Чатыры коннікі з таго боку рушылі на вояў-брамнікаў, адціснулі іх і рассунулі весніцы напоўніцу. Безабаронныя, разгубленыя стаялі перад узброеным атрадам – не воі, не лекары, не стратэгі. Сцяна больш не ратавала, а разам з ёй страцілі сэнс камяні ды збаны з вадой, што астывала. Як проста іх перамагчы, нават і зброі не трэба.
Князь, загадкавы вершнік у плашчы і чацвёра конных вояў ступілі на зямлю паселішча. Астатнія засталіся за сцяной, зачыняць праход не давалі. Вікця стаяла проста перад канём князя. Давядзецца альбо размаўляць з першым, альбо глядзець на другога знізу ўверх. Трэба хоць неяк выявіць сябе гаспадыняй тут, узяць хоць штосьці ў свае рукі.
– Няўжо сталічны этыкет неабавязвае спешвацца перад жанчынай?
– Ты расчаравала мяне. Абяцала пазбавіць княства ад адметных. Абяцанне не здзейсніла, і я з’явіўся, каб атрымаць адказ.
Паветра загусцела, як быццам з яго старанна збівалі масла. Пасяляне неўпрыкмет акружылі Вікцю.
– Ён прывёў вас сюды? – слабым голасам спытала Вікторыя.
– Наадварот, ён адмаўляўся нас весці.
– Адкуль вы даведаліся?
– Няма такога служкі, які не хоча падняцца вышэй, прыбраўшы папярэдніка. Зрэшты, я прыехаў не для гэтага. Ты не знішчыла адметных, але зрабіла мне падарунак. Вершнік у плашчы сцягнуў з галавы капялюш. Сонца, хілячыся да захаду, падсвечвала барвовым светлыя валаскі, што заўсёды выбіваліся з любой, нават самай тугой прычоскі. Твар Анэлі змяніўся. Абвастрыўся нос, падбароддзе, скулы падняліся вышэй, шыя станчэла, плечы акругліліся. Яна аглядала паселішча вачыма чалавека, які зазнаў лепшую долю і не можа дараваць сабе часу, змарнаванага тут. З-пад плашча яна вызваліла край блакітнай шаўковай сукенкі, вычварна багатай у параўнанні з пашарэлымі сукнямі кашуль і земляной чарнатой спадніц пасялянак. Палілася на іх галовы падрыхтаваная прамова.
– Не было ніякага першага Свету і першых людзей. Таямнічыя кнігі напісала сама Вікторыя, прыдумала вашы радаводы, справы і пары. Вам няма за што трымацца тут. Вы паміраеце, у вашых нашчадкаў няма будучыні. Таму няма і нашчадкаў.
– А ты? – выкрыкнуў хтосьці.
– Хіба ты больш не адметная?
– У шоўк улезла – князёўнай стала?
– Халера табе!
Перачакаўшы гоман, Анэля прамовіла ціха:
– Я перанарадзілася.
Тры гады таму…
Князь пазяхнуў, паказаўшы ўсім бяззубы рот – сімвал шаноўнага ўзросту і нечуванай мудрасці. Падскарбі, які ў гэты час зачытваў даклад, кончыкамі валасоў адчуў пазяханне Яго Светласці, а таксама навіслую над галавой пагрозу. Князю сумна, князь усё ведае, навошта яму падскарбі, які не можа сказаць нічога цікавага? Службовец хуценька, каб паспець да наступнага пазяхання, завяршыў даклад. Канцлер, што мусіў выступіць следам, паслаў яму зніштажальны позірк і падрыхтаваўся прамаўляць, але князь спыніў яго:
– Новага мне ніхто не сказаў і наўрад ці скажа. Хіба што, гетман, на цябе спадзеў. Што змянілася ў справе адметных? Гетман Аляксандр ведаў падманлівы панібрацкі тон, якім князь расслабляў выбраную ахвяру, каб потым падлавіць і абвінаваціць унепавазе, няведанні, бяздзеянні і іншых дзяржаўных злачынствах. Аляксандр звык рухацца па гэтых нябачных лёзах. Вось толькі з кожным годам яго рухі ўсё больш нагадвалі блазенскі танец пад дудку старога дурня.
– Ваша Светласць, сярод адметных пануюць неспакойныя настроі. Абурэнне, што мы абвінавачваем іх ва ўсіх бедах і эксперыментуем з забойствамі, пашыраецца не толькі сярод іх, але і між звычайных людзей. Калі раней нам удавалася вырошчваць у іх пагарду і нянавісць да адметных, то зараз некаторыя выказваюць шкадобу і падазрэнне, не знаходзячы падстаў для арыштаў і катаванняў.
– Значыць, план са знешнім ворагам праваліўся? – князь быццам бы разважаў услых, але гетман ведаў, што высновы загадзя сядзяць у галаве Яго Светласці. – Кепска, гетман, кепска. Тым больш, што гэта быў твой план, – працягнуў князь, і голас яго грамчэў і вышэў з кожным новым словам, пакуль не падняўся да віску.
Ідэя трымаць адметных за ворагаў, на якіх можна спіхнуць любую праблему княства, належала князю, але пра яе ўсе палічылі за лепшае забыцца, прынамсі, пакуль яна не спрацавала як належыць.
Гетман ведаў: варта трымацца спакойна, крыху вінавата, але ўпэўнена, і літасць князя вернецца да яго:
– Сярод адметных ёсць дзяўчына, якая сцвярджае, што яны – вольны народ і прадстаўнік гэтага народа стварыў наш, чалавечы род. Яна абяцае адметным пабудаваць горад, дзе ўсе будуць вольныя і незалежныя. Сярод людзей таксама ёсць ахвочыя пайсці за ёй, але іх яна пакуль не прымае.
– Канешне, доказаў у яе няма, – спакой князя пахіснуўся.
– Яна спасылаецца на Летапіс першых людзей, які быццам бы пацвярджае яе словы.
– Арыштуйце яе.
Слабада, у якой дазвалялася жыць адметным, нагадвала заапарк: людзі маглі заходзіць, дражніць жыхароў, атыя, абмежаваныя процьмай законаў, нічым не адказвалі. Зрэшты, тутэйшыя звычайныя людзі сваіх адметных суседзяў не краналі, хоць і сяброўства з імі не вадзілі.