– Сёння Барбара і лекарка пасварыліся. Францішка заўважыла, як і вы, што з Басіным з’яўленнем пачаліся нашы беды. Цяпер лекарка знікла. І ўсё адно Вікторыя давярае забойцы. Нават выпусціла з вязніцы пасля таго, як Анэля аб’явіла пра яе здраду. Нагадаць, што здарылася з Анэляй? Да Басінага твару прыліла цэлае мора крыві. Абвінавачванні склалася ў шчыльную каменную сцяну, і ні трэшчынкі ў ёй, ніводнага слабага каменьчыка. Хацелася быць смелай, дзёрзкай, адстойваць сябе, але Бася – усяго толькі Бася – бездапаможная баязліўка, казюрка, якую можна расціснуць абцасам і не заўважыць.
– У нас ёсць ліст ад Францішкі. Яна знікла самахоць і патлумачыла чаму, – па голасе Вікторыі быццам прайшліся малатком, такі ён быў надсадны, з кровападцёкамі. Тонкія белыя пальцы паклалі на вялікую загарэлую гетманаву далонь складзены аркуш.
Казімір здзекліва-павольна разгарнуў паперу, на твары яго разгубленасць саступіла месца радасці. Ён падняў паперку і павярнуў, каб бачна было ўсім:
– Пуста!
Бася ашалелымі вачыма глядзела на аркуш, безумоўна, той самы, які сама ўзяла са стала. Ён сапраўды быў пусты. Вікторыя, прамарудзіўшы колькі імгненняў, апрытомнела, штурхнула Басю ў хату, скочыла за парог сама і зачыніла дзверы, прыставіўшы да іх крэсла. Гэта, зрэшты, не надта дапамагло: праз колькі секунд яно адляцела ўбок, падштурхнутае дзвярыма. Бася, падпарадкоўваючыся памкненню забіцца ў куток, дзе яе ніхто не пабачыць, нырнула за загарадку, у Францішчыну лабараторыю. Выплюнуўшы шэптам нешта злоснае, за ёй туды кінулася Вікторыя, ледзь не развярнуўшы кацёл з усё яшчэ гарачым варывам. За Вікцяй сунуліся і два воі, заблакаваўшы ўцякачак у куце. Бася ўціснулася ў сцяну, а Вікця зняла кацёл і выплюхнула яго змесціва ў твар першаму вою. Другі атрымаў сухі чорны дождж – з вугалю, які Вікторыя зачэрпнула меншым катлом з вялікага. Вужакай слізганула яна паміж перагародкай і сцяной, пацягнула за сабой Басю, якая, канешне, захрасала ў вузкай шчыліне кожным выгінам. Пакінуўшы, мяркуючы па тым, як садніць усё цела, значную частку скуры на неапрацаваных бярвёнах і драўлянай раме, Бася выбралася і абрынула перагародку на двух вояў, што прачышчалі вочы ад зёлкавага напою і вугалю.
У дзвярах – гетман, за ім – раз’юшаныя пасяляне. Калі перамагчы першага можна, то абмінуць другіх не атрымалася б нават у нябачнага духа надзеі.
Цяжкое дыханне Басі, Вікторыі, Казіміра і двух вояў біла па вушах. А гледачы неспадзяванага цырку наадварот, забыліся, як дыхаць. Шматкроць гучнейшы за гром дыхання, пачуўся трэск дрэва. Аконная шыба разам з рамай, што хвілі таму была на належным месцы, зараз валялася на зямлі побач з бліскучым мячом. У прагале паказаўся твар Уладзя. Вікторыя імгненна аказалася на падваконні і скочыла ў рукі нечаканага выратавальніка. Бася марудзіла. Уладзь не вытрымаў, схапіў дзяўчыну за плечы і амаль перакуліў праз падваконне. У нагу мёртва ўчапілася чыясьці рука. Уладзь з усяе сілы шкуматнуў дзяўчыну на сябе, дадраўшы аб рэшты шыбы тое, што не дадрала неабгабляваная сцяна. Вікторыя была каля ратушы. Краем вока Бася пабачыла, як праз хату Францішкі да акна ламанулася некалькі пасялян. Яшчэ частка людзей здагадалася аббегчы яе і гнацца да ратушы наперарэз.
У натоўпу была сіла, але былі і хібы. Людзі наляталі адно на аднаго, блыталіся пад нагамі, чапляліся і стукаліся. Тыя, хто бег спераду, не надта ўяўлялі, куды яны бягуць, і што будуць рабіць, калі спыняцца. Тыя, хто рухаўся павольней, хапалі за каўняры больш хуткіх, каб абагнаць і раней пабачыць, што адбудзецца, а можа і паўдзельнічаць. Хто бег ззаду, забыліся, а то і не ведалі, куды імкнуцца, невядома чаму далучыўшыся да хаатычнай плыні.
Уладзь цягнуў Басю з такой хуткасцю і сілай, з якой не мог рухацца шматногі няўклюдны вусень, і проста зашпульнуў яе ў праход да ратушы, які Вікторыя, на шчасце, пакінула адчыненым.
Гетман Казімір не спяшаўся, упэўнены, што людзі возьмуць ратушу ў аблогу і не выпусцяць палонных. І не нашкодзяць ім – не надта цікаўныя, яны не дабраліся адшукаць дзверы. Таму ён спакойна сабраў усіх вояў і прывёў да будынка. Цяпер ніхто не стане паміж Казімірам і ўладай. Зараз арыштуе ўцекачоў, і людзі павераць яму і палюбяць яго. Зрэшты, ужо вераць – вось як наваліліся ў пагоню. Паасобку разумныя людзі, а як збяруцца ў натоўп – хоць крычы ратунку, калі не ўмееш натоўпам кіраваць. А Казімір умее. І трымаць іх у натоўпе здолее. Дзеля іх бяспекі і дабрабыту.