На вайсковых картах гэтае месца распісанае ледзь не да кожнага дрэва. Апынуўшыся тут, гетман Аляксандр адчуваў сябе драўлянай фігуркай салдаціка, якая рухаецца па мапавых вуліцах.
Вікторыя сабрала ўсіх у будынку лёсіцы, якая заблукала на забытай Нябёснай Птушкай зямлі. Размаляваная звонку і ўнутры кананічнымі сюжэтамі, у якіх князь разам з Лёсам малююць гісторыю Свету, яна кожнай фарбай здзекавалася з усіх і ўсяго, што атачала яе.
Пасля службы, калі адметныя яшчэ не паспелі разбрысціся, Вікторыя зачытвала ім урыўкі з Летапісу першых людзей, як ладна жылося ў дасканалым Свеце. Адны сыходзілі адразу, закаціўшы вочы і цяжка ўздыхнуўшы, другія заставаліся паслухаць, «што яна выдумала гэтым разам», і захапляліся яе прамовамі, трэція прыходзілі на службу ў лёсіцу, ведаючы, што пасля будзе казаць Вікторыя.
Гетман назіраў і слухаў праз хліпкаватае акенца. Яму было шкада – упершыню за ўсё жыццё. Можа быць, удасца ціха пагутарыць, пераканаць паехаць да князя і прызнацца, што схлусіла? Толькі чым больш гетман слухаў, тым больш разумеў, што Вікторыя сама верыць у тое, што кажа. А значыць… значыць, гэта праўда?
Палова адметных сышла. Чаго ён замарудзіўся? Па камандзе сотня жаўнераў уварвалася ў царкоўную залу. Тых, хто не супраціўляўся (такіх была большасць), выводзілі і кідалі за бліжэйшым рагом, настойліва раючы больш не трапляць на вочы. Хто намагаўся вырвацца, атрымлівалі ў карак і выпраўляліся ў вязніцу. Вікторыя ў агульным тлуме гаварыла, крыху павысіўшы голас. Як і не заўважыла, што яе схапілі.
Палац мала чым адрозніваўся ад вязніцы – тыя самыя камяні ды холад. Князь чакаў яе ў залі за багата накрытым сталом. Разнастайныя стравы выглядалі навязліва спакушальна і крыху нерэальна. Зрэшты, яе зараз спакусіў бы і кавалак чэрствага хлеба з вадой.
Князь павольна каштаваў кожную страву, жуючы адсутнасцю зубоў, прыцмокваў і жмурыўся ад задавальнення. Вікторыі палягчэла: агіда перамагла голад.
– Адметныя – нашчадкі першых людзей, якія стварылі нас? – прашмякаў князь, не дажаваўшы.
– Пакуль яны не ведаюць, хто яны ёсць, але хутка будуць жыць так, як варта.
– А ты ведаеш? Чаму вы не паміраеце і не нараджаецеся, як усе? Чаму вас заўсёды 121?
– Для свету натуральнае вечнае перараджэнне, калі нішто не губляецца, а пераходзіць у новую форму. І адсутнасць прымусу як да жыцця, так і да смерці. Пакуль вы нараджаеце новых людзей, якія будуць паміраць ад голаду, пошасцяў і войнаў, мы добраахвотна трымаем раўнавагу, якая дазволіць нам заўсёды існаваць, – голас Вікторыі пад канец прамовы зрабіўся задыхліва-ўзнёслым, да шчок прыпалі рэшткі чырвані.
Князь не варухнуўся – толькі пастуквала па падлакотніку неспакойная рука. Ён не верыць. Яго праймае тое, што можна памацаць, пацвердзіць, выкарыстаць, усвядоміць прыземленым розумам. Ён не варухнецца і тады, калі яе закатуюць да непрытомнасці, калі перахапаюць усіх адметных. Калі яна не выберацца адсюль, то і ім не доўга быць вольнымі. Трэба ратаваць іх любымі шляхамі. Можа быць, яны даруюць і зразумеюць, і тады з’явіцца шанец уратавацца самой. Вікторыя сагнала з твару натхнёнасць, адкінулася на спінку крэсла, узяла са стала кавалак тлустага печанага мяса, паклала на пульхную булку і запыталася:
– Спачатку вы. Чым мы перашкаджаем вам?
– Вы дапамагалі некаторы час. Вось толькі людзі паразумнелі, – цяжка выдыхнуў князь. – Ім надакучыла ненавідзець беспрычынна. І ты пачала вярзці сваю лухту пра годнае жыццё.
– То й дайце годна жыць.
– Каб адметныя паверылі ў твае гісторыйкі? Адзінае выйсце, якое я бачу, – пазбавіцца ад вас – зусім.
– Я дапамагу вам. Калі вы дапаможаце мне.
Наступныя месяцы слабада адметных гудзела і кішэла жаўнерамі князя. У любую з хат маглі ўварвацца, ператрэсці рэчы, забраць жыхароў. Па цікаўных насах шчоўкалі навіной, што расследуецца страшнае злачынства – замах на князя. Насы, не хочучы быць уцягнутымі ў такія справы, хаваліся і больш не вытыркаліся.
Вікторыя «знікла» – не прамаўляла, не шукала, не пераконвала. Чакала, пакуль прыйдуць самі. У чаканні з’явілася старая Вікця, не надта дабрадзейная скручаная бабуля, пра якую пляткарылі, што яна варожыць і загаворвае. Адметныя хаваліся пад яе дахам ад пераследу, бо новую хату жаўнеры чамусьці старанна абміналі.
Загнаны народ набіраўся веры. Паступова перасяляліся ў лес – дастаткова блізка ад сталіцы, каб дапамагаць адно адному, і дастаткова далёка – за гарэзлівай ракой Хітруляй, якую Францішка загаварыла на паслушэнства перад адметнымі.
Вікторыі было неспакойна. Князь чакаў, калі яна выканае абяцанне – пазбавіць яго ад адметных. Яна хацела неўпрыкмет вывесці іх са сталіцы, але князь пакінуў некалькі чалавек закладнікамі. Тузаў, прыспешваў, нагадваў і пра падзяку, і пра пакаранне. На кожную сустрэчу з князем Вікця ішла як на апошнюю – рыхтуючыся да арышту ці знікнення. І кожнага разу вярталася як злачынца, што часова ўнікнуў расплаты. Кормячы яго абяцанкамі, яна выратавала амаль усіх. Каб выцягнуць вязняў, патрэбная была дапамога.