– Прабач, што не дапамог з вязніцай.
– Нічога, – быццам сапраўды нічога страшнага не здарылася.
– Мы не можам больш бачыцца. Я стаў асабістым дарадчыкам князя, за мной назіраюць.
– Ты можаш схавацца ў паселішчы.
– Не магу. Мне знайшлі нявесту. Яна харошая, мы заручаныя.
Анэлі не падабалася, як знікненні тлумачыліся ў кнігах.
Гэтымі звесткамі абмяжоўваліся ўсе запісы пра знікненні. Далей ніхто не зазіраў – не выказваў тэорый, не ладзіў вопытаў, не дзяліўся думкамі. Быццам збіраліся жыць вечна, а ўсё, што за мяжой жыцця, іх не датычыцца. Усе, каго Анэля зачапляла пагутарыць, адмахваліся ад яе і наступны раз загаворвалі няскора і даволі асцярожна. Бессмяротныя баяліся паміраць?
Меркаванне, што агеньчыкі патухаюць і на іх месцы з’яўляюцца новыя, – лухта. З чаго б патухаць старым розуму і душы, і адкуль бы брацца новым? Відавочна, душа і розум перанараджаюцца, як і цела, але застаюцца тымі самымі. Значыць, можна ўспомніць мінулыя жыцці свайго попелу ці перайсці ў наступнае жыццё і не страціць свядомасці.
Да часу думкі былі проста думкамі: Анэлі някепска жылося ў паселішчы. Пад аховай і любоўю Францішкі, якую Анэля таксама шчыра любіла, жылося спакойна і шчасліва. Пакуль не з’явілася Бася. Анэля, наіўная, бачыла ў ёй магчымую сяброўку: даглядала пасля няўдалай пераправы праз Хітрулю, давярала сакрэты, дапамагала ва ўсім. І атрымала падзяку: падазрэнні і недаверлівыя позіркі – нават Францішка, што была за маці, глядзела цяпер, як на чужую. І Уладзь сышоў.
Яго словы «табе тут не месца» тахкалі ў грудзях замест сэрца. Усе адметныя цяпер – сведкі яе ганьбы. Куды б пасяляне ні перабраліся, яе паўсюль будуць пераследаваць словы «падманшчыца», «здрадніца», «кінутая». Ёй сапраўды цесна тут. Усё паселішча – гульня, і яны – лялькі ў кардонным доміку, а сапраўднага жыцця не будзе, калі не прарваць папяровыя сцены і не вырвацца ў свет. Але ў сталіцы ці ў іншым горадзе яна ўсё адно будзе лішняй.
Тут і вярнуліся да памяці думкі пра перанараджэнне.
Знікнуць абавязкова на чыіхсьці вачах, каб ніхто не падумаў, што збегла.
На тое, каб утрымаць жывыя агеньчыкі розуму і душы ў целе, якое старанна разбураеш, сышлі ўсе сілы. Агні павольна награвалі знутры да тэмпературы невыноснасці, пясочная колкасць распаўсюджвалася ад пальцаў уверх, Анэля страчвала сябе. Невымоўны жаль ахінаў яе, распростваўся, рабілася цесна ва ўласнай скуры. І нашмат больш моцы (адкуль толькі бралася?) спатрэбілася ад розуму і душы, каб сабраць з попелу, перанесенага паслухмяным ветрам за раку, іншую абалонку.
Ачуняла Анэля ў лесе на світанку. Агеньчыкі засталіся на месцы, а здранцвелае цела сціскалася і дрыжэла ад холаду. Дзяўчыне карцела паглядзець на сябе: ці атрымалася перанарадзіцца ў звычайнага чалавека. Яна пакруцілася, але вочы бачылі ўсё тую ж сукенку, у якой яна была ўчора. Бянтэжыла, прынамсі, тое, што Анэля адчувала сваё цела дарослым, а не малечым.
Спакойная да пары Хітруля адлюстроўвала дзіўныя рысы. Штосьці ў твары яднала новую Анэлю з той пасялянкай, але, відавочна, гэта была звычайная – зямная, без выбрыкаў – дзяўчына.
Князь, аслеплены прагай помсты настолькі, што быў непадуладны здароваму сэнсу, верыў кожнаму, хто абяцаў яму расправу над адметнымі. Колькі шарлатанаў, падманшчыкаў і аферыстаў скарысталі з гэтага, запусціўшы рукі ў князёў і дзяржаўны скарб, не мог злічыць і сам Яго Светласць. Тым не менш, калі жаўнеры паставілі перад ім Анэлю, якая сцвярджала, што дапаможа пазбавіцца ад адметных, ён адрынуў усе расчараванні і выслухаў яе.