– Хтосьці бясследна знікне ад безвыходнасці, зразумеўшы, што ў роду адметных няма будучыні. Камусьці не стане сілаў сабрацца пасля самазнішчэння. Самыя шчаслівыя перанародзяцца ў звычайных людзей і памруць праз некалькі гадоў.
– І не шкада табе свайго роду?
– Гэта больш не мой род. Адметныя – памылка Лёсу.
– А ты? Няўжо і ты гатовая праз некалькі гадоў памерці, як звычайная жанчына? Няўжо не шкада сваіх здольнасцей?
– Лепшага стымулу для здольнасцей, чым смерць, няма.
А ад беднасці вы мяне ўратуеце.
– Вы можаце стаць звычайнымі жыхарамі сталіцы. Князь дасць кожнаму, хто захоча стаць чалавекам, асобную хату і дазвол на любое рамяство. Жывіце нарэшце годна, як заслугоўваеце.
Людзі стаялі з пустымі вачыма і разяўленымі ратамі. Як абрус з-пад посуду, у іх з-пад ног выдралі зямлю, у якую яны пачалі ўрастаць. За разгубленымі тварамі павольна, з рыпеннем закруціліся шасцярэнькі. Гісторыя пра першых людзей давала надзею: калі так было раней, значыць можа быць зноў. І нават лепш, калі не даць сабе забыцца на памылкі. Можа быць. Праз гады і пакаленні. І вось – ніколі, таму што ўсё падман.
Кожны з іх хаця б раз за жыццё думаў, за што яму ўсё гэта. Дакладней, адметнага, які думаў так толькі раз, можна назваць шчаслівым. Аднойчы прачнуцца звычайным, зажыць, як усе, і вырашыць, што папярэднія падзеі – страшны сон. Таемная мара, якая жыла ў кожным. І вось яна – выйдзі за браму, перайдзі раку, перанарадзіся – так проста? А як жа мары пра вялікую сям’ю адметных, што разам пабудуюць цудоўны горад, дзе ўсім будзе добра? Чыя яны былі – гэтыя мары? Кожны верыў, што сам іх прыдумаў, а ці было так насамрэч?
Добра калі пара дзясяткаў адметных засталіся нерухомымі. Бася аглядала паселішча як поле прайгранай бітвы: рыпелі на слабым лясным ветры разнасцежаныя дзверы пакінутых хат; тут і там валялася майно, пакінутае ці згубленае. Такімі ж пакінутымі выглядалі і людзі, разбітыя на невялікія купкі.
– Па вас мы з’явімся пазней. Калі штосьці ад вас застанецца, – прамовіў князь, і ў яго нават атрымалася пагрозліва.
Да Вікці з Басяй павольна рушыў Казімір.
– Чаму ты застаўся? – спытаўся Уладзь.
– Хіба затым я патрабаваў улады, каб сысці? – засмяяўся гетман неіснуючага войска.
– Мы зноў без мінулага і без будучыні, – скрушна прашаптала Бася.
– Калі-небудзь скончыцца час Вогненнага Птушкалова, – Вікця правяла позіркам апошняга збеглага пасяляніна.
Персік непакоіўся. Леся звычайна выходзіць з-за вялікіх металічных дзвярэй хутка пасля таго, як сонца, заходзячы, пачынае свяціць у акно яе пакоя. Цёплыя жоўтыя промні паспелі схавацца за суседнім домам, засталіся толькі чырвоныя, халодныя, што адно дарма б’юць у вочы. Ды і гэтыя хутка схаваюцца – тады з’явяцца Лесіны маці і сястра. А самой Лесі няма. Што магло так яе затрымаць? Што хаваецца за гэтымі дзвярыма, у доўгім пакоі з мноствам незнаёмых пахаў, гукаў і прадметаў? Няўжо ён, Персік, – не самае важнае ў жыцці дзяўчыны, раз яна дазваляе сабе так доўга не прыходзіць? Кот паглядзеў на Бяляшыка: той бесклапотна абскубваў яскравы фанцік цукеркі, якую малодшая гаспадыня схавала сама ад сябе на верхняй палічцы стэлажа. Дурная птушыная галава, і за што яго толькі ў хаце трымаюць – нават вуркатаць не ўмее. Адно цвыркае так, што галава трашчыць. Персік не надта разумее, што крылаты кажа, але падобна, што здзекуецца. Вось бы зараз схапіць яго ды…
Не паспеў Персік дадумаць, як лапы ўзнялі яго і за два скокі данеслі да стэлажа з лялькамі. Яшчэ пара спрытных рухаў – і як толькі не дадумаўся раней, што па драўляных сценках так зручна лазіць – кот забраўся на верхнюю палічку. Хоць цела пагрузнела на добрым харчаванні, але лапы справу ведалі. Бяляшык, яўна не чакаючы нападу, па-ранейшаму цвырчэў і шкуматаў абгортку. Толькі калі рудая лапа з пакуль схаванымі кіпцюрамі ўзнялася над яго галавой, спакойна ўзляцеў і, трымаючы ў дзюбе фанцік, пераскочыў над Персікам на іншы край палічкі. Таўставатаму кату развярнуцца было складана. Ад кожнага яго руху стэлаж хадзіў хадуном. А Бяляшык, толькі дачакаўшыся чарговага развароту ворага, пералятаў на супрацьлеглы край дошкі. Дакладна здзекаваўся. Персік нічога не мог зрабіць.
Ключ у замку заскрыгатаў нечакана. Хто б гэта ні быў, ён не павінен бачыць ката і папугая на палічцы. Бяляшык, удаючы паслухмяную птушку, паляцеў і ўссеўся на ўласную клетку. Кот, прагнучы здабычы і помсты, кінуўся за ім, але, вядома, не дастаў. Ад Персікава штуршка стэлаж нахіліўся, падламілася адна з чатырох ножак.
У вітальні расчыніліся дзверы. Шчаслівая Леся вярнулася з сапраўднага першага спаткання, але гэтага ніхто не чуў. З грукатам абрынуліся на падлогу палічкі. Па ўсім пакоі валяліся рэшткі разбуранага паселішча. Вінавата ціснуўся ў кут Вогненны Птушкалоў.