Мярзотнiк абрэзаў пазногцi на руках i нагах. Ён не выкiнуў iх, як робiць большасць звычайных людзей, а сабраў у гурбачку пасярод пiсьмовага стала i доўга з замiлаваннем разглядаў. Згарнуўшы далонь лодачкаю, Мярзотнiк ссунуў пазногцi на край стала i ссыпаў на глянцавы аркуш паперы, якi склаў у некалькi столак i засунуў у кiшэню шарага ангельскага пiнжака. Паправiўшы перад люстэркам тугi вузел чорнага гальштука, ён выйшаў са сваёй кавалерскай кватэры. Пазвоньваючы ключамi, Мярзотнiк накiраваўся ў Траецкае прадмесце, дзе доўга прастаяў у букiнiстычнай краме "Вянок", разглядаючы карэньчыкi дарагiх альбомаў па мастацтву. Некалi даўно, у пару сваёй перадвайсковай маладосцi ён вучыўся на педагагiчным аддзяленнi мастацкай вучэльнi. Але ў войску Мярзотнiка палюбiў начальнiк асобага аддзела. Ён i дапамог паступiць ва ўнiверсiтэт, на юрыдычны факультэт. Вучыцца давялося на вечаровым аддзяленнi, бо ўдзень Мярзотнiк хадзiў на службу ў Камiтэт Дзяржаўнай Бяспекi. Яму падабалася праца з яе таямнiчасцю i правам насiць зброю. Акуратнасць i педантызм дапамагалi зрабiць кар'еру, невялiкую, але дастатковую, каб цешыць уласнае самалюбства. I вось цяпер, стоячы ў краме "Вянок" i гледзячы на супервокладкi альбомаў Малевiча i Энгра, ён згадаў студэнцкую сталоўку, якую называлi "Бухенвальд". Успомнiўся малапрыемны эпiзод, калi, п'ючы гарбату, ён выкалупаў лыжачкай з кiслага тварагу рудое цельца мёртвага прусака. Злосць i жаданне адпомсцiць з'явiлася на шарым твары Мярзотнiка. З кнiгарнi ён дайшоў да метро i праз якiх пятнаццаць хвiлiнаў шыбаваў па вулiцы Друкарскай у кiрунку сталоўкi № 32, якую i дагэтуль студэнты называюць мiж сабою "Бухенвальд". У пустой таннай сталоўцы Мярзотнiк выглядаў недарэчна ў сваiм новым дарагiм гарнiтуры. Дзяўчаты ў марлевых каўпаках з цiкавасцю сачылi за незвычайным наведнiкам, якi паставiў на спод адно сырнiкi i гарбату. Пад пiльнымi позiркамi Мярзотнiку было цяжка здзейснiць задуманае, але, на ягонае шчасце, у нетрах кухнi адбыўся выбух. Пэўна, нехта ўпусцiў на падлогу пяцiлiтровы балон з кансерваванымi кабачкамi. Пакуль дзяўчаты войкалi i вохкалi, Мярзотнiк паспеў прыправiць абрэзанымi пазногцямi свежую капусту, якая чакала ў сподачках галодных студэнтаў. Калi Мярзотнiк паварочваў з Друкарскай на праспект Скарыны, ён думаў пра тое, што ў беларускай мове ангельскае слова сатысфакцыя ўспрымаецца хутчэй як помста, а не задавальненне.
LIV. ГРЫБНIК
У Грыбнiка было запаветнае месца.
Уставаў Грыбнiк рана, гадзiны ў тры, i з вялiкiм лазовым кашом выходзiў з цёмнага соннага мястэчка. Ён любiў адзiноту i ноч перад золкам, любiў ранiшнi цяжкi туман.
Аднаго разу ў тумане ён напаткаў сямейства дзiкоў. Выйшаў на поле з хмызоў i ўбачыў, як з-за буртоў бульбы выбег вялiзны дзiк, за iм па раллi пабегла свiння з паласатымi кабанчыкамi. Грыбнiк пашукаў вачыма якога дрэва, каб, калi што, узлезцi i ўратавацца. Дрэваў не было: арэхавыя хмызы ды бясконцае бульбяное поле з нiзкiмi буртамi. Грыбнiк хацеў быў уцякаць, але перадумаў, бо дзiкi не заўважылi яго i мiрна беглi па раллi.
Пасля сустрэчы з дзiкамi Грыбнiку прыснiўся сон, у якiм паўтаралася спатканне з дзiкамi, толькi ў сне велiзарны кныр заўважыў яго i, разявiўшы iкластую пашчу, пачаў нападаць. Ад сполаху Грыбнiк прахапiўся i доўга не мог заснуць. Ён варочаўся на мулкiм ложку ў пакамечаных прасцiнах каля гарачай жончынай спiны i пераконваў сябе, што трэба набыць паляўнiчую дубальтоўку i, калi якая звяруга сунецца, дык пекануць у лоб свiнцовым жаканам.
Стрэльбу Грыбнiк не прыдбаў, бо не захацеў выпрошваць дазвол у мiлiцыянтаў. I адзiнай зброяй, якую ён браў у лес, па-ранейшаму быў стары сцiзорык.
Грыбнiк перайшоў чыгуначны пераезд i накiраваўся да балоцiстае лагчыны, парослай чэзлым бярэзнiкам, дзе паклаў у кош дзесятак вялiкiх "бабак". За лагчынаю пачыналася гара i бярозавы гай, у якiм на верасовых палянах Грыбнiк нарэзаў "чырвонагаловiкаў" i тых жа "бабак", толькi страйнейшых. З бярэзнiку праз поле ён пайшоў у невялiчкi ельнiчак пашукаць лiсiчак. Грыбнiк любiў лiсiчкi, бо растуць яны вялiкiмi сем'ямi дый не чарвiвеюць. У ельнiку лiсiчак не было, пэўна, ужо адышлi. Але Грыбнiк не засумаваў, бо наперадзе чакала запаветнае месца з баравiкамi. Месца тое - вузкая прычыгуначная лесапалоса. I трэба ж такому здарыцца, што менавiта ў ёй разраслася грыбнiца. Крэпкiя тоўстыя баравiкi выходзiлi ледзь не да самага адхону. Грыбнiк не ведаў лепшага вiдовiшча, чым высокi брунатны баравiк у смарагдавай траве.
Ён прайшоў праз чыгуначны пераезд, на якiм вiсклiва пазвоньваў апушчаны шлагбаўм. Каля пасястай дошкi стаяла жонка пуцявога абходчыка з жоўтым скручаным сцяжком. На галаве ў жанчыны нязграбна сядзела мужава чырвоная фуражка.
- Лёдзя, а дзе гэта мужык твой? - Грыбнiк паставiў кош на шлагбаўм.
- А чорт яго ведае, павалокся некуды. А тут вось таварняк у 10.20 трэба сустракаць. А ты, Вiталь, мусiць, грыбное месца недзе тут знайшоў, бо ўсё каля нашага пераезда круцiшся?
Грыбнiк зняў са шлагбаўма кош з грыбамi i незадаволена прамармытаў: