8. Белорусы в советском тылу. Июль 1941 г. – 1944 г.: сб. док. и материалов: в 2 вып. – Вып. 1: Июль 1941 г. – 1942 г. / сост. В. И. Адамушко [и др.]. – Минск, 2010.
9. Олехнович, Г. И. Трудящиеся Белоруссии – фронту. Трудовая деятельность белорусского населения, эвакуированного в годы Великой Отечественной войны в советский тыл. 1941–1943 гг. / Г. И. Олехнович. – Минск, 1972.
10. Белорусы в советском тылу. Июль 1941 г. – 1944 г.: сб. док. и материалов: в 2 вып. – Вып. 2: 1943 г. – 1944 г. / сост. В. И. Адамушко [и др.]. – Минск, 2010.
11. Совецкая Беларусь. – 1943. – 23 кастр.
Падрыхтоўка i першыя крокi аднаўлення народнай гаспадаркі Беларусі (1942–1945 гг.)
Мірнае жыццё ў СССР і БССР канчаткова наступіла толькі пасля разгрому Германіі і Японіі. Але вяртанне да мірных будняў было надзвычай цяжкім. Другая сусветная вайна нанесла значны ўрон эканоміцы многіх дзяржаў свету. Амаль на 70 % скарацілася прамысловая вытворчасць у Францыі, не менш чым на 66 % – у Германіі [1, с. 169, 210]. Выпуск прамысловай прадукцыі ў Японіі ў 1945 г. складаў толькі 28,5 % ад узроўню 1935–1937 гг. [2, с. 21]. Вялізнымі былі эканамічныя страты СССР, асабліва яго акупаваных тэрыторый. У 1945 г. прамысловасць вызваленых ад фашысцкай акупацыі раёнаў вырабляла толькі 30 % даваеннай прадукцыі [3, с. 18].
У Беларусі на пачатак 1946 г., калі ўжо некаторая частка прадпрыемстваў была часткова ці цалкам адноўлена, аб’ём прамысловай вытворчасці складаў толькі 20,4 % ад узроўню 1940 г. [4, арк. 3–4]. Нямецкія акупанты разбурылі пераважную большасць прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі, знішчылі ці вывезлі ў Германію каля 90 % станочнага і тэхналагічнага абсталявання фабрык і заводаў [5, арк. 2]. На момант выгнання гітлераўцаў у Беларусі захавалася толькі 15 % даваенных прамысловых вытворчасцей [6, с. 471].
У цэлым матэрыяльны ўрон, нанесены рэспубліцы, Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў ацэнены ў 75 млрд руб., что склала 35 дзяржаўных бюджэтаў БССР 1940 г. (па нашых падліках, у той час за гэтыя грошы можна было пабудаваць не менш за 50 добраўпарадкаваных гарадоў з насельніцтвам каля 50 тыс. чалавек у кожным) [7, с. 11]. У выніку вайны Беларусь страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця, у той час як у цэлым па СССР страты склалі каля 30 % нацыянальнага даходу [8, с. 11].
Надзвычай вялікімі былі і людскія страты. У гады вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі (калі ў пачатку 1941 г. у рэспубліцы пражывалі 9,2 млн чалавек, то ў 1945 г. яе насельніцтва складала каля 6,264 млн чалавек) [9, с. 338]. У шэрагу месцаў страты былі яшчэ большымі. Напрыклад, у Палескай вобласці за гады вайны гарадское насельніцтва скарацілася на 71 %, у Віцебскай – на 73, у Гомельскай – на 82 % [10, арк. 15].
Арганізацыйная праца па аднаўленні народнай гаспадаркі Беларускай ССР пачалася яшчэ да вызвалення рэспублікі. Паколькі ўжо ў пачатку 1942 г. нямецкія войскі пад ударамі Чырвонай Арміі пачалі адступленне і стала магчымым вызваленне тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшы час, урад рэспублікі, які знаходзіўся ў Маскве, стаў рыхтаваць кадры для дзяржаўных устаноў, у тым ліку і для гаспадарчых органаў. У лютым 1942 г. ён пачаў аднаўляць дзейнасць рэспубліканскіх наркаматаў, частка работнікаў якіх пасля эвакуацыі з Беларусі перайшлі на працу ў апарат адпаведных наркаматаў Саюза ССР.
Гэтых работнікаў вярталі і яны распачыналі працаваць ў рэспубліканскіх наркаматах, якія ствараліся. Акрамя таго, былі прыняты меры па пошуку і ўліку ўсіх кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія былі эвакуіраваны з Беларусі [11, с. 172–173]. Працу ў гэтым напрамку праводзілі і некаторыя рэспубліканскія наркаматы. Так, кіраўніцтва Наркамата тэкстыльнай прамысловасці, якое таксама знаходзілася ў Маскве, да пачатку 1943 г. адшукала і паставіла на ўлік каля 200 работнікаў сваёй сістэмы – дырэктараў прадпрыемстваў, галоўных інжынераў і іншых спецыялістаў Наркамата, яго глаўкаў і трэстаў, з якімі была наладжана пісьмовая сувязь [12, арк. 5].
Пэўная падрыхтоўчая праца па падборы кадраў для гаспадарчых органаў была праведзена падпольнымі органамі Кампартыі Беларусь Ва ўсіх абласцях ствараліся трупы рэзерву партыйных, савецкіх, камсамольскіх і гаспадарчых работнікаў па 80-100 чалавек у кожным раёне. Абапіраючыся на гэтыя кадравыя рэзервы, ЦК КП(б)Б яшчэ напярэдадні ўступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыю Беларусі сфарміраваў і ў верасні 1943 г. зацвердзіў абласныя, гарадскія і раённыя аператыўныя трупы Гомельскай, Магілёўскай, Палескай, а пазней – астатніх абласцей. Яны павінны былі садзейнічаць партыйным, савецкім і гаспадарчым органам у аднаўленні гаспадаркі і наладжванні мірнага жыцця [13, с. 387].