- А коўдра ватная ёсць?
- Здаецца, ёсць...
- Чакай тут, зараз у iх спытаюся, - Госць хiтнуўся ў бок кухнi i ледзь устояў на нагах. - А зрэшты, што ў iх пытацца? Коўдра дык коўдра, на кухнi дык й-ййк.. Iкаўка напала. Пайшлi дап'ём.
На кухнi Госць выпiў з гаспадаровай шклянкi, паклаў у кiшэню пачак цыгарэт, развiтаўся i сышоў.
Гаспадар прынёс з кладоўкi коўдру i падушку з прасцiнамi, сябры нечаканага Госця пачалi ўладкоўвацца на ноч, а ён вярнуўся да каханкi. Тая прахапiлася ад сну, села на ложку i запыталася:
- Сышлi?
- Цiшэй ты! Леглi на кухнi.
- Утраiх?
- Удваiх, адзiн сышоў.
- А гэтых няўжо ты не мог выгнаць?
- Ды цiшэй гавары, - асцярог гаспадар. - Не мог я iх выгнаць.
- Тады будзем спаць, - каханка павярнулася тварам да сцяны.
Мужчына паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму хацелася цеплынi i пяшчоты. Жанчына адкiнула мужчынскую руку ад сваiх грудзей.
- Ты не хочаш?
- Будзем спаць.
- А чаму ты не хочаш? Ну, перапынiлi нас, з кiм не бывае...
- Непрыемна, калi побач чужыя людзi...
- Ну, хочаш, я пайду зараз i праганю iх.
- Не трэба, давай спаць.
Мужчына зноў паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму нясцерпна хацелася пяшчоты. Жанчына ўзяла мужчынскую руку i павольна перасунула яе з грудзей сабе на жывот, потым нiжэй у самае гарачае месца.
Ранiцай каханка пабудзiла гаспадара. Яна паспела апрануцца i стаяла каля ложка ў куртцы i ботах.
- Ты сыходзiш? - гаспадар соладка пазяхнуў.
- Мяне чакаюць на працы, - каханка нахiлiлася i пацалавала гаспадара ў няголеную шчаку.
Той iзноў пазяхнуў, павярнуўся тварам да сцяны i апынуўся ў недагледжаным сне. Прачнуўся ён з-за таго, што моцна грукнулi ўваходныя дзверы.
"Сышлi. Нарэшце. Божа, якi кайф! Можна i ўстаць".
Гаспадар пайшоў на кухню, каб паставiць iмбрык. Там на разасланай коўдры ляжала сяброўка начнога Госця i з неапiсальным здзiўленнем пазiрала на аголенага засмучонага гаспадара, якi спачатку засмуцiўся, а толькi потым скемiў, чым так уразiў жанчыну.
- Прабач, - нарэшце сказаў ён i прыкрыў рукой сваё самае мужчынскае месца. - Я ж думаў, усе сышлi, i хацеў толькi iмбрык на плiту паставiць.
- Нiчога страшнага, я зараз устану i пастаўлю...
Гаспадар вярнуўся ў пакой i, калi пачаў апранацца, дык адчуў, што яму iзноў захацелася жаночае пяшчоты. Пакуль мужчына апранаўся, дык жанчына паспела прыбраць на кухнi i паставiць iмбрык.
- А я ложак не паспеў заслаць, - сказаў гаспадар, як пабачыў прыбраную кухню.
- Ты зараз iдзеш на працу? - спыталася жанчына.
- Не пайду, затэлефаную i вазьму бiблiятэчны дзень.
- А ў мяне самы звычайны адгул.
"Загул, - падумаў гаспадар, - самы звычайны загул. I трэба, каб ён працягнуўся". Ён разлiў кiпень па кубках.
- Ты, напэўна, не выспалася на падлозе?
- А чаму ты пытаешся?
- Гэта праўда, што твой сябра з мiнiстэрства ўнутраных спраў?
- А якое гэта мае значэнне?
- Калi ў цябе выхадны, дык можаш легчы на мой ложак i паспаць.
- У тваёй прапанове эратычны падтэкст?
- Я не падумаў, але, калi мужчына застаецца з жанчынай, у кожным слове, напэўна, ёсць падтэкст.
- Сапраўды, а чаму не паспаць у выхадны дзень? Занятак не з горшых, сяброўка начнога Госця памыла кубкi.
Мужчына i жанчына леглi ў ложак. Ён паклаў руку ёй на жывот. Яна абняла яго i прытулiлася ўсiм целам. Мужчына гладзiў жаночую спiну. Раптам у вiтальнi падаў голас дзвярны званок. Гаспадар адхiнуў палюбоўнiцу, устаў i на дыбачках прайшоў у вiтальню. Праз дзвярное вочка ён убачыў азызлы твар Госця.
"Колькi можна хадзiць? Нi канца, нi краю. Ну, колькi можна хадзiць i збiваць кайф? Не адчыню, i канец!" - падумаў гаспадар i вярнуўся ў ложак, дзе адчуў, што ўжо не хоча жаночай пяшчоты.
XXVII. НЯБОЖЧЫК
На памiнкi я патрапiў выпадкова. Ну, не зусiм выпадкова, бо ўсё ж ведаў Нябожчыка - колькi разоў сядзелi i выпiвалi за адным сталом. Але i памiнкi былi не зусiм памiнкi, бо сабралiся толькi аднакурснiкi Нябожчыка, нi мацi, нi жонкi, нi каханкi не было за жалобным сталом. Са слоў прысутных я зразумеў наступнае...