Праз слёзы вуліца была бачная плямамі, сілуэтамі. Леся ішла больш па памяці. Адна чорная пляма выскачыла з-за рага дома нечакана, якраз у той час, калі Леся збіралася за яго зайсці. Вочы ўбачылі, але цела не паспела адскочыць. Лоб утыркнуўся ў штосьці гладкае і прахалоднае. Дзяўчына працерла вочы. Зверху на яе касавурыўся сур’ёзны, нават суровы чорнавалосы і цемнавокі хлопец. Зрэшты, заўважыўшы слёзы, што так і не скаціліся па твары, ён памякчэў, правы куток вуснаў прыпадняўся.
– Прабачце, – паспрабавала вымавіць Леся, але голас не слухаўся, сіпеў, слова можна было хіба прачытаць па вуснах. Яна тарганулася ўбок і трэснулася б плячом аб сцяну шматпавярховіка, калі б хлопец не прытрымаў яе за руку.
– Куды ж вы так? Пачакайце. Мяне Уладзімір завуць.
Можна Уладзем.
– Леся.
І, не ведаючы, што робіць, утыркнулася носам у халодную чарнату скураной курткі.
Чарната і холад гэтым разам былі выратавальныя, Бася з радасцю, як у бацькоўскі дом, увайшла ў пераход. Наперадзе ішоў Уладзь, ён трымаў яе за руку. Тонка, ненавязліва палец чапляўся за палец, і ў гэтым маленькім дотыку былі і бяспека, і абяцанне, і пяшчота. А можа, Бася гэта прыдумала, і ён проста трымаў яе, каб не згубілася. Калі Уладзь не адчуваў, Бася адчувала за дваіх. Пагоня і холад, ад якіх таксама дрыжыкі беглі па скуры, прабудзілі ўсе пачуцці. Адно што тачылі знутры, не давалі падпарадкавацца няўцямнаму шчасцю словы таго воя ў францішкавай хаце. Ці не пастка гэтыя ўцёкі? Ад думкі зрабілася горача, сорамна. Вельмі нязручны час для такіх размоў.
– Уладзь! – задыхлівым ад бегу шэптам паклікала Бася. Уласны голас адбіваўся ад сцен і біўся ў вушы недазваляльна гучна. Хлопец злёгку паціснуў ёй палец, маўляў, чую.
– Адзін з вояў сказаў, што ты служыш Казіміру… – Бася хацела яшчэ запытаць: «Гэта праўда?», – але спынілася, пашкадаваўшы пра кожнае вымаўленае і падуманае слова. – Мы проста доўга не бачыліся, – прагучала няёмка, як апраўданне, і недагавораныя словы лёгка дадумваліся. Уладзь рэзка спыніўся, адпусціў Басін палец. Секунда абсалютнай пустэчы – і ўчапіўся ў локці. Словы былі цвікамі, якія ён убіваў у непадатлівы камень галавы:
– Казімір пагражаў узняць бунт, калі я набліжуся да вас. Бася схапіла Уладзя за руку і пабегла, падпарадкоўваючыся нечаканай лёгкасці і сіле.
Галасоў з ратушы не чутно. Безумоўна, выратаваліся ад пагоні, але што рабіць далей? За плячыма – які-ніякі дом, дзе Бася, дарэчы, меркавала-ткі зладзіць утульны куток для сябе. Але і там ёй, відаць, не месца. А дзе месца? Наперадзе – лес. Ці сталіца? А можа, маміна хата, у якой зноў давядзецца хавацца за высокім плотам, і ўсё адно не схаваешся, бо хто-небудзь заўважыць, данясе. Не ад злосці, а з мільёна іншых прычын, думаючы, што робіць добрую справу. Заставалася хіба спадзявацца, што Вікцін план выратавання ідзе далей за гэты тунэль. А не – дык давядзецца адно чакаць, пакуль прыйдзе па іх Вогненны Птушкалоў. Ён знайшоў іх, крадзецца следам і толькі чакае зручнага моманту, каб напасці, знішчыць і не пакінуць ні следу. На спіну Басі зноў хлынула гарачыня. Ці знойдзе іх пад зямлёй Нябёсная Птушка, ці дапаможа?
Пляма наперадзе была зусім светлая. Як добра ведаць, што ёсць дзень, калі ідзеш праз ноч. Яны стаялі на схіле ўтраіх і адчувалі сябе толькі што народжанымі, але не маглі зразумець, добра гэта ці кепска. Перад імі адкрывалася мноства варыянтаў і магчымасцей, і ніхто не мог патлумачыць, да чаго прывядзе кожная з дарог, і ніхто не пытаўся, чаго хочуць яны самі.
Рух паміж дрэвамі прыцягнуў іх увагу.
Чалавечая змяя завязалася на вузел і зацягнулася. Блытаніна панавала ў ратушы, і кожны складнік змяі штосьці дадаваў да яе: выцяць суседа, пацягнуцца туды, куды не трэба, штурхаючы ўсіх, хто трапляецца па дарозе, няправільна пачуць важныя словы і яшчэ больш няправільна перадаць іх далей… Зразумець, хто ёсць хто, дзе і куды імкнецца, было немагчыма. Гетман Казімір, які ледзь прарваўся з кабінета Вікторыі на лесвіцу, аддаваў каманду разысціся. Разыходзіцца не было куды. Гетман злаваўся. Ён ніяк не мог уцяміць: паклясціся гатовы, што бачыў, як уцекачы занырнулі ў ратушу, і вось кожны яе лапік заняты людзьмі, аж дыхаць няма чым, а яны як скрозь зямлю праваліліся. Адны доўбні вакол – згубіць трох чалавек у замкнёным будынку! У агульным сумбуры ніхто не здзівіўся, калі адсунуўся кавалак каменнай сцяны, адкрыўшы чарнату падземнага перахода і выпусціўшы трох няўдалых уцекачоў. Не дапялі адразу і да сэнсу слоў, што яны выкрыквалі, вылупляючы вочы:
– Людзі князя ў лесе!
Чалавечая хваля, паўтараючы пачутыя словы, з нечаканай дакладнасцю данесла іх да гетмана. Той, раз’юшаны да мяжы, расштурхаў пасялян вакол сябе і плячыма, рукамі, каленямі прарыў дарогу да прыхадняў і выцягнуў іх на вуліцу – бы з бутэлькі выстраліў корак. За імі выбраліся астатнія. Чацвёрку акружылі, услухоўваючыся ў кожнае слова і шыкаючы на любога, хто выдаваў лішні гук.
– Колькі іх?
– Не лічылі.
– Як далёка?
– Крокаў пяцьсот.
Падыход князёва войска стаў поўхай.