Не зводзячы вачэй з Прыбiральнiка, адпачыннiк завёў руку за спiну, адкiнуў кручок i адступiў на яркi ад красавiцкага сонца двор. Пасля цемры ўсё навокал здалося яму асляпляльна-сiнiм. Не спыняючыся, адпачыннiк прабег кiламетры са тры i толькi тады спынiўся, каб схаваць мужчынскую адзнаку i зашпiлiць нагавiцы.
LII. АДПАЧЫННIК
Адпачыннiку зрабiлася млосна ў гэтым свеце. I ён узяў квiток на самалёт i прыляцеў на Поўдзень, да Чорнага мора.
Пачатак красавiка. Айва ў квеценi.
Адпачыннiк сядзеў у кавярнi за белым сталом, на якiм у празрыстай шклянцы стаялi брудныя сурвэткi. Ён глядзеў у фантан, у тонкiя струменi i думаў, што яны занадта бiялагiчныя, чалавечыя, i яму зноў стала нудна i млосна.
Кава хутка астывала на скразняку. Адпачыннiк не любiў пiць каву з таўстасценных парцэлянавых кубкаў, тым больш, калi ў посудзе неставала вушка. Але напой быў выдатны - моцны з густым шумам. Мутарна - падумаў Адпачыннiк. Яму захацелася пайсцi ў парк i знайсцi там лаўку са спiнкаю, каб можна было адкiнуцца i выцягнуць ногi, але ён не ўстаў i застаўся ў кавярнi разглядаць жанчын. Яны пiлi белае вiно за суседнiм столiкам. У адной з iх пад непрыгожым тварам ляжаў на стале вялiзны, абцягнуты тонкiм швэдрам бюст. Другая, драбнейшая, з тонкiмi цёмна-сiнiмi вуснамi iмгненна заўважыла зацiкаўлены позiрк Адпачыннiка. Той адвярнуўся i зноў стаў глядзець у фантан. Фантан тым часам ачах, нiбыта ў яго раптоўна скончылася жаданне струменiць i забаўляць прысутных. Адпачыннiк з сумам спынiў вочы на галiне айвы, што расла каля самага ўвахода ў кавярню. Ён шэптам лiчыў ружовыя кветкi. Яму пагоршала. Давялося пакласцi локаць на стол, каб падтрымлiваць ацяжэлую галаву. У яго над страўнiкам круцiўся клубок гарачынi, такое бывае, калi нашча глынуць неразбаўленага спiрту. Нечакана свет паяснеў. Адпачыннiк зрабiў вялiкi глыток прахалоднай i таму кiславатай кавы. Жанчына з блакiтным тварам i сiнiмi вуснамi падсела да Адпачыннiка.
- Табе блага? - пытанне нязмушана зляцела з яе экзатычных вуснаў.
- Не магу ўстаць...
- Трэба крышку выпiць, i ўсё пройдзе, - у жанчыны быў голас выхаванай медсястры.
Пра тое, што спiртное дапамагае ад усiх хваробаў, акрамя алкагалiзму, Адпачыннiк ведаў i без сiнягубай жанчыны, але iсцi да стойкi не хацелася. Ён дастаў грошы i паклаў на стол:
- Схадзi па лекi.
Блакiтнатварая медсястра вярнулася наўздзiў хутка:
- А маю прыгожую сяброўку можна запрасiць за наш столiк?
- На дзвюх у мяне не хопiць сiлы, нават пасля лекаў.
Жанчына расцягнула цёмныя губы i пайшла казаць сяброўцы, што ў Адпачыннiка нестае сiлы на дзвюх. Можа, блакiтнатварая гаварыла сваёй сяброўцы i што iншае. Адпачыннiк не чуў, бо ў бары досыць гучна iграў магнiтафон. Калi жанчына праносiла паўз фантан свой вялiкi, прыўзняты тугiм станiкам бюст, настрой у Адпачыннiка прыўзняўся. Настрой палепшаў i ад добрай порцыi каньяку, а можа i ад фантана, якi ачуняў i заструменiў з пругкай сiлаю i яркай прыгажосцю.
Блакiтнатварая жанчына сядзела насупраць Адпачыннiка, i яны пiлi каньяк i гаварылi пра рознае глупства. Пра тое, што айва квiтнее раней за iгрушу, а алыча - раней за слiву, што на платанах вось-вось патрэскаюцца пупышкi. У Адпачыннiка прайшла млявасць i з'явiлася лёгкасць ва ўсiм целе. Ён больш не падтрымлiваў рукою галаву.
Адпачыннiк прапанаваў жанчыне прайсцiся ў парк, дзе знайшлася лаўка са спiнкаю, на якую можна было адкiнуцца.
За чорнымi галiнамi бязлiстага платана стаяў белы скрылiк маладзiка.
- Як ты сябе адчуваеш? - з блiзкай цемры спыталася жанчына.
- Выдатна, - сказаў Адпачыннiк халоднаму маладзiку.
- Дарма ты не запрасiў маю сяброўку...
- I сапраўды: у яе такi выдатны бюст, - Адпачыннiк дастаў з кiшэнi прыхопленую ў кавярнi сурвэтку i выцер сiнюю памаду з жаночых вуснаў.
- Ты не пойдзеш да мяне?
- Мне будзе дастаткова тут, пад платанам.
Жанчына дастала з сумачкi блiскучы пачак з прэзерватывам.
Пад кароткай спаднiцай у блакiтнатварай нiчога лiшняга не было. Адпачыннiк наталiўся значна хутчэй, чым меркаваў. Прэзерватыў ён кiнуў у сметнiцу, бо не любiў, калi расцягнутыя гумкi валяюцца пасярод вулiцы.
- А цяпер куды? - спыталася жанчына з цемры, што пахла айвовай квеценню.
- У аэрапорт.
Жанчына засталася ў парку, на лаўцы.
Адпачыннiк iшоў пустым праспектам i думаў, што такое кароткае каханне бывае толькi ў амерыканцаў.
Млосць вярталася да яго.
LIII. МЯРЗОТНIК