- Натуральна, памятаю, - адказаў Нэтлiнгер, - я добра памятаю, бо потым столькi пра гэта гаварылася: яны так нiколi i не знайшлi мячыка; шукалi яго таго вечара аж да цемнаты, шукалi нават i назаўтра, хоць гэта была нядзеля; той мячык не даваў iм спакою; сёй-той пачаў пазней казаць, што гэта была ўсяго толькi Робертава штучка: ён, маўляў зусiм не ўдарыў па мячыку, а толькi iмiтаваў гук удару, a мячык схаваў.
- Але ж яны ўсе бачылi мячык - як ён ляцеў. Хiба не?
- Вядома, нiхто той пагалосцы не паверыў; iншыя казалi, што мячык заляцеў у двор пiваварнi i трапiў на павозку; мажлiва, ты памятаеш, што неўзабаве адтуль выехала павозка.
- Гэта было раней, задоўга перад тым, як Роберт ударыў, - сказаў Шрэла.
- Здаецца мне, што ты памыляешся...
- Hе, не, - настойваў на сваiм Шрэла, - я ж стаяў там, чакаючы, i ўважлiва глядзеў; павозка выехала, перш чым Роберт ударыў.
- Ну, хай сабе, - сказаў Нэтлiнгер, - так цi iначай, a мячыка знайсцi не змаглi. А вось i вакзал... ты i праўда не хочаш, каб я табе чым-небудзь дапамог?
- Hе, дзякуй, мне нiчога не трэба.
- Ну, хоць папалуднаваць разам... магу цябе запрасiць?
- Добра, - адказаў Шрэла, - пойдзем палуднаваць.
Шафёр, адчынiўшы, прытрымаў дзверку машыны; Шрэла вылез першы i, засунуўшы рукi ў кiшэнi, чакаў Нэтлiнгера, якi, узяўшы з сядзення сваю папку, зашпiлiў плашч i сказаў шафёру:
- Калi ласка, прыедзьце па мяне каля паловы шостай да гатэля "Прынц Генрых".
Шафёр прыклаў руку да шапкi, потым залез назад у машыну, сеў за руль.
Шрэлавы акуляры, адвiслыя плечы, рот з дзiўнаватай усмешкаю, бялявыя валасы - без прабору, а толькi з лёгкiм проблiскам сiвiзны, усё яшчэ зачасаныя назад; жэст рукi, якiм ён абцёр пот i схаваў насоўку ў кiшэнь, здавалася, што ён зусiм не памяняўся, толькi зрабiўся на некалькi год старэйшы.
- Навошта ты вярнуўся? - цiха спытаўся Нэтлiнгер.
Шрэла паглядзеў на яго, прыжмурваючыся - як гэта ён заўсёды рабiў, - i, закусiўшы нiжнюю губу (у правай руцэ цыгарэта, у левай - капялюш), доўга глядзеў на Нэтлiнгера i чакаў, усё яшчэ дарэмна чакаў таго, па чым сумаваў ужо больш як дваццаць гадоў, - нянавiсцi, звычайнай нянавiсцi, якой ён заўсёды прагнуў: каб можна было даць каму-небудзь па мордзе альбо кухталя пад зад i крыкнуць: "Свiння! Паскудная свiння!" Ён заўсёды зайздросцiў людзям, здольным да гэткiх простых пачуццяў, але ён не мог зараз стукнуць у гэты круглы, са збянтэжанай усмешкаю твар, не мог даць кухталя пад гэты зад; на школьнай лесвiцы Нэтлiнгер падставiў яму падножку, i ён грымнуўся вобзем, дужка акуляраў улезла яму ў мочку вуха; па дарозе дадому яго пераймалi, зацягвалi ў пад'езды дамоў i збiвалi; бiлi пугаю з калючага дроту, Нэтлiнгер бiў яго i Роберта; вёў допыты; ён быў вiнаваты, што загiнуў Фэрдзi, але пашкадаваў Эдыт i даў уцячы Роберту.
Шрэла перавёў позiрк з Нэтлiнгера на прывакзальны пляц, дзе было надзвычай тлумна; сонечны выхадны, таксi, што чакаюць клiентаў, марожаншчыкi; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях валачылi ўслед за гасцямi валiзы; шэры велiчны фасад Святога Севярына, гатэль "Прынц Генрых", кавярня Кронэра; ён спалохаўся, калi Нэтлiнгер раптоўна сарваўся з месца, кiнуўся ў натоўп, махаючы рукамi i крычучы: "Алё, фройляйн Рут!.."; праз хвiлю ён вярнуўся, пахiтваючы галавою.
- Цi бачыў ты дзяўчыну, - спытаўся ён, - тую, у зялёнай шапачцы i ружовым швэдары? Вельмi гожая, проста загледзiшся - Робертава дачка. Я так яе i не дагнаў; яна магла падказаць нам, дзе яго знайсцi. Шкада... Ты не бачыў яе?
- Hе, - цiха адказаў Шрэла, - дачка Эдыт...
- Вядома ж, - сказаў Нэтлiнгер, - твая пляменнiца. Ах, д'ябал... Ну, хадзем - з'ямо чаго-небудзь.
Ён перайшоў цераз вакзальную плошчу, перасек вулiцу; Шрэла iшоў следам за iм да гатэля "Прынц Генрых"; служка ў фiялетавай лiўрэi адчынiў перад iмi дзверы, якiя крутанулiся, прапусцiўшы iх, i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы.
- Столiк ля акна? - спытаў Ёхэн. - Калi ласка. Hе занадта сонечна? Значыць, на ўсходнiм баку. Гуга, прасачы, каб панам быў столiк каля акна з усходняга боку. Няма за што... ...Грошы на чай мы заўсёды бярэм ахвотна. Марка - гэта сумленная круглая манетка, а грошы "на чай" - гэта душа прафесii; а я ўсё-ткi перамог, мой даражэнькi: ты яго так i не змог убачыць... Што Вас цiкавiць, цi пан доктар Фэмель па нядзелях таксама гуляе тут у бiльярд? Шрэла? Мiлы Божа! Тут можна нават i не заглядаць у чырвоную картку.