Неўзабаве Антосю ў галаву зусiм iншая думка прыйшла. Калi Лявон не жартаваў, - а на такiя жарты ён быў зусiм няздольны, — ды ляпнуў там нейкаму Барабоську пра свае намеры, дык усё-ж ня мог ён зусiм уцёмную ў Лiтоўцы йсьцi. Найлепш, — разважаў Дзяркач, — каб спанатрыць Шпунта, трэба паставiць сябе на ягонае месца. Ведаў таго як сваю пецярню. Значыцца, першае, Лявон Шпунт хоча мець Дзеркача ў сваiх руках. Калi пайсьцi ў Лiтоўцы, трэба ведаць што там робiцца, дзе жыве Дзяркач i што ён робiць. Як здабыць неабходныя весткi? Лiтоўцы не ляжалi ў бандыцкай зоне. Адылi пушча падходзiла да самага калiшняга хутару Лазоўскага, а адтуль, пераз Гараватку, да бацькую як рукой падаць. Дык чаму не пачаць некалi топтанымi сьцежкамi? Асаблiва для маткi вялiкая радасьць была-бы. Ня бачыла-ж дарагога сынка ад таго часу, як некалi ў лес есьцi яму насiла. Магчымасьць адведаньня Лявонам бацькоў была зусiм праўдападобнай. Гэткую думку быццам Паўлоўскi пацьвердзiў.
— Ты ведаеш, Антось, дзе цяпер Лявон Шпунт? — спытаўся не такi, як раней фанабэрысты солтыс.
— Лявон? — пацерабiў галаву Дзяркач. — Дык-жа казалi, што прапаў недзiка. А чаму я маю ведаць?
— Так сабе, можа што дзе чуў. Неяк мне здаецца падазроным, што быў-жыў чалавек i раптам яго нi стала, як пад зямлю прапаў…
— А чаму ён табе ў галаву прыйшоў? Калi хочаш што знаць пра яго то чаму табе старых Шпунтоў за язык нi пацягнуць?
— Стараўся цi раз раней, i ўчорака. Кажуць, што недзе зыйшоў ды ўсё. А пасьля сьцяной маўчаць. Вы-ж, пэўне, можаце дагадацца, кажу, дзе ён ёсьцiка. Дык скоса паглядаюць, як-бы ўквялiў я iх.
— Дык ты i ўчорака да iх хадзiў?
— Ага. Ведаеш, цiкава. Пазаўчорака за поўнач гэта было. Выйшаў я на двор, ня спалася мне, ды чую, што Шпунтоў сабачонак забрахаў. Брэшуць сабакi, вядома, на тое яны сабакi, каб брахалi. Але гэтта нешта ня тое. Брахаў гэты самы Шпунтоў сабака, а пасьля чую, што саўсiм голас пiрамянiў. Гэтак радасна пачаў пiшчэць, якраз так, як сабака робiць, калi некага блiзкага ўвiдзiць. Я тады й падумаў, што каго-ж такога свайго ён так позна ўночы спаткаў. Чаго ён так з радасьцi пiшчэў.
— Дык от, можа дзе стары Шпунт быў, ды дамоў вярнуўся? Кумекаiш?
— Стары? Куды яму ноччу цягацца? Ды я-ж знаю, што немач у яго.
— Немач, цi прытворы? Ну а калi нi старога Шпунта, дык каго сабака мог з радасьцяй вiтаць?
— Ты-ж сам падумай.
Мужчыны разумелiся з паўслова. Паўлоўскага пераказ пра сабаку паставiў Антося перад аднэй рэальнай магчымасьцю зь непрадбачнымi насьледкамi. Але чаму Лявон хвалiўся, што адпомсьцiць яму? Няўжо-ж мяркаваў, што гэта да Антосевых вушэй ня дойдзе? А можа п'яны быў?
Не давяраў Дзяркач Паўлоўскаму. Дзiравы шляхцiц мог нешта лёгка прыдумаць, каб яго, Антося, за язык пацягнуць. Усё-ж магчымасьць адведзiнаў бацькоў Лявонам цяжка выключыць.
Вярталiся старыя й назойлiвыя думкi. Усе добрыя людзi сьпяць. Ды цi толькi людзi. Сьпяць вунь i жывёлы, i птушкi й паўзуны ўсялякiя. Даў Бог час працаваць, даў i пару адпачываць, цi забаўляцца. Дык чаму-ж ён, Антось Дзяркач, ня сьпiць а падпiльноўвае на Гараватцы хлыста нейкага? Ды не, няпраўда, ня ўсе сьпяць. Вунь там у гэтай разьлеглай пушчы варушацца помсты прагныя, народнай бядой ненасытныя нiкчэмнiкi. Тыя, што кагадзе сябе «народнай уладай» называлi. А цяпер плянаваньне новых зьверстваў, рабункаў i забойстваў зганяе iм сон з павекаў. Тымчасам, вiдаць, над сваiмi адно ўмеюць зьдзеквацца, бо ня чуваць, каб яны дзе зь Немцамi ўдужкi бралiся. Быццам выклiканы, у ўяўленьнi стануў перад iм Кастусь Падгайскi, з каторым кагадзе даўгую гамонку меў.
— Памятай, Антось, Залатуху. Знаеш, што сталася. Вёску спачатку банды наведалi, пару дзяцюкоў да сябе сiлай забралi. Пасьля чыгунку ўзарваклi. Вёска ў чырвонай зоне ляжала. Немiц свае пляны маiць. А цi ты думаеш, што вашым Лiтоўцам нi пагражаiць такая самая цi падобная небясьпека? Яны-ж таксама пры самай зялезнай дарозе, значыцца ў чырвонай зоне ляжаць. I вось прадстаў сабе, што спачатку гэты Лявон Шпунт прыйдзiць да бацькоў. Нехта даведаецца. У вас-жа гэты самы дзiравы шляхцiц, значыцца даношчык пад бока. Ён, пэўня, вушамi стрыжэць, а для каго працуiць то гэта я табе ўжо казаў. Дый каля вашай вёскi нiдалёка ўжо раз рэйкi разьвiньцiлi Раз цi два прыйдуць цэлай бандай, вёску абрабуюць, можа мiну пад цягнiк падложуць, а там яшчо свае афiшкi параськiдаюць цi папанаклейваюць. Тады й хвашчыся. Яны ўжо пастараюцца, каб палiцыя на наступны дзень знала. I вось вёска трапiць у два агнi. А там ужо далей сам уявi што быць можыць.
— Ты думаеш, што такое можыць быць?
Падгайскi спахмурнеў, некаторы час маўчаў, а пасьля зноў пачаў роўным, зраўнаважаным тонам: