Вялікі чорны грак з астатніх сіл біў па вадзе здаровым крылом. Каля лодкі ён заціх і даўся мне ў рукі, а на беразе саскочыў з лодкі на вільготны мылец і пацягнуў у вербалоз ланцужок выразных слядочкаў. На развітанне грак, зусім як чалавек, азірнуўся.
— Мне адна бабуля казала: «Уратаваў птушку — душу чалавечую ўратаваў»,— задуменна прамовіў Васіль.
Не ведаю чаму, але менавіта ў тую хвілю я неяк лёгка і проста вырашыла ўсё яму расказаць, і гэтая зманлівая лёгкасць жыла ў сэрцы да самага вечара.
Магу прысягнуць, што ў думках у мяне не было нічога, апроч жадання, каб ён уведаў маё жыццё. Але, відаць, добра, што я зрабіла гэта тады, бо праз некалькі дзён ён атрымаў вялікую, на дванаццаці ці трынаццаці старонках, ананімку, напісаную круглявым дзіцячым почыркам. Васіль даў мне прачытаць яе, ён не хацеў паміж намі ніякай недамоўкі. Часам я думаю: ці змянілася б што-небудзь, каб ананімка прыйшла раней таго пакутнага і шчаслівага вечара? Не, не змянілася б, але я вельмі радая (якое недарэчнае тут слова), што ён даведаўся пра ўсё ад мяне.
Аднак гэта было потым, а тады, пасля маёй споведзі, Васіль моўчкі курыў каля акна. Мы не запальвалі ў пакоі святла, і я, падкурчыўшы ногі, сядзела ў куточку тахты. На святлявым прастакутніку акна вымалёўваўся Васілёў профіль, зусім непрыгожы, з носам-бульбінаю і вялікімі, амаль негрыцянскімі вуснамі. Я глядзела на яго, і раптам, як пошуг бліскавіцы, прыйшло разуменне, якім блізкім, асабліва цяпер, пасля маіх нялёгкіх слоў, стаў мне гэты немалады цыбаты чалавек з цыгарэтаю ў даўгіх чуйных пальцах. I памятаю, як у наступнае імгненне я адчула не шчасце, а пякучы сорам. Маё азарэнне здалося грахоўным і нізкім, бо калісьці, незадоўга да другога, страшнага вечара, у маім жыцці ўжо была такая самая сляпучая ўспышка, аднак тады каля спічастага акна ў старажытным саборы стаяў мужчына з іншым, юначым і бясконца родным абліччам...
Але Васіль, нібы зазірнуўшы ў маю душу, падышоў і, нахіліўшыся, асцярожліва пацалаваў мяне ў скронь. I я зразумела, што кахаю іх абодвух і маю на гэта права... Бо такі ўжо мой горкі і шчаслівы лёс.
Ой, калядачкі!..
З песні
Васіль Максімавіч
Здараюцца дні, калі душа спіць, быццам кацяня на печы, а самай істотнаю падумкай, што з'яўляецца ў пустой, як перакулены збан, галаве, бывае нешта накшталт: «А ці не выпіць кухлік піва?»
Я даўно навучыўся радавацца такім цягліва-маркотным дням, бо яны заўсёды вешчавалі надыход іншых — калі думкі раяцца, нібы пчолы, і з іх жывога ўсцешлівага рою можна вывудзіць цэлыя раздзелы новай кнігі.
У такі вось нішчымны дзень, а дакладней вечар, я выправіўся на свой нязменны шпацыр і паволі ішоў вуліцаю скрозь празрысты вэлюм негустога задумлівага снегападу. I знячэўку... Адразу я не даў веры вачам. Насустрач у водсветах вялізнай рэкламы Дзяржстраху сунулася працэсія, якую немаведама калі бачылі і ў мядзведжых кутках.
Наперадзе ў вывернутым свойскім кажусе скакала «каза» у вясёла-сцішнаватай масцы з рожкамі і барадой-вяхоткай. За «казой» вялі на ланцугу «мядзведзя» ў праўдзівай звярынай шкуры і з жыццярадасным расчырванелым ад марозу тварам дваццацігадовага дзецюка. Затым рухаўся ніштаваты збой хлопцаў і дзяўчат; у трох ці чатырох у руках былі палатняныя торбы, а па-над галовамі плыла сярод рэдкіх буйных сняжынак залацістая шматрогая зорка.
«Калядоўшчыкі!» — салодка здрыганулася сэрца. Хоць і вырашыў, што папросту некаму з кіношнікаў заманулася зняць этнаграфічны фільм, душу ўсё адно паланіла шчымліва-светлае пачуццё. Я вяртаўся ў сваю вёску, у маленства, у калядны вечар з гэткай самаю саламянай зоркай і задаўненымі песнямі пад мігатлівым зорным сяйвом начнога неба. Калі, у якім стагоддзі гэта было? Няўжо застанецца толькі ў кнігах і фільмах?..
Разам з іншымі разявакамі я тупаў за калядоўшчыкамі і з нейкай ніякаватасцю думаў, што ўсё гэта — прыгады дзяцінства і кіно з пераапранутымі гарадскімі бэйбусамі — можа легчы ў добрае апавяданне. Аднак тут у кадры пачалі дзеяцца рэчы, наўрад ці прадугледжаныя рэжысёрам.
Каля працэсіі рэзка загамаваў аўтобус з дружыннікамі. «Каза» яшчэ дурасліва падскоквала і лезла да гледачоў басціся, але шэсце спынілася. Вакол стаў хутка гусцець натоўп.
— Гэта што за бал-карнавал? — сурова спытаў ва ўсіх адразу дзябёлы мужчына ў паўкажушку.
— Калядуем,— спакойна азваўся высокі хлопец, што трымаў жэрдку з саламянай зоркай.
— Як гэта панімаць?
— Ёсць такое народнае свята... — узяўся тлумачыць хлопец.
— Хто такія? — перабіў дзябёлы.— Студэнты?
— Ну, дапусцім, студэнты,— памяркоўна адказаў «мядзведзь».
— Граждане студэнты! Просім вас разайцісь!
Сябрына пакрысе меншала, але прыціхлая «каза», «мядзведзь» і яшчэ чалавек сем згуртаваліся вакол хлопца з зоркай.
— Хіба мы парушаем грамадскі парадак? — не здаваўся ён.
— Вот іменна. Што ў вас там за такі знак на палцы?
— Зорка калядная.
— Папрашу са мной шуткі не шуціць. Цярплівасць у мужчыны скончылася, і ён закамандаваў:
— Вот вы, з «зоркай», давайце ў аўтобус, астатнія свабодны.
— Не, мы таксама паедзем,— зацята сказаў «мядзведзь».
— Хто тут такі адважны? Месца хопіць! — не разгубіўся дзябёлы.