Пасяляне з надзеяй паглядалі на Вікторыю і Казіміра. Нельга без іх абысціся. Сам-насам з небяспекай кожны з іх безумоўна прайграе, але і бязладны натоўп не на многае здольны.
Воі чысцілі зброю, пераглядалі даспехі, але ці быў у гэтым сэнс? Уся іх баявая падрыхтоўка – дзіцячы танец з драўлянымі мячамі ў параўнанні з тым, што маюць і ўмеюць княскія воі. Толькі іншага выйсця, акрамя як станцаваць, няма.
Казімір аглядаў межы паселішча, прыдумляючы, што можна зрабіць. Як уратаваць пасялян, якія даверылі яму свае жыцці? Усё, што ён умее, – секчы мячом і трапляць з лука ў яблычак. А павінен уяўляць карціну боя ці аблогі да драбніц, да колькасці стрэл у калчанах кожнага з вояў. У Казіміра не было баёў і аблог. Ды і вояў з мячамі і стрэламі было няшмат. Значыць, трэба з нечага пачынаць.
Вікторыя назірала за ўсім, сілячыся хоць варухнуцца, хоць вымавіць штосьці. Непасільны цяжар яна ўзяла на сябе. І мусіць несці яго. І прыняць усё, што выпадзе іншым. Птушкі, што праляталі ў гэты час над паселішчам, блыталі яго з мурашнікам. Кропачкі ўнізе састараннасцю мурашоў цягалі да плота драбіны, камяні, поўныя небяспечнага вару вёдры, катлы і чугункі – усё, штодапаможа ашчаджаць стрэлы і як мага даўжэй не дапусціць бойкі твар да твару. Воі рыхтавалі зброю, умацоўвалі плот і браму. Людзі вучоныя разам з Казімірам і Вікторыяй спрабавалі распісаць стратэгію абароны. Лекары і кухары варылі зелле, каб абмываць раны, і рвалі тканіны на бінты.
– Няма іншага выйсця, толькі перамагчы, – нервова перасмейваліся людзі паміж сабой, і ніхто не верыў у гэтыя словы. Тое, што іх нельга забіць, хутчэй палохала, чым суцяшала: кажуць, княскія лекары і жаўнеры шчодра дзеляцца новымі спосабамі забойстваў і катаванняў.
Бася не знаходзіла, куды ёй прыткнуцца. Тунькалася ад адной талакі да другой, але людзі незаўважна адціскалі яе. Няўжо зноў не давяраюць? Адрынутая ўсімі, яна нязменна вярталася да пытання: «Хто?»
Адкуль княскае войска ведае, дзе паселішча? Відавочна, ад таго самага чалавека, які падмануў Вікторыю. Думаць на Казіміра не выпадала: ён мог бы ахвяраваць невялікім атрадам і выратаваць сябе, каб стаць гетманам. А вось ставіць пад пагрозу паселішча – навошта? Тут ён мае ўладу, а за сценамі добра калі ёсць дзе пераночыць.
Бася аглядалася. Людзі існавалі ў гэтыя хвіліны з адной мэтай – уратаваць свой дом. Забыліся на ўсе звадкі і спрэчкі. Кожнаму хацелася даверыцца і дапамагчы, і кожны быў гатовы гэта зрабіць. Невыносна думаць, што хтосьці тут няшчыры.
Вартаўнік на браме крыкнуў:
– Сто крокаў!
Казімір палез на сцяну.
Княскі атрад падышоў да самай брамы. Невялікі, каля паўсотні коннікаў налічылі воі, што сядзелі на сцяне. Так, княская ахова, а не баявое войска. Новыя шаломы блішчэлі на ашчадным лясным сонцы, лёгкія даспехі давалі волю рухам і не стамлялі коней, калчаны шчэрыліся стрэламі. На карысць пасялян існавалі толькі сцяна, камяні ды вар. Людзі падрыхтаваліся ліць, шпуляць, страляць. Коннікі не варухнуліся. Наперад выехалі дзве танклявыя постаці: адна ў даспехах, твар схаваны за шаломам з забралам, другая – у плашчы з глыбокім капелюшом, апушчаным да самага носа. Першы вершнік падняў забрала. Сценныя здзіўлена перагукваліся.
Сухаваты дзядок, перад якім усе схілялі галаву ў страху, ледзь трымаўся ў сядле. Адзінае рухомае, што было ў ім, – вочы і левая рука, што трымцела і дрыгалася, калі ёй хацелася. Усё жыццё, што заставалася ў лядашчым целе, сышло ў іх. Імі ён пасылаў праклёны, калі злаваўся, імі ўхваляў, калі нешта атрымлівалася добра. Некалькі апошніх гадоў князь выязджаў да сваіх падданых выключна па святах, махаў ім з акна карэты паслухмянай правай рукой у шчыльнай пальчатцы і зноў хаваўся за брамай свайго палаца. Для тых, хто хацеў бачыць яго вялікасць часцей, існавала мноства партрэтаў у розных вобразах, якія шчодра раздаваліся ахвочым. Усе астатнія абавязкі ўскладаліся на шматлікіх намеснікаў і памагатых. У ніжнім горадзе, дзе жылі найменш удалыя гандляры і рамеснікі, пра выхаванне якіх ніхто не дбаў, хадзіў жарт, што нават у прыбіральню князь выпраўляў паслоў ад свайго імя. Тым не менш усё, што адбывалася ў княстве, рабілася не толькі яго імем, але і з яго ведама.
Князь імгненна вылучыў галоўнага на сцяне.
– Адчыні браму! – голас быў ціхі і занадта высокі.
Можа быць, таму ён абыходзіўся вачыма і рукой?
– А варам не пачаставаць? Толькі што згатавалі, як ведалі, што вы прыедзеце, – гетман падрыхтаваўся да гарачага бою і страшных пакут.
– Маё войска можа пачаставаць вас агнём. Калі вы і бессмяротныя, балюча будзе ўсё адно. Дарэчы, да мяне дайшлі чуткі, што не такія вы й бессмяротныя.
– Усцешна, што вы клапоціцеся пра нас, – выдурняўся гетман, а сам падаваў знакі лучнікам і варнікам.
Князю надакучылі перамовы:
– Адчыні браму, і я не крану нікога. Мне патрэбная Вікторыя.
Ахнулі нават дрэвы. Вікторыя, што стаяла проста перад брамай, абхапіла плечы рукамі і прасіпела:
– Адчыняйце.
Брама адчынілася настолькі, каб выпусціць аднаго чалавека, Вікця зрабіла пару крокаў, за ёй сабраліся два воі, але яна паказала, што выйдзе адна.