на працягу 28 гадзін. Значна ўскладнілася сітуацыя для акупантаў пры адступленні і дастаўцы боепрыпасаў сваім франтавым часцям з прычыны разбурэння партызанамі двух мастоў на дарозе Буда-Кашалёва – Рагінь і ўзвядзення завалаў на шляхах Забалацце – Струін, Лозаў – Сляпня. Падраздзяленні 10-й Журавіцкай брыгады актыўна мініравалі ўчасткі дарог Буда-Кляпінская – Горкі, Выдранка – Свербілаўка. Падчас адной з такіх партызанскіх дыверсій падарвалася адна самаходная гармата, некалькі аўтамашын і павозак [10, л. 18; 11, л. 29, 31; 16, с. 124; 20, с. 147; 22, с. 251–252; 24, с. 241].
Такім чынам, яшчэ да злучэння з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі партызанскія фарміраванні, якія дзейнічалі на ўсходнім беразе Сожа ў межах Гомельскай вобласці, на працягу другой паловы верасня 1943 г. пастаяннымі ўдарамі па камунікацыях германскіх войск аслаблялі іх баявы патэнцыял і здольнасць да супраціву савецкім войскам, уносілі дэзарганізацыю ў перамяшчэнні праціўніка, скарачалі яго магчымасці па папаўненні харчовых запасаў за кошт рабаўніцтва мясцовага насельніцтва. Акрамя таго, партызанам удалося выратаваць ад знішчэння і ўгону ў Германію некалькіх тысяч мясцовых жыхароў, прадухіліць разбурэнне дзясяткаў населеных пунктаў спецыяльнымі камандамі акупантаў Толькі 1-я Гомельская партызанская брыгада выратавала ад спальвання адступаючым ворагам больш за 50 вёсак на левым беразе Сожа.
У межах Гомельскай вобласці на ўсходнім беразе Сожа ўдары па адыходзячых германскіх войсках наносілі шэсць брыгад Гомельскага партызанскага злучэння, чэкісцкая брыгада «Уперад» і тры брыгады Арлоўскай вобласці. Злучэнне асноўных партызанскіх сіл, якія дзейнічалі на гэтай тэрыторыі, з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі праходзіла паэтапна з канца верасня і да пачатку кастрычніка 1943 г. Некаторыя партызанскія фарміраванні пасля сустрэчы з савецкімі войскамі разам удзельнічалі ў ліквідацыі асобных ачагоў супраціўлення ворага. Напрыклад, Добрушская брыгада разам з падраздяленнямі Чырвонай Арміі вызваляла частку раёна ад акупантаў Асноўныя сілы 10-й Журавіцкай брыгады (7 атрадаў) злучыліся з савецкімі войскамі ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 1943 г. у раёне Гута-Асінаўская Кармянскага раёна. Па загадзе камандзіра 260-й стралковай дывізіі партызаны брыгады сумесна з чырвонаармейцамі 2 кастрычніка 1943 г. разграмілі і скінулі ў раку каля вёскі Лазавіца Кармянскага раёна батальён гітлераўцаў, які прыкрываў адступленне асноўных сіл на правы бераг Сожа. Частка 1-й Буда-Кашалёўскай брыгады 3 кастрычніка 1943 г. ва ўзаемадзеянні з часцямі 17-й стралковай дывізіі на працягу дня вяла бой на тэрыторыі Кармянскага раёна з мэтай адрэзаць праціўніка ад Струменскай пераправы праз раку Сож. Партызаны 1-й Гомельскай брыгады 3 кастрычніка 1943 г. разам з сіламі 197-й стралковай дывізіі не дапусцілі акупантаў у вёскі Сідаравічы, Загор’е, Рудня-Барталамееўская і тым самым выратавалі іх ад спалення [10, л. 18; 11, л. 20, 65; 13, с. 363; 20, с. 147; 24, с. 244–245].
Расфарміраваныя да 4 кастрычніка 1943 г. партызанскія брыгады Гомельскага злучэння левага берага Сожа направілі ў Чырвоную Армію амаль увесь асабовы склад, што, несумненна, садзейнічала ўмацаванню армейскіх часцей і падраздзяленняў. У дзеючую армію з 10-й Журавіцкай брыгады быў накіраваны 1591 чалавек, са складу 1-й Гомельскай брыгады было перададзена 550 байцоў, з 1-й Буда-Кашалёўскай – 272 партызаны. Тэта былі загартаваныя ў баях з акупантамі байцы – разведчыкі, дыверсанты, падрыўнікі, а таксама вопытныя камандзіры аддзяленняў, узводаў, рот, атрадаў [10, л. 18; 11, л. 20, 65; 13, с. 363; 17, с. 187; 22, с. 237, 252–253].