— Не чапай! — Зоня спачатку адпіхала граблямі мяне, ды, не даўшы рады, адвяла стаўпцом з-пад самых маіх рук прывабную кветку.
Толькі я намерыўся (і ў гэты раз, пэўна, сарваў-бы соладка-пахучую макаўку плавука), ды Зоня незнарок, у спешцы, пацягнула да сябе граблі. І тут ужо неспадзявана для яе самой між зубоў грабель, шырока раскрыўшы вейкі-пялёсткі, пакорна і вінавата затаілася кветка. Зоня, трохі злосная, пляснула граблямі па вадзе, але, апырскаўшы мяне, весела засмяялася з таго, што я мокры ўвесь, і адбеглася. На цёмнай вадзе нерухома плавала страчаная нашай забаўкай буйная жоўтая кветка, а я даганяў Зоню, страшачы, што калі злаўлю, то выкупаю ў сажалцы. Яна ўхілялася маіх рук, адмахвалася граблямі, ды, кінуўшы іх, уцякла да рэчкі. Дабегшы да берага, занепакоілася, што ёй няма куды дзецца, і ўзбегла на пахілую вярбу.
— Страсу, — смяяўся я, — нікуды не дзенешся.
Я пажартаваў, не трос пахілую вярбу. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да яе па тоўстаму шурпатаму камлю. Нейкае глыбокае, трывожнае пачуццё спакусіла мяне — мне захацелася лёгка падняць яе на сваіх руках. Ды яна вёртка адвяла іх і збегла на бераг. Збянтэжаная, стаяла воддаль вярбы — прыгожая і прывабная.
— Гэта-ж дзень, людзі… які-ж ты неразумны, — яна ўсміхнулася, — і які-ж няздатны.
Сказала і засаромелася. Потым, не азіраючыся, пабегла, злёгку прытопваючы яшчэ няскошаную муравую траву. Узяла граблі і, маўклівая, пачала рухава завіхацца ў рабоце.
Я вярнуўся да Сіўтука. Ён ляжаў бокам на пакошы.
Мы яшчэ трохі пасядзелі, не абзываючыся адзін да другога. Падняліся таксама моўчкі і пайшлі варочаць сена.
Сідар, як я пачаў заўважаць, глядзеў на мяне з-пад ілба, панура. Ён недалюбліваў мяне, і што далей, то больш. Праўда, бывала, ён толькі кашляў, а потым нават пачаў мармытаць. Мы яго не таіліся. І ён усё яшчэ змоўчваў, ды аднойчы-такі не сцярпеў, не мармытнуў, як заўсёды, а выказаў сваю незадаволенасць і злосць выразна.
Я добра помню той вечар на спадзе гарачага лета. Высока ў зорным, чыстым небе вісеў сярпок-месяц. За вёскаю чулася дзявочая песня, а тут, пад ясенем, пад густым яловым частаколам, дзе да кусціка густога бэзу прытулілася нізкая лавачка, сядзелі мы. Стаяла чуткая цішыня, і было цёмна.
У гэты вечар Зоня неяк уся прыгарнулася да мяне. Вочы ў яе былі вільготныя і таемна глыбокія, з лёгкім сумам і тугою. Я прыхінуў яе да сябе — сцішылася, пацалаваў у сцятыя вусны — трохі засаромелася, цяжка ўздыхнула і ўсё маўчала. Яна вінавата ўглядалася на мяне. Ціха рыпнулі дзверы, і на панадворак вышаў Сіўтук. Пастаяў воддаль, потым неяк бокам пасунуўся да плоту, падцягнуў да шульца прыадчыненыя веснічкі, а калі варочаўся назад, не пазіраючы ў наш бок, злосна папярэдзіў.
— Усё сядзіць. І не да сну ёй.
Гаварыў ён да Зоні, але гэта датычылася і мяне. Калі яна, паслухаўшыся бацьку, пайшла ў хату, ён дапёк мяне ясна, але як-бы папракаючы толькі яе:
— Ых ты, каб цябе зямля, залёты строіш. — І голас яго пагрубеў, быццам я не дачуў-бы і так, — і каб з кім людскім, а то…
«Людскасць» Сідар разумеў па-свойму і вымяраў яе па-свойму: заможна жыць, трымаць добрае поўвалокі ўрадлівае зямлі, а то і больш, як ён трымае. Толькі тады табе і гонар, табе і пашана, тады з табою завядзе хэўру стары Сіўтук. Ён будзе паважаць, радніцца з табою.
Прыкідваў Сідар на сваё вока і годнасць хлопца для свае дачкі, ашчадна выпытваў і выведваў, бо тут была тая самая мерка — каб багаты. Характар і хараство? Маладому і гэта на ўме, а ён, Сіўтук, разважае зусім іначай, абы, як кажуць, шапка на галаве, абы рукі ды ногі, абы чалавек, а калі ў гадах — бяда невялікая, затое гаспадар спраўны.
І на гэтай вазе Сідара я многа, ды і вельмі многа, не дацягнуў: не быў я роўны Зоні.
А тут якраз здарыўся Васіль — кавалер з Ельніцкіх хутароў. Гэты «ат сабе хлопец», як яго ахарактарызаваў Сідар, пераступіў парог сіўтуковае хаты. Я ўжо ніяк не мог разабрацца, што робіць бацька для свае дачкі. Васіль меў трыццаць сем год, а Зоня нават на год была маладзейшая за мяне. Калі я прыгледзеўся да яго носа, то праўду кажуць: каб зачапіўся за парог ды на яго не абапёрся, то ўпаў-бы. Да кавалера не прыставаў дарагі касцюм, на галаве парадзелі валасы. І каб да Зоні сватаўся хто іншы, а не ён, то я, пэўна, сышоў-бы з вачэй Сіўтука. Мне не абыходзіла яго плата за маю парабчанскую службу, мне абыходзіла Зоня. Я любіў яе.
У той дзень была вечарынка. Вярнуліся якраз дзяўчаты з фэсту, а хлопцы прывялі музыку — кульгавага Пятра з суседняй вёскі. Мы ўсе склаліся па дваццаць грошай і заплацілі яму два злоты, за што ён наймаўся граць усю ноч. Танцавалі на выгане, дзе сыйшлася ўся вясковая моладзь і дзе Пятро на пачатак рэзнуў пару танцаў. Але прытрухаў стары Сіўтук, выглядзеў мяне і, падыйшоўшы крадком, штурхануў, каб ніхто не заўважыў, локцем пад бок.
— Чаго яны таўкуцца на гэтай дзяцеліне? У мяне-ж падлога, намякні ім. Я пушчу ў хату, чуеш, намякні.
В книге собраны эссе Варлама Шаламова о поэзии, литературе и жизни
Александр Крышталь , Андрей Анатольевич Куликов , Генри Валентайн Миллер , Михаил Задорнов , Эдвард Морган Форстер
Фантастика / Классическая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Биографии и Мемуары / Проза