Смутак семнаццацi стагоддзяў адбiўся на тварах турыстаў, запаў у iх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя скiвiцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусцiўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкi куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклi слёзы, Ёзэф сцiснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гiд з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:
Hard a fate meets with the parents…
Небяспечны момант, калi з цёмнага сутарэння госцi зноў выбралiся наверх, на святло, на свежае паветра, у летнi вечар; калi старадаўнi смутак смерцi глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямi любоўных мiстэрыяў багiнi Венеры, калi самотныя турысты выплёўвалi жавальныя гумкi перад касавым акенцам i спрабавалi прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлi "Прынц Генрых"; праходка разам па горадзе, вячэра — a lonely feeling,[18]
фройляйн; i тут трэба было паводзiць сябе, як гэта рабiла вясталка: не дазваляць нiякiх заляцанняў i рашуча адмаўляцца ад усялякiх запрашэнняў; "прашу не дакранацца да мяне; толькi глядзець: No, Sir, no",[19] - i ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным iншаземцам, якiя, патрэсваючы галовамi, мусiлi iсцi наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багiня Венера i, добра разбiраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках i марках.Касiр адрываў бiлеты ад скрутачка, нiбыта вузкiя ўваходныя дзверы вялi ў кiно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабiць адну-дзве зацяжкi цыгарэты, адкусiць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу i кожны раз вырашаць складаную праблему: цi прыберагчы недакурак да наступнага разу, цi пагасiць яго танюсенькiм абцасам; яшчэ адна зацяжка i яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкi, i ў гэтую хвiлю касiр ужо ўсунуў галаву праз дзверы:
— Дзiцятка, дзiцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся — рымскiя дзiцячыя магiлкi — найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.
Дзяўчына з усмешкай iзноў выходзiла да бар'ера; зноў пытаннi пра нацыянальнасць i родную мову: чацвёра размаўлялi па-ангельску, адзiн па-французску, адна — па-галандску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; лiхтар на кiйку, нiбы шпага; яна зноў сыходзiла ў цёмны магiльны склеп, каб яшчэ раз распавесцi пра старажытны культ любовi, расшыфраваць старадаўнi смутак смерцi.
У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялi слёзы, калi ўсе выйшлi на вулiцу i якраз праходзiлi праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, ангельцы i галандцы iмкнулiся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлiвая таямнiца хавалася там унiзе, у цёмных сутарэннях? Цi хто-небудзь чытаў такое — каб помнiкi культуры прымушалi людзей пралiваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенiгаў гэткая вялiкая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кiно только пасля вельмi дрэнных i пасля вельмi добрых фiльмаў? Цi камянi напраўду могуць расчулiць да слёз аднаго чалавека, у той час як iншыя флегматычна запiхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб'ект для кадра — о, франтон жылога дома мешчанiна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк — i вось франтон дзякуючы пэўнаму хiмiчнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.
— Памалу, памалу, шаноўныя госцi! — выкрыкнуў касiр праз сваё акенца. З прычыны надзвычай вялiкага наплыву экскурсантаў мы вырашылi павялiчыць групы наведвання з дванаццацi да пятнаццацi чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргi падысцi; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.
Яны ўсё яшчэ iшлi ўздоўж чаргi, што выцягнулася каля сцяны i канчалася аж на рагу вулiцы; на Марыянiным твары ўсё яшчэ былi слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, якi моцна сцiснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.
— Нам трэба спяшацца, — сказала Рут, — ужо без дзесяцi сёмая, i мы не павiнны прымушаць iх чакаць.