У другой палове верасня 1943 г. у выніку паспяховага наступления савецкіх войск падчас Смаленскай і Бранскай аперацый прыфрантавымі сталі таксама ўсходнія раёны Магілёўшчыны. Народныя мсціўцы ў ходзе манеўраных баёў у прыфрантавой паласе арганізоўвалі засады падраздзяленням праціўніка, якія адступалі пад ударамі савецкіх войск, мініравалі масты, перакрывалі заваламі дарогі. Асноўныя баі паміж магілёўскімі партызанамі і германскімі акупантамі разгарнуліся на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці і сумежных раёнах Гомелынчыны, куды з розных прычын перайшлі шэраг партызанскіх фарміраванняў з мэтай далейшай перадыслакацыі на ўсходні бераг Сожа для злучэння з Чырвонай Арміяй. Так, 14-я Цёмналеская брыгада па ініцыятыве яе камандзіра С. Р. Ялецкага на працягу чатырох дзён да 27 верасня 1943 г. перабазіравалася з пераважна бязлесага Чавускага раёна ў раён Рудненскіх лясоў на Кармяншчыне. Гітлераўцы да гэтага часу ўжо сканцэнтравалі свае сілы ў кожным населеным пункце на заходнім беразе Сожа, дзе мелі гарнізоны ад 200 до 1000 чалавек, і працягвалі ўмацоўваць берагавую лінію ракі. У такой сітуацыі было принята рашэнне нанесці ўдары па некалькіх гарнізонах акупантаў і фарсіраваць Сож. Здабыўшы неабходныя разведдадзеныя, камандаванне брыгады сіламі сваіх атрадаў і аднаго атрада з брыгады № 17 агульнай колькасцю да 400 партызан атакавала і разбіла ў вёсках Студзянец, Салабута, Касцюкоўка апорныя пункты праціўніка, якія перашкаджалі пераправе. Раптоўны ўдар дазволіў народным мсціўцам знішчыць да 200 акупантаў, 5 аўтамашын праціўніка, 89 павозак з ваеннай маёмасцю, некалькі складоў з харчамі, палівам і абмундзіраваннем. Да раніцы 29 верасня 1943 г. брыгада ў раёне вёскі Прыбор на падручных сродках пераправілася на ўсходні бераг Сожа [1, л. 85; 2, л. 54; 23, с. 210].
У канцы верасня 1943 г. на ўсходзе Магілёўскай вобласці і сумежнай тэрыторыі Гомелынчыны разам з 14-й партызанскай брыгадай праводзілі баявыя аперацыі Смаленскі полк «13» (камандзір С. У Грышын), 13-я (камандзір
С. А. Мазур) і 17-я (камандзір М. I. Кітаеў) партызанскія брыгады, 15-ты партызанскі полк (камандзір А. С. Дзямідаў) і восем асобных партызанскіх атрадаў. Асноўнымі аб’ектамі баявых удараў магілёўскіх партызан былі калоны германскіх войск, якія перамяшчаліся па шашэйных і грунтовых дарогах. У баях з нямецкімі падраздзяленнямі і часцямі, якія вялікімі калонамі адступалі пад націскам Чырвонай Арміі, партызаны выкарыстоўвалі ўсе свае людскія рэсурсы. У нападзе на вялікае падраздзяленне гітлераўцаў каля вёскі Новыя Жаркі Клімавіцкага раёна 28 верасня 1943 г. удзельнічаў практычна ўвесь асабовы склад 13-й брыгады. У выніку раптоўнай атакі з засады на праціўніка, не паспеўшага заняць абарону пасля маршу, партызаны знішчылі 180 акупантаў. У аперацыі каля вёскі Шалухоўка Краснапольскага раёна 23 верасня 1943 г. супраць калоны з чатырох нямецкіх рот у складзе 500 салдат і афіцэраў, а таксама абозу да 100 падвод з нарабаваным у мясцовых жыхароў дабром удзельнічалі 280 партызан атрада № 45 «За Радзіму» (камандзір У. I. Маркаў). Народныя мсціўцы на адкрытай мясцовасці нанеслі праціўніку сур’ёзныя страты – знішчылі 80 чалавек і разбілі 18 падвод. Толькі адсутнасць боепрыпасаў не дазволіла атраду поўнасцю разграміць ворага. Пасля гэтага бою і да моманту прыходу Чырвонай Арміі гітлераўцы больш не рабілі спроб правядзення карных акцый у зоне адказнасці атрада. У выніку яшчэ аднаго бою з калонай праціўніка на тэрыторыі Клімавіцкага раёна 30 верасня 1943 г. атрад № 45 «За Радзіму» ліквідаваў 11 немцаў і двух узяў у палон. Асобны атрад № 720 (камандзір Г. А. Жмуроўскі) падчас нападу на калону пяхоты ворага каля вёскі Бакунавічы Чэрыкаўскага раёна 30 верасня 1943 г. агнём са 100 вінтовак і 12 кулямётаў ліквідаваў 75 акупантаў і прымусіў нямецкае падраздзяленне змяніць свой маршрут. У той самы дзень шляхам удару з засады па калоне гітлераўцаў на дарозе Краснаполле – Прапойск асобны атрад № 42 (камандзір Г. А. Каралёў) знішчыў 58 захопнікаў, тры аўтамашыны і цягач [4, л. 13; 5, л. 11–12, 32; 7, л. 7; 21, с. 307, 332].