Адзін за адным скураныя шаломы знікалі пад зямлёй, за імі – самыя адважныя ці бяздумныя пасяляне. За самымі адважнымі – не самыя, якія вырашылі, што калі б там адбывалася страшнае, пра гэта стала б вядома. У вузкім калідоры хутка зрабілася цесна, ратуша набрыньвала людзьмі знізу ўверх, новыя і новыя хвалі выносілі іх на другі паверх, хацелі яны таго ці не. Плыні расцякаліся па залі, няўклюдна абрушвалі палічкі з кнігамі, напаўнялі кожную шчыліну, якую толькі маглі напоўніць. Хутка не засталося ў ратушы і пляцка, дзе не было б чалавека. Шэпт, які пачуўся з усіх бакоў, сабраўся ў новую – цяпер гукавую – хвалю і скаціўся ўніз па лесвіцы, ператварыўшыся ў разбуральную стыхію:
– Іх няма!
Людзі, што толькі заходзілі ў ратушу або стаялі на першым яе паверсе, прагнулі зразумець, каго няма, пабачыць на свае вочы, а заадно абмеркаваць прабежку і росшукі з выпадковымі суседзямі і добрымі знаёмцамі. Тыя, хто ўсё пабачыў і абмеркаваў, адчуваючы сябе падманутымі, імкнуліся выбрацца, аказацца як мага далей і забыцца на тое, як іх проста і крыўдна ашукалі. Першыя і другія ніяк не маглі размінуцца на вузкай лесвіцы, у тунэлі, дзе катастрафічна не хапала паветра, у лазе, які сціскаў рэбры, калі двое спрабавалі лезці адначасова. Саступаць ніхто не хацеў.
Кепска, гетман, кепска
Вузкія дзверы ледзь не зрываліся з петляў пад напорам шчырай прагі волі. Званок пасля шостага ўрока абарваў нябачныя ланцугі, што трымалі вучняў у межах сцен. Леся не бегла разам з усімі. Яна стаяла ля акна ў сваім класе і з трэцяга паверха назірала, як з будынка высыпаюцца, пазвоньваючы галасамі, коцяцца па дварах і вулках амаль лялечныя дзеці. І ў магчымасці быць тут, быць вышэй, назіраць была свая свабода – бачыш, як жывуць цацкі, не ведаючы, што імі кіруе твая рука. Аказваецца, у школе не так кепска, калі скончыліся ўрокі і побач няма аднакласнікаў.
Зрэшты, ёсць людзі, якіх Леся не праганяла б. Анэлька – добрая, амаль сяброўка. Ці Уладзік… Менавіта яго рудую чупрыну Леся найперш і шукала сярод макавак тых, хто выходзіў з ганку. Было радасна бачыць яго здалёк, таемна. У класе ён належыць усім, а праз акно толькі Леся здагадваецца за ім назіраць.
Чалавечая плынь скончылася. Уладзік не з тых, хто затрымліваецца пасля ўрокаў. Сёння ўпусціла.
Ледзь адляпіўшы сябе ад акна, Леся ўзялася за губку. У іх у класе негалоснае спаборніцтва, хто чысцей і прыгажэй вымые дошку. Праўда, усе будуць думаць, што гэта Анэлька… Зрэшты, чаму б не зрабіць для яедобрую справу? Тым больш рукі было не спыніць – яны акуратна, па радку збіралі губкай крэйдавыя сляды, пакідаючы адно пісягі, і тое не надоўга. Ёсць у гэтай дзеі свая філасофія, невымоўная, але выразная, як і ў падмятанні падлогі між шэрагаў парт, пераварочванні крэслаў дагары нагамі, праціранні буйных лістоў кветак… Так можна зусім не заўважаць, не адчуваць, як ідзе час. Леся бачыць секунды пясчынкамі, што падаюць з верхняй паловы пясочнага гадзінніка ў ніжнюю. Раней яна спрабавала іх лічыць, але калі пачынаеш лічыць, кожная пясчынка мае важнасць, кожную хочацца затрымаць. І робіцца няўтульна, бо затрымаць не можаш. «Дах едзе», – сказала старэйшая сястра, калі Леся спрабавала ёй патлумачыць. Пасля тых слоў упэўнілася, што сястра ёй чужая, а гадзіннік з пясчынкамі адсунуўся кудысьці далёка.
Дарэчы, дзе так доўга Анэльку носіць? Абяцала збегаць па ваду і вярнуцца. А Леся за гэты час і акно выгледзела, і дошку вымыла, і падлогу падмяла. Можа, здарылася што? Прыхапіўшы сметніцу, дзяўчына рушыла на пошукі.
Цёмныя школьныя калідоры пустыя і гулкія. Хіба што з пары кабінетаў даносяцца галасы настаўніц і настаўнікаў – ціхія, каб не спужаць вялікі спакой, такі рэдкі тут. У такі час можна ўяўляць, што ўся велізарная будыніна належыць табе.
У адным з кутоў цёмнага фае чуўся шэпт і гукі пацалункаў. Напэўна, нейкая парачка вырашыла застацца без чужых вачэй пасля ўрокаў. Леся, адчуваючы, што яна тут лішняя, зрабіла некалькі ціхіх крокаў да выхаду. Не тупаць, не слухаць, не перашкаджаць. Але голас, што вырваўся з лагодна-смяшлівага шэпту, нясмелы і настойлівы адначасова, прыцягнуў увагу:
– Час ісці… Клас прыбіраць.
– Пачакае.
– Там Леська адна.
– Яна і прыбярэ.
– Падазраваць будзе.
– Не дадумаецца, дурніца.
– І праўда. Дурніца, – і зноў нехта некага пацалаваў. Глуха стукнулася аб падлогу пластыкавая сметніца.
Пакаціліся бутэлькі, зашуршэлі абгорткі ад буфетных ласункаў. Навобмацак, нечакана лоўка, Леся знайшла на сцяне выключальнік. Святло паказала смешныя, пераляканыя твары Анэлькі і Уладзіка – ледзь паспелі адскочыць адно ад аднога.
Леся развярнулася і рушыла па цёмным калідоры да дзвярэй, праз шкло якіх ледзь прабівалася святло.
Яна бегла па вуліцы, і ў шуме крыві ў вушах чулася:
«Ніколі больш. Ніколі больш. Ніколі больш. Ніколі».
Яна не будзе шчанём, што ідзе на першы ж ласкавы голас. Не будзе залежаць ад іншых.
Не пусціць у жыццё людзей, што яго разбураюць.